Аксану Аляксандраўну Вайкшнарыс у Дзяржынскiм раёне ведаюць i педагогi, i мастакi, i краязнаўцы, бо кола яе iнтарэсаў шырокае, i ў любой справе, за якую бярэцца, яна iмкнецца дасягнуць поспеху. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Жыццё i сэрца Аксаны Аляксандраўны належаць Дзяржынску. Гэта той выпадак, калi чалавек з ранняга дзяцiнства праслаўляе сваю малую радзiму. Упершыню пра Аксану загаварылi ў маленстве, тады пра яе былi зняты два дакументальныя фiльмы.
— Я стварала карцiны на вялiзным фармаце А1. Калi мне было 7 гадоў, такiх работ у мяне назбiралася каля 200, а да 9 — iх стала 400. У мясцовым краязнаўчым музеi мне прапанавалi зрабiць выставу. Пра гэта неяк даведалася тэлебачанне, прыехала здымачная група, былi створаны два фiльмы. Адзiн з iх потым прадалi ў Македонiю. Ён называўся “Маўчуння”, таму што за ўвесь фiльм я не вымавіла нi слова, так саромелася. Мне не спадабалася вядомасць, я была маленькай, i закадравы працэс выклiкаў толькi раздражненне i адчуванне няёмкасцi. Аднак гэты фiльм стаў мне добрым дапаможнiкам у дарослым узросце. Сярод маiх навучэнцаў шмат сарамлiвых, закамплексаваных, сцiплых дзяцей, якiя не вераць у свае сiлы. Я паказваю iм гэты фiльм, каб яны разумелi, што перад iмi адкрыты ўсе шляхi, няма нiчога немагчымага, галоўнае — жаданне, натхненне i мэта, — расказвае Аксана Аляксандраўна.
Яна ўвогуле любiць паўтараць вучням, што любую справу трэба рабiць з настроем i натхненнем:
— Нават калi вы станеце падмятаць вулiцы, але будзеце рабiць гэта па-свойму, пад музыку, з добрым настроем, гэта будзе вылучаць вашу працу i рабiць яе лепшай.
Сляды на пяску
Яна малюе ўсё жыццё: гуашшу, акварэллю, вугалем. А некалькi гадоў назад асвоiла тэхнiку пясочнай анiмацыi i цяпер вучыць гэтаму дашкалят у Цэнтры творчасцi дзяцей i моладзi Дзяржынскага раёна. Час ад часу праводзiць майстар-класы i для дарослых.
— Яны нават у большым захапленнi, чым дзецi. Аднак работа з дарослымi носiць хутчэй псiхатэрапеўтычны характар. Пасля заняткаў яны могуць адказаць самi сабе на пытанне, якое доўгi час iх непакоiла. Напрыклад, пакiнуць работу цi не, пераехаць у другi горад цi застацца… Адказ прыходзiць сам сабой, пясок дапамагае выцягнуць яго з падсвядомасцi, псiхалагiчна разгрузiцца, супакоiцца. Аднак, шчыра кажучы, я не вельмi люблю разбірацца ў цёмных дарослых праблемах, мне больш па душы работа з дзецьмi. Лiчу, што маляванне пяском асаблiва падыходзіць тым, хто баiцца лiста, баiцца няўдала паставiць кропку, сапсаваць лiнiю, намаляваць няправiльна. Пясок дапамагае пераадолець гэтыя страхi i адчуць упэўненасць у сваiх сiлах. Яшчэ адна важная перавага пескаграфiкi — тое, што малюнкi ствараюцца дзвюма рукамi. Гэта цудоўна працуе на развiццё дробнай маторыкi i маўлення. Мы з дзецьмі расказваем казкi, вучым скорагаворкi, актыўна пашыраем слоўнiкавы запас, — гаворыць педагог.
Сёння пескаграфiка — запатрабаваны кiрунак, адбою ад жадаючых займацца няма. Аксана Аляксандраўна робiць акцэнт на агульным усебаковым развiццi дзяцей: заняткi дапамагаюць дзецям спазнаць свет вакол сябе, развiваюць маўленне, мысленне, а таксама з’яўляюцца падрыхтоўкай да больш сталага малюнка.
— Для малышоў пакой для заняткаў — чароўны, а сама я казачная фея, так iм i прадстаўляюся на першай сустрэчы. На нашых занятках заўсёды iграе музыка, чуюцца спевы птушак, шум хваль, шолах дрэў, вой завiрухi… Перш за ўсё, пытаюся ў дзяцей, якi ў iх сёння настрой, i прашу паказаць яго колерам. Калi дзiця выбiрае цёмныя адценнi, разумею, што яго нешта непакоiць. Як правiла, да канца заняткаў настрой паляпшаецца, — расказвае Аксана Аляксандраўна. — Калi мы сустракаемся ў другой палове дня, я даю заданнi на расслабленне, каб зняць пераўзбуджанасць. Тады дзеткi з заняткаў выходзяць спакойныя, пясок выцягвае з iх лiшнюю энергiю. Калi мы працуем ранiцай, я, наадварот, выбiраю больш актыўныя гульнi, з бадзёрай святочнай тэматыкай: дзень нараджэння, салюты, вандроўкi, касмiчныя прыгоды.
Дзiвосы з пап’е-машэ
Дзецi, якiя перараслi пескаграфiку, займаюцца ў народнай узорнай студыi “Арт-лялька”, якой кiруе Аксана Аляксандраўна. Тут яны малююць, распiсваюць тканiну, шкло, дрэва. Вучацца рабiць лялек у народным стылi. I — бадай адзiн з самых любiмых заняткаў — ствараць фiгуры з пап’е-машэ.
Як тлумачыць Аксана Аляксандраўна, пап’е-машэ — гэта асаблiвы самаробны матэрыял. Яна з навучэнцамi выкарыстоўвае для стварэння пап’е-машэ газеты, туалетную паперу, сурвэткi, латкi ад яек. Матэрыял трэба замачыць, перамалоць блэндарам, змяшаць з клеем ПВА i вадой. Цяпер яго можна выкарыстоўваць для абклейвання формы. Калi матэрыял высыхае, то становіцца цвёрдым, і яго можна расфарбоўваць i пакрываць лакам.
Такiм чынам можна ствараць мноства цiкавых сувенiраў цi карысных у гаспадарцы рэчаў: скарбонкі, шкатулкi, маскi. А калi выкарыстаць замест паперы вату, можна рабiць ёлачныя цацкi па прынцыпе, як iх стваралi ў даўнiну: абвязвалi вату нiткамi, змочанымi ў клейстары, i па кавалачку абклейвалi гэтую форму ватай.
Аксана Аляксандраўна мае некалькi грамат Мiнiстэрства адукацыi, тройчы ёй было прысвоена званне “Педагог года Дзяржынскага раёна”.
— Мы з навучэнцамi засвоiлi гэтую тэхнiку i атрымалi прапанову ад краязнаўчага музея — падарыць яму цацкi для экспазiцыi. Вядома, мы пагадзiлiся. У нас наогул добрыя адносiны з мясцовым музеем. Зараз рыхтуемся да майскай выставы — нам абяцалi прадаставiць месца для яе. Ствараем серыю маляванак — каляндар беларускiх свят. Гэта павiнен быць асветнiцкi праект, якi раскажа пра побыт нашых продкаў. Увогуле, штогод мы з вучнямi рыхтуем новы асветнiцкi праект. Напрыклад, у нас ёсць трыпцiх “Ад прадзедаў спакон вякоў” — маляванка на льне цёмна-сiняга колеру, што паказвае беларускiх майстроў за работай, ткачыху, ганчара і кавалёў. Яшчэ рабiлi праект, прысвечаны асветнiкам Беларусi. Я стараюся знаёмiць навучэнцаў з нашай культурай, народнымi традыцыямi, хоць раз, але кожнае дзiця ў студыi стварыла самастойна ляльку i зрабiла маляванку, — тлумачыць Аксана Аляксандраўна.
Яна лiчыць важным развiваць у дзецях самастойнасць: калi дае iм тэму, нiяк не абмяжоўвае ў выкананнi. Навучэнцы самi вырашаюць, з якiх матэрыялаў, у якой тэхнiцы будуць тварыць.
— Мне хочацца бачыць iх больш прыстасаванымi да гэтага свету, таму я ўхваляю iх за iнiцыятыву i творчы падыход, — тлумачыць педагог. — Заўважаю, што кожная работа, якая зроблена са стараннем, з душой, атрымлiвае больш сiмпатый. Таму кажу дзецям: калi ў вас няма настрою займацца, з мамай пасварылiся, дрэнную адзнаку атрымалi, лянота адолела, адчуваеце, што не пойдзе работа, то лепш не прыходзьце, не рабiце “на адчапiся”. Але, вядома, дзецi ўсё роўна прыходзяць: проста пагаварыць, паскардзiцца, параiцца.
Райскiя малюнкi
На заняткі да Аксаны Аляксандраўны прыходзяць самыя розныя дзецi, у тым лiку асаблiвыя. Так, аднойчы ў студыi з’явiлася Каця Рай, гэта дзяўчына цяжкага лёсу, да 21 года яна перажыла 28 аперацый на галаўным мозгу.
— Вельмі хутка дзеці сталі ўспрымаць яе як сяброўку. У Кацi вельмi цiкавыя малюнкi, у асаблiвым стылi. Аднойчы я прапанавала сабраць iх у кнiжку. Мы самi прыдумалi тэксты, а Кацiна мама пераклала iх на iспанскую мову. Атрымаўся зборнiк гiсторый пра трох дзяўчынак, якiя пастаянна дапамагаюць iншым людзям i жывёлам. А калi самi дзяўчаты аказваюцца ў складанай сiтуацыi, iм на дапамогу прыходзяць усе, каго яны выратавалi, — расказвае Аксана Аляксандраўна. — У кнiжцы вельмi добры змест: вера, надзея i любоў перамагаюць усе нягоды. Фiнальная фраза гiсторыi: “Шчаслiвы той, хто шчасце дорыць iншым”.
Для нашай гераiнi гэтыя словы, безумоўна, могуць стаць жыццёвым дэвiзам.
Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ