У віцебскай школе № 3 створаны ўсе ўмовы для эфектыўнага грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі

- 16:15Образование

Быць патрыётам — значыць працаваць на карысць дзяржавы, пастаянна ўмацоўваць сваё фізічнае і маральнае здароўе, выхоўваць нашчадкаў… Менавіта такім чалавекам з’яўляецца кіраўнік па ваенна­патрыятычным выхаванні Уладзімір Макаравіч Гагаеў.

У сваёй дзейнасці ён выкарыстоўвае розныя формы і метады: праводзіць праф­арыентацыйную работу з будучымі абітурыентамі, рыхтуе іх да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі ваеннага профілю, арганізуе наведванне гарадскога і абласнога ваенкаматаў, аварыйна-выратавальнага атрада “Віцязь”, 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь, падраз­дзяленняў органаў унутраных спраў розных раёнаў Віцебска. Часта праводзіць разнастайныя тэматычныя кіналекторыі. Ім сабрана значная відэатэка.

Галоўны акцэнт — на развіцці вучнёўскага самакіравання, дзейнасці дзіцячых і мала­дзёжных грамадскіх аб’яднанняў. У нашай школе актыўна працуе пярвічная арганізацыя БРСМ, піянерская дружына імя Аляксандра Канстанцінавіча Гараўца, вучнёўскі савет “Школьная дума”. Фарміраванню грама­дзянскіх якасцей і патрыятычных пачуццяў вучняў садзейнічае валанцёрская дзейнасць.

Увайшло ў практыку правя­дзенне ўрокаў мужнасці, адзіных урокаў з запрашэннем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, воінаў-афганцаў, правядзенне акцый “Клопат”, “Паштоўка для ветэрана”, “Кветкі для герояў Перамогі”, “Па­мяць”, “Ветэран жыве побач”.

Педагогі школы адначасова з традыцыйнымі формамі работы з вучнямі выкарыстоўваюць гульні з элементамі спаборніц­тва, ролевыя, інтэлектуальныя, інтэрактыўныя гульні, дыскусіі, круглыя сталы, майстар-класы, ток-шоу прававога і пат­рыятычнага кірункаў, адкрытыя мікрафоны, бацькоўскія ўрокі, праектную дзейнасць.

Штогод да Дня Перамогі арганізуецца школьны даследчы праект “Гісторыя маёй сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў — праект “Афга­ністан у абліччах нашых землякоў”. Арганізуюцца пешыя экскурсіі па памятных месцах. Дзейнічае ў школе куток воінскай славы.

У лютым 2022 года ўстанове адукацыі было прысвоена імя воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Мікалаевіча Бяліцкага. З таго часу ладзяцца сустрэчы з яго роднымі і таварышамі па службе. Двойчы ў год вучні наведваюць магілу лётчыка.

На тэрыторыі школы з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была закладзена алея Славы ў гонар Герояў Савецкага Саюза, ураджэнцаў Віцебска.

Пры актыўным удзеле Уладзіміра Гагаева былі выса­джаны туі, усталяваны таблічкі з інфармацыяй пра І.Р.Бумагіна, Р.М.Баталава, А.К.Антоненка, В.А.Дзямідава і іншых. Алея Славы адразу ж стала месцам для пасвячэння вучняў у піянеры.

У многім дзякуючы Уладзіміру Макаравічу ў нашай школе створаны ўсе ўмовы для эфектыўнага грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Таццяна АЛЯКСЕЕВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Віцебска імя Л.М.Бяліцкага
Фота аўтара