У свеце дапоўненай рэальнасці

- 12:02Адукацыйная прастора

Дырэктар сярэдняй школы № 22 Барысава настаўнік інфарматыкі Пётр Уладзіміравіч Кушняроў прымае ўдзел у стварэнні падручнікаў новага ўзору. Педагог-наватар вучыцца ў аспірантуры НІА і працуе над кандыдацкай дысертацыяй па тэме “Выкарыстанне дапоўненай рэальнасці ў адукацыі”. Ён выступіў ініцыятарам эксперыментальнага праекта “Стварэнне ЭАР на аснове дапоўненай рэальнасці” з далейшай апрабацыяй у вучэбным працэсе. Праект зацверджаны Міністэрствам адукацыі, ён разлічаны на два гады. Пётр Уладзіміравіч наглядна паказаў, якую карысць названая тэхналогія можа прынесці для навучання дзяцей, у тым ліку тых, хто мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. За работу ў кірунку дапоўненай рэальнасці Пётр Уладзіміравіч Кушняроў неаднойчы адзначаўся дыпломамі на прафесійных конкурсах.

Так, Пётр Уладзіміравіч атрымаў дыплом ІІ ступені на ХІІ Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” за праект “Элементы дапоўненай рэальнасці на ўроках біялогіі, інфарматыкі, мастацтва”, дыплом І ступені на XVII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення” за распрацоўку матэрыялаў “Фарміраванне прафесійных кампетэнцый навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-вучэбнай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці”, дыплом І ступені на Рэспубліканскім конкурсе метадычных распрацовак “Дапаможам ідэям працаваць” за праект па ўкараненні тэхналогіі дапоўненай рэальнасці і дыплом на конкурсе “Інтэрактыўны калейдаскоп”. Настаўнік — актыўны ўдзельнік педагагічных семінараў і канферэнцый, у тым ліку міжнародных, дзе дзеліцца з калегамі ўласным вопытам, дае майстар-класы, наладжвае супрацоўніцтва.

Літаральна два месяцы назад Пётр Уладзіміравіч Кушняроў узначаліў сярэднюю школу № 22 у сваім родным Барысаве. Днямі яму споўнілася 33 гады. “Сям’я ў мяне педагагічная, — гаворыць мой суразмоўца. — Мой дзядуля быў дырэктарам сельскай школы ў Барысаўскім раёне. Мама больш за 25 гадоў працавала настаўнікам-дэфектолагам у школе, якую я зараз узначаліў. Тата быў дырэктарам сярэдняй політэхнічнай школы № 19 Барысава — адзінай у краіне, дзе вялася падрыхтоўка будучых спецыялістаў у класах МНС і правазнаўства і дзе вучні асвойвалі спецыяльнасці сталяра і цесляра, радыёмайстра, ратавальніка-вадалаза і г.д. Я пераняў педагагічную спадчыну таты. Пасля закрыцця політэхнічнай школы класы МНС і правазнаўцаў размясціліся ў 22-й школе. Нашы навучэнцы праходзяць практыку на пажарных станцыях, у міліцыі і пракуратуры. У школе дзейнічаюць педагагічныя класы. У маіх планах наладзіць прафесійную падрыхтоўку вучняў і па іншых кірунках”.

Зараз у пытаннях навучання і выхавання дзяцей, у тым ліку іх прафарыентацыі, Пятру Уладзіміравічу дапамагае тэхналогія дапоўненай рэальнасці. Ён звярнуўся да гэтай тэхналогіі, калі шукаў новыя формы работы з дзецьмі, якія не патрабуюць выкарыстання грувасткіх і дарагіх прыстасаванняў — інтэрактыўнай дошкі, мультымедыйнага праектара або сэнсарнай панэлі.

“Для таго, каб працаваць з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, дастаткова мець толькі смартфон або планшэт. Сёння гэтыя мабільныя прыстасаванні ёсць практычна ў кожнага навучэнца, — гаворыць Пётр Уладзіміравіч. — Але выкарыстоўваюць іх сучасныя дзеці не заўсёды з карысцю. Многія гадзінамі сядзяць у сацыяльных сетках, гуляюць у сумніўныя гульні. Настаўніку ўсё складаней прыцягваць увагу вучняў да навучання. Чым педагог можна здзівіць дзяцей? Упэўніць іх, што ён сучасны, тэхнічна падкаваны чалавек, які добра разбіраецца ў інфармацыйных тэхналогіях, умела выкарыстоўвае іх і перадае свае веды вучням”.

Першай распрацоўкай Пятра Уладзіміравіча ў тэхналогіі дапоўненай рэальнасці стала стварэнне стэнда па прафарыентацыі “Погляд у будучыню” і выпуск адпаведных агітацыйных буклетаў. Для таго каб карыстальнік змог убачыць дапоўненую рэальнасць, схаваную за фотаздымкамі навучальных устаноў, яму неабходна ўстанавіць на мабільнае прыстасаванне сканер QR-кодаў і дадатак Aurasma, запусціць яго, навесці камеру на фотаздымак. Праграма сканіруе выяву, якая закладзена ў дадатку, распазнае яе і зверху дабаўляе на яе іншую выяву або дапаўняе рэальнасць. У гэты момант карцінка ажывае, і навучэнцы бачаць відэаматэрыялы пра абраную навучальную ўстанову. (Для таго каб стварыць адпаведны відэакантэнт, педагог выкарыстоўваў ролікі з сайтаў устаноў, а таксама кампанаваў запісы, узятыя з інтэрнэту.) Побач з фотаздымкамі Пётр Уладзіміравіч размясціў QR-коды са спасылкамі на сайты навучальных устаноў да раздзелаў “Абітурыенту”. Калі мы запусцім сістэму сканіравання, навядзём на выяву кода, то атрымаем неабходную дадатковую інфармацыю.

З таго моманту, як у школе з’явіўся стэнд з дапоўненай рэальнасцю, каля яго ўвесь час тоўпяцца дзеці, яны з інтарэсам праглядаюць ролікі, разважаюць аб сваім прафесійным выбары.

Пётр Кушняроў стварае таксама аўтарскія электронныя адукацыйныя рэсурсы (вучэбныя мабільныя дадаткі) на аснове тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, якія прапаноўвае прымяняць настаўнікам і вучням не толькі на ўроках, але і на факультатывах, у пазакласнай дзейнасці, у прафарыентацыйнай рабоце, для самастойных заняткаў дома. Найбольш аптымальнай платформай для распрацоўкі такіх ЭАР стаў канструктар Unity 3D.

Першы яго мабільны дадатак — “Закадзіраваныя карціны. Стань мастацтвазнаўцам”, на распрацоўку якога ў педагога пайшло каля двух месяцаў. Гэты ЭАР дазваляе навучэнцам пазнаёміцца з шэдэўрамі самых вядомых мастакоў і музыкантаў, даведацца пра гісторыю стварэння твораў мастацтва, біяграфію аўтараў, пазнаёміцца з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь. Выявы мастацкіх твораў зашыфраваны ў спецыяльных QR-кодах, якія схаваны ў самой карціне. Дэталёвае ж вывучэнне карцін становіцца магчымым пры выкарыстанні адпаведнага мабільнага дадатку. Для лепшага пранікнення ў гістарычную эпоху, у тыя часы, калі кожны з твораў мастацтва ствараўся, вучань можа праслухаць адпаведную музычную кампазіцыю. Рэсурс дазваляе навучэнцам даведацца аб прафесіях, звязаных з мастацтвам, і атрымаць інфармацыю пра тое, у якой установе адукацыі яны змогуць набыць адпаведную прафесію.

“Калі настаўнік заклікае дзяцей прагледзець класічны альбом з карцінамі, то ён, вядома, зацікавіць не ўсіх, — гаворыць Пётр Уладзіміравіч. — А ў альбоме з зашыфраванымі карцінамі прысутнічае загадка, і ў кожнага вучня ўзнікае інтарэс да пошуку таго, што ў ім схавана. Даводзілася назіраць, як дзеці, якія звычайна не праяўляюць цікавасці да вучобы, засяроджана вывучаюць тую ці іншую тэму з дапамогай мабільнага дадатку. Іх цікавіць незвычайны эфект — з’яўленне пэўнай выявы, што можа матываваць да вывучэння матэрыялу. Тэхналогію дапоўненай рэальнасці я апрабоўваў і ў інтэграваным класе, дзе займаюцца дзеці з АПФР. Іх было не адцягнуць ад смартфонаў і планшэтаў. На кожным уроку засваенню інфармацыі на аснове дапоўненай рэальнасці можна ўдзяляць 5—10 хвілін. Упэўнены, калі гэтая тэхналогія будзе выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы вучэбных выданняў, школьных падручнікаў, вучні праявяць значна большы інтарэс менавіта да друкаванай кнігі. Да таго ж мы аблегчым вагу падручнікаў, бо дадатак на аснове дапоўненай рэальнасці, па сутнасці, бязмежны ў сваім аб’ёме”.

Наступны ЭАР, які распрацаваў Пётр Уладзіміравіч, — “Анатомія”. “Біялогія — наглядны прадмет, і сёння не кожная ўстанова можа пахваліцца добрай матэрыяльнай базай па ім, — адзначыў педагог. — Электронны дадатак па анатоміі раскрые перад навучэнцамі таямніцы будовы чалавечага цела, дазволіць убачыць яго ўнутраны свет. Вучні праз сваё мабільнае прыстасаванне могуць убачыць падрабязныя 3D-мадэлі чалавечых органаў. Націснуўшы на іх выяву, яны даведаюцца адпаведны тэарэтычны матэрыял. Магу прапанаваць вам прымацаваць наперадзе на адзенне QR-код, за якім “хаваюцца” ўнутраныя органы чалавека. Выкарыстоўваць гэты рэсурс можна на ўроках анатоміі ў 9 класе, на факультатыўных занятках па біялогіі, для атрымання карысных ведаў аб сваім арганізме, а таксама з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця. У дадатку даецца інфармацыя аб прафесіі медыцынскага работніка і спасылка на сайт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта”.

Пётр Уладзіміравіч стварыў ужо 10 мабільных ЭАР з дапоўненай рэальнасцю па інфарматыцы, біялогіі, мастацтве, геаграфіі, матэматыцы, гісторыі, астраноміі, якія пастаянна дапаўняюцца новым матэрыялам. Прапанаваў і метадычныя распрацоўкі да гэтых дадаткаў. Іх можна спампаваць з уласнага сайта педагога www.2796277.wixsite.com/petr.

Зараз педагог працуе над мабільным дадаткам з дапоўненай рэальнасцю “Мой Барысаў”. Наводзячы мабільнае прыстасаванне на будынкі культурна-гістарычных помнікаў свайго роднага горада, чалавек зможа атрымаць падрабязную інфармацыю аб кожным з іх. Гэты рэсурс Пётр Уладзіміравіч з поспехам прадставіў на Міжнароднай выставе “Турбізнес-2017”. Паралельна ён стварае электронны дадатак для Барысаўскага раённага таварыства ратавання на водах, каб людзі падчас адпачынку на пляжах маглі з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці азнаёміцца з правіламі паводзін на вадзе, спосабамі аказання першай дапамогі пры ўтапленні і г.д.

Эксперыментальны праект “Стварэнне ЭАР на аснове дапоўненай рэальнасці” ажыццяўляецца пад навуковым кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ліцэя БДУ Ігара Мікалаевіча Вараксы і сёння рэалізуецца ў Ліцэі БДУ, а таксама ў сярэдніх школах №№ 3 і 22 Барысава. Ва ўстановах з’явіліся творчыя групы педагогаў, якія працуюць з дапоўненай рэальнасцю.

“У Барысаве ў такую творчую групу ўваходзяць 10 настаўнікаў, — гаворыць Пётр Уладзіміравіч. — Перад кожным з іх ставіцца свая задача. Напрыклад, настаўнік гісторыі нашай школы Мікалай Вітальевіч Ліпа стварае кантэнт для дапоўненай рэальнасці для 10 параграфаў падручніка па гісторыі, а таксама метадычную распрацоўку да кожнага ўрока, план-канспект урока з тлумачэннем. Напрацаваны матэрыял будзе апрабаваны падчас заняткаў з дзецьмі. Свае даследаванні і высновы мы будзем супастаўляць з меркаваннямі калег з Мінска. Толькі вучэбным працэсам мы не абмяжуемся. Да новага года сярэдняя школа № 22 Барысава будзе ўпрыгожана шматлікімі QR-кодамі. Яны з’явяцца каля кожнага вучэбнага кабінета. Такім чынам школьнікі змогуць пазнаёміцца на працягу 3—4 хвілін з відэаінфармацыяй пра настаўніка, які працуе ў тым ці іншым кабінеце, аб прадмеце, які ён выкладае. У стадыі распрацоўкі і інтэрактыўная экскурсія па школе на аснове дапоўненай рэальнасці. Адпаведнай работай зараз займаюцца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціна Мікалаеўна Славіна і настаўніца інфарматыкі Таццяна Пятроўна Шутко”.

У ліку актуальных задач эксперыментальнага праекта наступныя: вызначыць аптымальную платформу для стварэння ЭАР на аснове дапоўненай рэальнасці; сканструяваць з дапамогай віртуальнага канструктара ЭАР на гэтай жа аснове; выявіць уплыў новых форм работы на эфектыўнасць і выніковасць навучання, на асобаснае і сацыяльнае развіццё дзяцей, на фарміраванне новых кампетэнцый; павысіць цікавасць сучаснага навучэнца да вучэбных дапаможнікаў з дапамогай віртуальнай і дапоўненай рэальнасці; выявіць рэакцыю і стаўленне вучняў да новых форм работы ў рамках традыцыйных заняткаў; атрымаць прафесійную ацэнку новай тэхналогіі ад педагогаў-практыкаў; даведацца пра меркаванне бацькоў да ўвядзення ў педагагічную практыку новых метадаў і форм выкарыстання сучасных камп’ютарных тэхналогій; сфармуляваць агульныя высновы аб эфектыўнасці і актуальнасці ўкаранення ў адукацыйны працэс ЭАР на аснове дапоўненай рэальнасці.

У планах Пятра Кушнярова — адкрыць на базе сваёй установы інфармацыйную лабараторыю і аснасціць яе па апошнім слове тэхнікі (камп’ютарамі, мабільнымі прыстасаваннямі, а таксама 3D-сканерам, 3D-прынтарам, 3D-ручкамі і г.д.). Педагог будзе знаёміць настаўнікаў і вучняў з тэхналогіямі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці, раскажа, як іх можна прымяняць у вучэбным працэсе. У яго планах даць майстар-класы, каб навучыць усіх зацікаўленых самастойна ствараць дапоўненую рэальнасць і распрацоўваць мабільныя дадаткі.

“Вельмі хацелася б, каб названая тэхналогія набыла шырокае прымяненне ў школах нашай краіны, — падкрэслівае педагог. — Для гэтага павінны ўзнікаць групы распрацоўшчыкаў адпаведных прадуктаў з удзелам навукоўцаў, настаўнікаў-прадметнікаў, вучняў. Сёння не хапае менавіта змястоўнага напаўнення дадаткаў на аснове тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Тэхнічны бок працэсу не такі складаны. У мабільны дадатак мы можам закласці ўсё, што нам захочацца, можам паказаць тыя з’явы, якія ўжывую ніколі сваім вучням не пакажам (хімічныя рэакцыі, біялагічныя працэсы), можам ажывіць любы персанаж.

Сёння мы адкрыты да супрацоўніцтва і абмену вопытам. Днямі мне давялося выступаць у НІА на вучэбным семінары “Стварэнне вучэбных дапаможнікаў новага пакалення для ўстаноў спецыяльнай адукацыі”, дзе інтарэс да новай тэхналогіі выказалі супрацоўнікі Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Жаданне развіваць мабільныя дадаткі па біялогіі выявілі спецыялісты з медыцынскіх навучальных устаноў. У найбліжэйшы час планую сустрэцца з прадстаўнікамі медыцынскага каледжа Барысава па пытаннях стварэння і ўдасканалення 3D-мадэлей чалавечых органаў. Вяду перапіску з калегамі з універсітэтаў Польшчы і Літвы, а таксама з ТАА Qazproftec (Казахстан), з якім мяркуецца заключэнне дагавора аб супрацоўніцтве з мэтай стварэння мабільных дадаткаў па прафарыентацыі і розных вучэбных дысцыплінах”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.