У віртуальнай прасторы творчасці

На ІІІ Міжнародным педагагічным фестывалі “Бурштынавая сава”, які прайшоў нядаўна ў Калінінградзе, нашу краіну годна прадставіла настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 111 Мінска Інга Пятроўна Ціханавецкая. Яна стала ўладальніцай галоўнага прыза — бурштынавай савы. Педагог абараняла работу “Арганізацыя самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў у межах сеткавага ўзаемадзеяння на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Цікавасць у членаў журы і калег выклікалі формы віртуальных зносін настаўніцы з бацькамі і дзецьмі, рэалізацыя сеткавых праектаў, укараненне інавацыйнай тэхналогіі — вэб-квест, а таксама магчымасці выкарыстання інтэрнэт-рэсурсаў і сэрвісаў Web 2.0 у адукацыйных мэтах.

Настаўнік вучыцца ўсё жыццё — гэта вядомая ісціна. Аднак звычайна праз некалькі гадоў работы ў школе педагогі падзяляюцца на тых, хто спакойна рухаецца па наезджанай дарожцы, выкарыстоўваючы старыя прыёмы і планы, і тых, якія пастаянна шукаюць, уносяць штосьці новае. Інга Пятроўна адносіцца да другой групы настаўнікаў. Яна — вельмі актыўны, творчы і ініцыятыўны педагог. З’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх вочна-дыстанцыйных семінараў на базе НІА, адукацыйных вэбінараў, прайшла дыстанцыйныя курсы Intel для педагогаў. Інга Пятроўна ўваходзіць у склад творчай групы педагогаў школы, якая забяспечвае работу рэсурснага цэнтра па напрамку “Інтэграванае навучанне і выхаванне”, трансліруе вопыт віртуальнага ўзаемадзеяння ў межах міжнароднага праекта “Усходняе партнёрства ў галіне педагагічных інавацый у інклюзіўнай адукацыі”.
“Відавочна, што з тымі ведамі, што ў мяне былі на пачатку педагагічнай дзейнасці, да сённяшніх вучняў не прыйдзеш, — гаворыць І.П.Ціханавецкая. — Здаецца, дзеці тыя ж самыя, але час бярэ сваё, свет мяняецца, у нас зараз іншая парадыгма адукацыі, іншы погляд на свет і ў вучняў. Настаўнік павінен знаходзіцца заўсёды на крок наперадзе сваіх выхаванцаў, каб прыцягнуць іх у працэс навучання. “Даводзіцца бегчы з усіх ног, каб толькі застацца на тым жа месцы! Калі ж хочаш трапіць кудысьці яшчэ, тады трэба бегчы па меншай меры ўдвая хутчэй!” — як сказала гераіня Л.Кэрала. Сучасныя дзеці патрабуюць укаранення новых форм, метадаў інтэрактыўнага вучэбнага ўзаемадзеяння”.
У сваёй рабоце Інга Пятроўна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, элементы адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам”, развіццёвага і праблемнага навучання, лега-канструяванне (як для работы з вучэбным матэрыялам, так і для самаацэнкі навучэнцаў). Дарэчы, у суаўтарстве з калегай — настаўніцай пачатковых класаў Людмілай Аляксееўнай Варонінай — І.П.Ціханавецкая распрацавала праграму факультатыўнага курса “Лега-маршрут па беларускай зямлі”. Яго асноўная ідэя — знаёмства малодшых школьнікаў з Беларуссю праз кубікі “Лега”. Так, у 1 класе прадугледжана знаёмства вучняў з раслінным і жывёльным светам; у 2 класе вывучаюцца правілы бяспечных паводзін дзяцей дома, на вуліцы; у 3 класе вучні знаёмяцца з гістарычнымі мясцінамі Беларусі, а ў 4 класе — з прамысловасцю краіны.
У класе настаўніца імкнецца стварыць камфортныя ўмовы, пры якіх вучань адчувае сваю паспяховасць, інтэлектуальнае багацце, што робіць прадукцыйным сам працэс навучання. “Разумею, што дзіця — гэта маленькая асоба са сваім поглядам на свет, імкнуся дапамагчы вучню рэалізаваць сябе, зразумець, у чым яго ўнікальнасць, раскрыць патэнцыял, усяліць надзею, што ў яго ўсё атрымаецца, што ён дасягне пастаўленых мэт, — заўважае настаўніца. — Так, часта маленькае шасцігадовае дзіця, пераступаючы парог школы, знаходзіцца нібы ў дрымоце, яно не прызвычаілася думаць і дзейнічаць самастойна, а прывыкла выконваць усё і заўсёды па ўзоры, па ўказцы настаўніка, аўтаматычна, прымаючы ўсё за ісціну. Лічу, што настаўнік павінен абудзіць у ім чалавека, які думае, які вырашае жыццёвыя задачы. Таму, будуючы сваю сістэму ўзаемадзеяння з навучэнцамі, абапіраюся на прынцып “дзіця не рыхтуецца да жыцця — яно жыве ўжо сёння”. Імкнуся так арганізаваць навучанне і выхаванне, каб дзеці, яшчэ знаходзячыся ў сценах школы, маглі атрымаць вопыт паўнацэннага сучаснага жыцця”.
І ў многім гэтаму садзейнічае выкарыстанне ІКТ. Настаўніцай створана віртуальная прастора творчасці і супрацоўніцтва праз выкарыстанне сэрвісаў Google і рэсурсаў Web 2.0. Магчымасць доступу ў глабальныя сеткі і выкарыстанне іх у адукацыйных мэтах дазваляюць рэалізоўваць большасць метадаў навучання, кантролю і актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, дапамагаюць развіццю творчых здольнасцей, пашырае кругагляд.

Летась Інга Пятроўна набрала першакласнікаў. Іх бацькі — маладыя людзі, адкрытыя да зносін, якія цікавяцца поспехамі сваіх дзяцей і нацэлены на дасягненне імі высокіх вынікаў. Настаўніцу вельмі хвалявала пытанне інфармацыйнага вакууму ў бацькоў, бо яны часта не ў курсе таго, што вывучае дзіця на ўроку (першакласнікі пакідаюць падручнікі ў класе), з якім вучэбным матэрыялам працуе на занятках, што пазнавальнага даведваецца. Не заўсёды да месца званок настаўніку, не заўсёды ёсць магчымасць зайсці ў школу, а на прасторы інтэрнэту бацькі могуць выйсці ў любы час сутак. Таму, каб кожны з татаў і мам былі ў курсе ўсіх поспехаў і няўдач свайго дзіцяці, каб маглі ў патрэбны момант прыйсці яму на дапамогу, парадаваліся за яго перамогі, быў створаны “Класны блог” як канал дадатковага інфармацыйнага абмену паміж бацькамі, навучэнцамі і настаўнікам. На старонках блога размяшчаецца актуальная інфармацыя для бацькоў і дзяцей.
Інга Пятроўна не губляе сувязі са сваімі выхаванцамі і летам. Добрай класнай традыцыяй стала “Фотапаляванне” — вучні размяшчаюць свае фотаздымкі на анлайн-дошцы Linoit, пішуць адно аднаму паведамленні. Вясной, напрыклад, фотапаляванне прайшло пад дэвізам “Шукаю першыя прыкметы вясны”, а летам — “Цікавыя летнія эпізоды”. Акрамя таго, блог дае магчымасць настаўніцы ўзаемадзейнічаць са сваімі калегамі як з Беларусі, так і з-за мяжы.
Адной з перспектыўных форм супрацоўніцтва з бацькамі і навучэнцамі ў перыяд безадзнакавага навучання з’яўляецца інтэрактыўнае асяроддзе “Клас Dojo”, дзякуючы якому бацькі ў курсе ўсіх школьных спраў дзіцяці. І не толькі яго акадэмічных поспехаў, але і таго, як заўзята яно працуе, ці паела ў сталовай, ці выступала з прэзентацыяй сваёй кнігі, ці праявіла знаходлівасць і кемлівасць. У адрозненне ад класнага блога, клас Dojo — гэта закрытая прастора, і чужы сюды не зойдзе. Больш за тое, бацькі бачаць вынікі толькі свайго дзіцяці.
“Не заўсёды пры сустрэчы з бацькамі (асабліва ў першыя вераснёвыя дні) адразу прыгадаеш, што і як рабіла менавіта гэтае дзіця. Гэты сервіс — сапраўдная знаходка для настаўнікаў. У рэжыме рэальнага часу адбываецца ацэньванне поспехаў дзіцяці, пры неабходнасці настаўнік каменціруе работу навучэнца ў выглядзе паведамлення для бацькоў. Узнікае своеасаблівы чат. Бацькі ў любы момант могуць праглядзець выніковасць работы дзіцяці за дзень. Сэрвіс сам генерыруе індывідуальную карту поспеху па прадметах і асобаснага развіцця дзіцяці. Такі від дыстанцыйнага суправаджэння з’яўляецца інфарматыўным, эфектыўным і аператыўным”, — расказвае Інга Пятроўна.
Дыстанцыйнае суправаджэнне навучэнцаў адбываецца і падчас правядзення інтэрнэт-алімпіяды “Пад сямю пячаткамі”. Гэтыя спаборніцтвы маю ць кароткатэрміновы характар: на працягу сямі дзён навучэнцы выконваюць заданні па пэўным прадмеце, прычым доступ да заданняў прадастаўляецца толькі на 24 гадзіны. Пасля праходжання ўсіх заданняў кожнаму ўдзельніку на электронную пошту прыходзяць дыпломы і сертыфікаты ўдзельнікаў. Кожны год да выхаванцаў настаўніцы далучаюцца ўсё новыя вучні з розных куточкаў краіны.
Задавальненне адукацыйных запытаў навучэнцаў праз выбудоўванне самаадукацыйнай траекторыі адбываецца дзякуючы рэалізацыі праекта “Выконваем дамашнія заданні анлайн” з выкарыстаннем мадэлі змешанага навучання. Настаўніцай створаны аднайменны сайт. Навучэнцы ў індывідуальным тэмпе замацоўваюць матэрыял, пройдзены на ўроку. Матэрыял сайта разбіты па чвэрцях і дадзены па тэмах у адпаведнасці з праграмай. Навучэнцам прапаноўваецца замацаваць свае веды з дапамогай інтэрактыўных флэш-картак, заданняў для саматэсціравання, падрыхтавацца да кантрольнай ці самастойнай работы, выконваючы заданні ў Google-формах. Сеткавае ўзаемадзеянне выкарыстоўваецца ў якасці дадатку да асноўнай праграмы.

Адной з праблем, якая сёння хвалюе бацькоў і настаўнікаў, з’яўляецца падзенне чытацкага інтарэсу малодшых школьнікаў. Інга Пятроўна падбірае цікавыя формы і метады работы па прывіцці інтарэсу пачаткоўцаў да кнігі. Эфектыўнай формай з’яўляюцца літаратурныя эстафеты. Разам з Л.А.Варонінай распрацаваны сеткавыя літаратурныя праекты: “Асенняя літаратурная эстафета”, “Зімовая літаратурная эстафета” і інш. Для дзяцей падабраны творы для самастойнага чытання і інтэрактыўныя анлайн-заданні, віктарыны, тэсты.
Вучні І.П.Ціханавецкай вядуць электронныя чытацкія дзённікі. Дзеці чытаюць творы не для таго, каб забыць, а для таго, каб вынесці з любога твора якую-небудзь думку, даведацца штосьці новае для сябе. Мэтай настаўніцы з’яўляецца навучыць дзіця рабіць высновы, дапамагчы лепш запомніць і зразумець твор. Электронны варыянт зручны тым, што настаўнік можа кантраляваць чытацкую актыўнасць сваіх навучэнцаў, можа каменціраваць напісаныя водгукі аб прачытаным творы, акрамя таго, дзіця ніколі не забудзе дзённік дома.
Адной з форм далучэння вучняў да чытацкай дзейнасці ў класе з’яўляецца гульня “Літаратурны футбол”. На старонках класнага блога настаўніца рэкамендуе твор для чытання на працягу тыдня па тэме пазакласнага чытання. Кожны дзень навучэнцы — каманда хлопчыкаў і каманда дзяўчынак — задаюць адна адной па тры пытанні. Пры няправільным адказе каманда атрымлівае гол.
Літаратурныя творы, прадугледжаныя праграмай, навучэнцы могуць праслухаць на старонцы сайта “Аўдыякабінет”. Яе стварэнне дае магчымасць малодшым школьнікам самастойна працаваць анлайн над творамі ў індывідуальным тэмпе. Настаўніца стварае каталог аўдыяпадкастаў у выкананні дзяцей. На яе думку, праслухоўванне сваіх аўдыяпадкастаў садзейнічае развіццю самаадукацыйнай кампетэнтнасці дзіцяці і свабоднаму індывідуальнаму прасоўванню ў вучэбнай прасторы.
Павышэнню чытацкага інтарэсу школьнікаў садзейнічае і выкарыстанне квест-тэхналогіі. Вэб-квест уяўляе сабой праблемнае заданне з элементамі ролевай гульні, для выканання якога выкарыстоўваюцца інфармацыйныя рэсурсы інтэрнэту. У мінулым навучальным годзе настаўніцай з вучнямі былі рэалізаваны такія квесты, як у “У пошуках Дзеда Мароза”, “Мы такие разные, мы такие классные…”. Вэб-квест “Падарожжа Нязнайкі ў Нязведаную галактыку Інтэрнэт” накіраваны на вырашэнне праблемы бяспечнай, карэктнай і камфортнай работы ў сетцы. Дарэчы, прадукт быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. У выніку праведзенага вэб-квеста малодшыя школьнікі атрымалі цэласнае ўяўленне аб бяспецы ў інтэрнэце, па-новаму паглядзелі на свае паводзіны ў сацыяльных сетках. Бацькі ў сваю чаргу атрымалі карысныя інструменты для прафілактыкі магчымых праблем і ўяўленне аб канструктыўных паводзінах.
Такая сістэмная работа педагога дае плён, а таму настаўніца плануе яе працягваць. Зараз, падчас летніх канікул, карыстаючыся магчымасцямі Skype, Інга Пятроўна разам з Л.А.Варонінай распрацоўвае доўгатэрміновы сеткавы праект “Літаратурнае падарожжа на паветраным шары”, які адрасаваны навучэнцам пачатковай школы. Акрамя таго, у новым навучальным годзе педагог плануе пачаць апрабацыю праекта па тэхналогіі перавернутага навучання, дзе роўны вучыць роўнага (сімбіёз тэхналогій змешанага навучання і праектна-даследчай дзейнасці).

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *