У сузор’і талентаў

- 12:04Адукацыйная прастора

Традыцыйна ў маі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіць Міжнародны фестываль педагогаў і навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Сузор’е талентаў”, які арганізоўвае аддзел творчых методык навучання моладзі АПА. Сёлета прайшоў восьмы фестываль, які яшчэ раз пацвердзіў, што інтэлектуальна адораныя дзеці любяць спаборніцтвы, творчасць і гульню ў камандзе. А настаўнікі, якія працуюць з такімі вучнямі, вельмі крэатыўныя асобы.

Каманда-пераможца з гімназіі № 37 Мінска. Юныя геніі.

У фестывалі бяруць удзел зборныя ­каманды, якія могуць прадстаўляць асобную ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, раён, горад ці вобласць. Каманда фарміруецца з ліку фіналістаў і пераможцаў завочнага этапу дыстанцыйнай алімпіяды “Сузор’е талентаў”. У фестывалі могуць прыняць удзел каманды з блізкага і далёкага замежжа, якія фарміруюцца з навучэнцаў 7—11 класаў, пераможцаў рэгіянальных алімпіяд па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, геаграфіі.

Завочны этап дыстанцыйнай алімпіяды праходзіць на працягу ўсяго навучальнага года па такіх вучэбных прадметах, як біялогія, геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, замежныя мовы (англійская, нямецкая). Прадстаўленыя прадметы былі выбраны невыпадкова. Менавіта яны з’яўляюцца алімпіяднымі на міжнародным узроўні. І, дарэчы, экспертамі фестывалю з’яўляюцца кіраўнікі беларускіх каманд школьнікаў на міжнародных алімпіядах.

Каманда з Латвіі.

 Заяўку на ўдзел у дыстанцыйнай алімпіядзе можа падаць абсалютна любы вучань з 7 па 11 клас. Алімпіяда праводзіцца ў два этапы: завочны і вочны. Пры правядзенні завочнага этапу прадугледжаны трэніровачныя заданні. Для ўдзелу ў завочным этапе алімпіяды ў арганізацыйны камітэт падаецца заяўка ад імя ўдзельніка. Пасля аплаты арганізацыйнага ўзносу ўдзельніку алімпіяды неабходна зарэгістравацца праз запаўненне вэб-анкеты.

Педагогі-кіраўнікі каманд.

Дапушчаныя да завочнага этапу школьнікі атрымліваюць па электроннай пошце апавяшчэнне, якое змяшчае электронны адрас, пароль, лагін і доступ да трэніровачных заданняў і выкарыстання 2 спроб пры выкананні алімпіядных заданняў завочнага этапу (залічваецца лепшы вынік).

Пераможцы Бараўлянскай гімназіі.

“Калі вучань набраў 50 балаў са 100 магчымых, то становіцца фіналістам і атрымлівае права прыехаць на фестываль у АПА, але ў складзе каманды. А вось калі яго вынік 90 і больш балаў, то ён мае права на ўдзел у фестывалі асобна (дапускаецца да ўдзелу ў вочным туры). Гэты тур паказвае ступень асабістай дасведчаснасці ­ўдзельніка і праводзіцца на трэці дзень фестывалю.

Прадстаўнікі Расіі.

У гэтым навучальным годзе дыстанцыйнымі ўдзельнікамі алімпіяды сталі больш за 200 навучэнцаў. Непасрэдна на фестываль прыехалі 8 каманд (па 6 вучняў і 2 настаўнікі ў кожнай) і 35 чалавек для ўдзелу ў індывідуальным туры. 6 каманд прадстаўлялі Беларусь, 2 каманды былі з іншых краін: адна — з Латвіі, другая — з Расіі. Калі гаварыць пра камандны залік, то кож­ная каманда маг­ла атрымаць 100 балаў, якія налічваюцца па выніках удзелу ў трох фестывальных турах (у суадносінах 30 — 30 — 40). Пры ­падліку агульных ­балаў каманды складваюцца балы кожнага яе ­ўдзельніка”, — расказала начальнік аддзела творчых методык навучання мола­дзі АПА Святлана Дзмітрыеўна Шакура.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 57, 25 мая 2019 года.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.