У Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка адбыўся завочны этап Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Я ў свеце творчасці” і былі падведзены яе вынікі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Аляксандравіч Важнік.
Канферэнцыя праводзілася з мэтай развіцця ў школьнікаў цікавасці да праектна-даследчай і творчай дзейнасці ў намінацыях “Музычнае мастацтва”, “Выяўленчае мастацтва”, “Харэаграфічнае мастацтва” і “Тэатральнае мастацтва”. Сярод яе задач — развіццё ў школьнікаў цікавасці да ўнікальнай спадчыны і традыцый розных рэгіёнаў Беларусі, падтрымка творчых ініцыятыў навучэнцаў, садзейнічанне развіццю інфармацыйнай культуры падлеткаў. Удзельнікі размеркаваліся па дзвюх узроставых групах: навучэнцы 5—8 і 9—11 класаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальны інстытут адукацыі, Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і выдавецтва “Аверсэв”.
У дыстанцыйным этапе канферэнцыі, які завяршыўся 20 кастрычніка, прынялі ўдзел 200 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з розных рэгіёнаў нашай краіны.
У фінале пераможцы дыстанцыйнага тура павінны абараніць свой мультымедыяпраект. Абарона магла суправаджацца ігрой на музычным інструменце, вакалам, паказам тэатральнага ўрыўка, пластычнай кампазіцыі, дэманстрацыяй уласных твораў жывапісу, графікі, скульптуры альбо дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ацэньвала работы навучэнцаў кампетэнтнае і прадстаўнічае журы, якое складалася як з вучоных, так і з педагогаў-практыкаў. Напрыклад, старшынёй журы ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” быў дацэнт кафедры дызайну моды Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Ю.А.Піскун, а журы ў намінацыі “Тэатральнае мастацтва” ўзначаліў рэжысёр, акцёр, артыст драмы, вядучы майстар сцэны Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача А.В.Чэчанеў.
Журы канферэнцыі адзначыла высокую якасць прадстаўленых навучэнцамі работ, іх цікавасць і глыбіню.Так, навучэнец сярэдняй школы № 23 Оршы Вадзім Тарасаў (кіраўнік — настаўніца музыкі Т.А.Мысліцкая) прадставіў мультымедыйную прэзентацыю “З гісторыі развіцця баяна”. У сваёй рабоце Вадзім расказаў пра гісторыю ўзнікнення і развіцця баяна, пра цікавыя факты гэтага народнага інструмента. Падчас прадстаўлення работы хлопец расказаў, чаму баян для многіх любімы інструмент і ці правільнае сцвярджэнне, што “баян — гэта інструмент душы”. Адказам на пастаўленыя пытанні стала разважанне пра тое, што баян — гэта маленькі аркестр. Ён мае рэдкую здольнасць імітаваць розныя тэмбры. Дзякуючы сваёй партатыўнасці, баян стаў адным з любімых і распаўсюджаных у быце інструментаў.
Краязнаўцы Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці паўдзельнічалі ў дыстанцыйным туры мерапрыемства па тэмах “Архітэктурны помнік маёй вёскі”, “Мастакі маёй вёскі”, “Гісторыя адной карціны”. Дзесяцікласніца гэтай установы Таццяна Катовіч прайшла ў вочны этап спаборніцтваў. На суд журы дзяўчына прадставіла гісторыю карціны “Сакавік на Піншчыне” славутага сына махроўскай зямлі таленавітага мастака, чыя творчасць вядома далёка за межамі рэгіёна, Анатоля Рубановіча. Вынік работы Таццяны — дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва”. Кіраўнікамі творчага праекта выступілі настаўнікі В.А.Раманюк і М.В.Паўлюкавец.
Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі:
у намінацыі “Музычнае мастацтва”:
Дзмітрый Панасюк, навучэнец 6 класа сярэдняй школы № 18 Брэста;
Дар’я Стасюк, навучэнка 6 класа Хаціслаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна;
Вікторыя Рыбянкова, навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 2 Слоніма;
у намінацыі “Выяўленчае мастацтва”:
Арсеній Караленка, навучэнец 7 класа гімназіі № 1 Жодзіна;
Софія Кірпічонак, навучэнка 8 класа Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы;
Аляксандра Кравец, навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 14 Пінска;
у намінацыі “Тэатральнае мастацтва”:
Кацярына Бандароўская, навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 32 Брэста;
Антаніна Камельчык, навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна.
Сардэчна віншуем пераможцаў!
Пераможцы канферэнцыі былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Яны атрымалі планшэты Samsung Galaxy Tab 9.6, а таксама наборы вучэбнай літаратуры выдавецтва “Аверсэв”.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.