У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы — тэхналогіі сельгасвытворчасці

- 15:00Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладна вызначыцца са спецыялізацыяй выпуску сельгаспрадукцыі ў кожным раёне Віцебскай вобласці. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу падчас чарговай рабочай паездкі па краіне, на гэты раз у паўночны рэгіён. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“Асноўная мэта маёй паездкі не ўборка”, — адразу патлумачыў прэзідэнт, прыехаўшы ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Маяк Браслаўскі”. Ён адзначыў, што ўборачная кампанія ідзе сваім ходам, тэхнікі ў гаспадарках хапае, асаблівых пытанняў няма. “Мяне хвалюе іншае, цікавяць тэхналогіі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы павінны былі тут, на паўночным захадзе краіны, перабудаваць тэхналогіі пад новыя севазвароты”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, безумоўна, цяжка працаваць у гэтых прыродна-кліматычных умовах так, як, напрыклад, у Брэсцкай вобласці. Па яго словах, варта дакладна ўлічваць асаблівасці раёнаў і фарміраваць севазвароты такім чынам, каб атрымліваць максімальна эфектыўны вынік ад сельгасвытворчасці. “Калі выпуск малака, мяса рэнтабельны, то менавіта на гэта і трэба арыентавацца і прыстасоўваць севазварот пад гэта”, — лічыць прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй уборкі збожжавых у мясцовых прыродна-кліматычных умовах і севу азімага рапсу па сучасных тэхналогіях з выкарыстаннем айчыннай тэхнікі, а таксама з тэхналагічным працэсам нарыхтоўкі кармоў у палімерныя матэрыялы ў СВК “Маяк Браслаўскі”.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе ўборкі збожжавых і нарыхтоўцы кармоў у Беларусі, сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці і Браслаўскага раёна ў прыватнасці.

Потым Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на Браслаўскі філіял ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат”. Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічным працэсам выпуску цвёрдых сыроў, а таксама з выставай прадукцыі камбіната. Унікальнасць тэхналогіі ў тым, што ўвесь працэс вытворчасці сыру закрыты і аўтаматызаваны. Высокая якасць прадукцыі, якая ў асноўным ідзе на экспарт, дасягаецца за кошт строгага кантролю па ўсім тэхналагічным ланцужку вытворчасці — пачынаючы ад прыёмкі малака і заканчваючы саспяваннем сыру.

Аляксандра Лукашэнка патрабаваў нарошчваць аб’ёмы выпуску мяса-малочнай прадукцыі ў Віцебскай вобласці. Пра эфектыўнае выкарыстанне айчыннага патэнцыялу, але ўжо турыстычнага, гаворка ішла і на наступным аб’екце, які наведаў кіраўнік дзяржавы. З развіццём турызму ў Браслаўскім раёне Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся на прыкладзе прыватнага турыстычнага ўнітарнага прадпрыемства Green club. Прадстаўнікі турбізнесу расказалі кіраўніку дзяржавы пра дасягненні ў гэтай сферы і турыстычным патэнцыяле, пра асваенне прыродна-курортных зон, прыцягненне інвестыцый і экспарт паслуг. У тым ліку яны закранулі некаторыя складанасці пры будаўніцтве новых аграсядзіб у Браслаўскім раёне. Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што турыстычны бізнес, у тым ліку аграэкатурызм, неабходна развіваць больш актыўна. Ён прыслухаўся да пажаданняў спецыялістаў у гэтай сферы і сказаў, што варта больш дэталёва абмеркаваць гэтыя праблемы. “Прапанова добрая. Можа, дзесьці трэба разняволіць заканадаўства для таго, каб даць магчымасць больш актыўна развівацца аграэкатурызму, у тым ліку аграсядзібам”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым няўхільным застаецца яго патрабаванне — да агульнанародных прыродных багаццяў павінны мець доступ усе людзі.

Пасля гэтага прэзідэнт адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Адно з іх тычылася нядаўняга інцыдэнту пры будаўніцтве Беларускай АЭС. “Некаторыя дапісаліся, больш за ўсё расійскія СМІ, маўляў, упаў рэактар на атамнай станцыі, якая будуецца ў Беларусі. Ды ачуйцеся: там ніякага рэактара яшчэ і няма, там ёсць металічны корпус, бочка таўшчынёй 20 см, у якую будзе змешчаны рэактар, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мне далажылі раніцай, калі гэты інцыдэнт адбыўся. Будаўнікі перасоўвалі корпус на складзе, трэніраваліся падымаць. Яго паднялі на мой рост, можа, крыху вышэй, стропы не вытрымалі — і гэтая бочка адным краем упала на зямлю, з якой яе паднялі”. Прэзідэнт адзначыў, што яму паказалі кадры гэтага інцыдэнту. Ён даручыў тэрмінова разабрацца з тым, што адбылося. “Нават калі ёсць найменшыя пашкоджанні ці драпіны, мы ад гэтага корпуса павінны адмовіцца. І расіяне кажуць, што калі беларусы адмовяцца ад гэтага корпуса, то яны прывязуць іншы і ўстановяць. Вось і ўвесь інцыдэнт”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь як постчарнобыльская краіна перш за ўсё зацікаўлена ў тым, каб атамная станцыя была бяспечнай. “Я асабіста кантралюю ход будаўніцтва гэтай станцыі, ужо не кажучы пра нейкія інцыдэнты. Калі б там фундамент залажылі і кавалак сцяны абваліўся, напэўна, таксама было б гвалту на ўвесь свет”, — дадаў беларускі лідар. Па словах прэзідэнта, у бяспецы Беларускай АЭС зацікаўлена і Расія. “Яна будуе вельмі многа станцый па ўсім свеце: у Турцыі, Егіпце збіраецца пабудаваць, у Іране і Кітаі будуе, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Барані бог, штосьці здарыцца — да іх жа ніхто не прыйдзе і не закажа больш, яны страцяць велізарны мнагамільярдны сектар сваёй эканомікі”. Заява ж Літвы пра будаўніцтва БелАЭС, па словах прэзідэнта, — звычайная канкурэнцыя, палітызацыя і балбатня.

Журналісты таксама пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, чаго ён чакае ад кампаніі па выбарах дэпутатаў і як ацэньвае дзейнасць парламента. Па словах прэзідэнта, самая вялікая вартасць нашага парламента — тое, што там працуюць прафесійна, спакойна, без гвалту, без крыкаў. На думку прэзідэнта, нашы дэпутаты паспяхова працуюць і займаюцца заканатворчай дзейнасцю.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што выбарчая кампанія ідзе спакойна. Закончыўся перыяд вылучэння кандыдатаў, ідзе іх рэгістрацыя. Тое, што ўжо больш за 6 чалавек прэтэндуюць на адно дэпутацкае месца, — гэта добры паказчык, я толькі рад. Значыць, канкурэнцыя будзе забяспечана”.