У свеце казкі

- 12:10Дашкольная адукацыя

На Піншчыне падвялі вынікі раённай выставы-конкурсу дзіцячай творчасці “У свеце дзяцінства” сярод устаноў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Сёлета мера­прыемства праходзіла ў новым фармаце — выставы, прысвечанай вядомай казцы “Церамок”, — расказала дырэктар Пінскага раённага ЦКРНіР І.У.Амяляшчык. — У намінацыі “Творчая работа” дзеці з дапамогай педагогаў і бацькоў рыхтавалі карціны, аплікацыі, вырабы, пальчыкавы тэатр, прычым у розных тэхніках і з выкарыстаннем розных матэрыялаў. Так, выхаванцы Чухаўскага ясляў-сада вырабілі карціну ў тэхніцы валення з воўны, а педагогі Бярозавіцкага ясляў-сада і сада-школы пасёлка Садовы прэзентавалі сваю работу ў выглядзе дыдактычнага дапаможніка, які можна прымяняць у карэкцыйна-развіццёвай дзейнасці. У гэтай намінацыі лепшымі аказаліся прадстаўнікі Парахонскага, Чухаўскага, Малоткавіцкага і Бярозавіцкага ясляў-садоў. 

Намінацыя “Тэатралізаваная па­станоўка” прадугледжвала відэапастаноўку казкі. Дзеці пераўвасабляліся ў казачных персанажаў, рыхтавалі дэкарацыі і, як сапраўдныя артысты, рызыгрывалі казачны сюжэт. Абавязковая ўмова — інклюзіўны характар пастаноўкі. Разам з асаблівымі дзецьмі ўдзельнічалі і іх здаровыя равеснікі.

Хтосьці рыхтаваў казку ў традыцыйнай рэдакцыі, а хтосьці перайначваў. Так, выхаванцы ясляў-сада № 3 перасялілі герояў на трапічны востраў, выхаванцы ясляў-сада № 4 зрабілі інклюзіўную казку пра дабрыню і ўзаемадапамогу, выхаванцы Плешчыцкага ясляў-сада расказалі гісторыю пра важнасць працы і дружбы, а выхаванцы Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната пагрузілі гледачоў у таямнічы свет ценевага тэатра.

У намінацыі “Тэатралізаваная пастаноўка” перамаглі прадстаўнікі ясляў-садоў №№ 3 і 4, Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната, Гара­дзішчанскага і Пагост-Загародскага ясляў-садоў.

 Па словах І.У.Амяляшчык, выстава-конкурс дапамагае развіваць творчы патэнцыял асаблівых дзяцей, развіваць інклюзіўную адукацыю.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.