Працягваем расказваць пра каштоўны вопыт і новыя задумы педагогаў і вучняў Вялікадолецкай сярэдняй школы, якая носіць імя народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі. А яны гатовы дзяліцца тым, што ўмеюць, і запрашаюць гасцей на родную Ушаччыну. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прыязджай, паглядзі…
Пад новую рубрыку “Школьная сядзіба”, нібыта клубні бульбы ў радок, цудоўна ўкладуцца развагі маіх суразмоўцаў. Іх “Школьны сад” — комплексная распрацоўка-даведнік рэгіянальных экскурсійных маршрутаў па мікрараёне Вялікадолецкай сярэдняй школы. Першым аб’ектам там і значыцца школьны сад. А мы, ведаючы размах работы на школьнай сядзібе, дабавілі б і агарод, і яго зону пад назвай “Аптэкарскі агарод”. Так што заглянем яшчэ раз у Вялікія Дольцы.
Свой родны кут мясцовыя людзі там называюць Вушаччына. Гэткую назву малой радзімы зафіксаваў народны паэт Рыгор Барадулін, выдаўшы кнігу “Песні матчыны з Вушаччыны”. І другі народны паэт, з Пуцілкавіч родам, даў гэтаму слоўцу паэтычнае блаславенне на доўгае жыццё ў народзе: “Хоць на картах усіх вельмі слаба пазначана, // Яна ў сэрцы маім і заўсёды пяе… // Прыязджай, паглядзі, што за тая Вушаччына, // Што спакою ніколі мне ў жыцці не дае”. Гэтыя шчырыя і глыбока патрыятычныя радкі Петруся Броўкі ёсць і ў згаданым даведніку.
Пра даведнік мне стала вядома пазней. А ў размове пра маштабы работы ў Вялікіх Дольцах настаўніца біялогіі, хіміі і геаграфіі Алена Жук параўнала школу з вялікім мурашнікам: “Кожны школьнік тут нечым карысным заняты, і педагогі таксама. У нас назапашаны багаты вопыт, веды і ўменні: як што пасадзіць, як правільна даглядаць, як сабраць і якасна захаваць ураджай. І не бывае, каб хтосьці з дзяцей не прайшоў практыку. Працуем усе разам. Дзецям кажам: харчаванне ў школе для вас таннейшае, бо вы самі тое зарабілі, вырасцілі агародніну і садавіну. Капуста, буракі, цыбуля, бульба — гэта ўсё ў нас якаснае і сваё. І ў немалых аб’ёмах: да Новага года і болей хапае. Ва ўраджайныя гады грушы, яблыкі доўга ёсць у школьнай сталовай, бывае, да сакавіка. Яблыкі спачатку спажываем большыя: даўно заўважана, што яны горш захоўваюцца. Потым сярэднія і, урэшце, самыя дробныя ідуць на ўзвары. З восені яблыкі сушым — тыя, што не маюць таварнага выгляду. Анічога не прападае, усё па-гаспадарску імкнёмся рабіць”.
У дадатак да сказанага настаўнік біялогіі і хіміі Віктар Шышоў нагадаў, што ў Беларусі ёсць пляцоўкі для абмену вопытам для школьных агароднікаў і садаводаў. Неяк грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж” і Віктара Мікалаевіча запрасіла правесці майстар-клас па прышчэпках і правільным абразанні пладовых дрэў: “У школе такія заняткі рэгулярныя. Маем садовыя нажы, акуліровачныя, для тых, хто захоча ў такім інтэрактыве паўдзельнічаць. Добра тое рабіць увесну: тады найлепшыя вынікі па прышчэпках”.
Як дасведчанага садавода і агародніка Віктара Мікалаевіча неяк заахвоцілі паехаць у Італію. Азнаямленчая паездка ладзілася ў правінцыю Таскана. Пабывалі экскурсанты і ў Балонні, Рыме. Педагог расказвае: “Нам паказвалі цікавыя фермерскія гаспадаркі. У гарах там авечкагадоўля развіта, ёсць невялічкія сыраварні. Наведвалі пачатковую школу, убачылі, як робяць градкі настаўнікі з дзецьмі. Тое ж і ў сярэдняй школе, і ў каледжы. Калі па шчырасці, то школьным агародніцтвам не ўразілі мяне… У нас усё робіцца з большым густам і размахам. Так што, мяркую, ёсць сэнс у тым, каб у Вялікія Дольцы групы ездзілі, са школ Беларусі найперш, і мы ахвотна будзем з калегамі абменьвацца вопытам”.
Алена Жук удакладніла, што аптымальныя для наведвання і эфектыўнай работы групы — 15—20 чалавек. Пасля экскурсій ёсць магчымасць набыць экалагічна чыстую гародніну і садавіну (па сезоне — яблыкі, грушы, вішні, слівы, чарэшню, агрэст, парэчкі), набраць з сабой вады з гаючых крыніц. На возеры Тартак пры добрых умовах надвор’я можна пакупацца і адпачыць.
Вялікадолецкая школа ўдзельнічала ў праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Сетка вучэбна-вытворчых інкубатараў “Школьны сад” для развіцця сучаснага сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, прафесійнага і сацыяльнага росту моладзі ў небагатых і маючых патрэбу сельскіх населеных пунктах”. На аснове набытага ў праекце вопыту ў школе распрацаваны тры экскурсійныя маршруты: “Школьны сад”, “Дзівосны край: Вялікадолеччына” і “Літаратурная Ушаччына”.
Школьны сад як сімвал Перамогі
Гэтую думку старэйшага калегі развіла, пашырыла ў размове і Алена Мечыславаўна: “Да 80-годдзя вызвалення Беларусі, да юбілею Перамогі варта пры школах высаджваць больш садовых дрэў, закладваць новыя сады. Як тое рабіць, можам падказаць. Яблыневы цвет з лісточкамі — сімвал Перамогі ў Беларусі, прычым з выкарыстаннем нацыянальных колераў. Гэта ж і прыгожы сімвал стваральнай працы, скіраванасці ў будучыню, стабільнасці развіцця краіны. Мы не проста гаворым пра тое — мы штогод высаджваем дэкаратыўныя расліны, і сад у нас дагледжаны”.
Рыхтуючы нататкі, я ўдакладніў, што ў школе ёсць і такая майская традыцыя: усе выпускнікі штогод высаджваюць у Вялікіх Дольцах свае дрэўцы. Робіцца гэта ўзгоднена, сістэмна па распрацаваным, папярэдне вызначаным плане азелянення тэрыторыі.
Сёлета выпускнікі высадзілі свае туі, а ганаровым госцем і ўдзельнікам святочнай імпрэзы быў сярод іншых і старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі. Бярыце ідэю, пераймайце!
Што да праекта “Школьны сад”, які рэалізуецца пры падтрымцы Беларускага зялёнага крыжа, то ў Вялікіх Дольцах гэта цэлы комплекс цікавых, карысных спраў для вучняў: пасадка, догляд садовых дрэў, захоўванне ўраджаю. Выхаваўчы, адукацыйны кампанент у гэтай справе велізарны. І хоць, як заўважае Алена Жук, да іх прыязджаюць экскурсіі, патэнцыял у школы большы: “Мы маглі б гэтую справу зладзіць сістэмна, у маштабе значна большым. У тым ліку і экскурсіі праводзіць для вандроўнікаў з розных рэгіёнаў краіны — як па школьнай сядзібе, музеі, так і па нашых ваколіцах”.
Што ж там варта паглядзець?
Натхнёна расказвае Алена Мечыславаўна пра мясцовыя славутасці: “Наш мікрараён і Вялікадолецкая школа — вельмі цікавыя месцы. Тут малая радзіма народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі, імя якога невыпадкова носіць наша школа. Ён родам з вёскі Пуцілкавічы — гэта па дарозе адсюль да рэчкі Ушачы. У нашых мясцінах і Ушачы пачатак, і, безумоўна, вытокі таленту Пятра Усцінавіча. Нарадзіўся ён у 1905 годзе, і ў юбілейны год Вялікай Перамогі будзем адзначаць і яго 120-гадовы юбілей. Мяркуем, гасцей з гэтай нагоды пабольшае. У школе ёсць гістарычна-краязнаўчы музей з багатым літаратурным складнікам, з экспанатамі, якія маюць дачыненне да вядомых пісьменнікаў, якія родам з нашых мясцін, а гэта Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Еўдакія Лось”.
Сабраны ў школьнай экспазіцыі і цікавыя этнаграфічныя рэчы. А паколькі загадвае музеем Ніна Канстанцінаўна Спірыдовіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, то экскурсанты з ліку настаўнікаў і вучняў змогуць у Вялікіх Дольцах паглыбіць веды па літаратуры, даведацца пра цікавыя адметнасці мясцовай гаворкі, пачытаць вершы, прыгадаць творы класікаў, у тым ліку са школьнай праграмы.
На Ушаччыне такія краявіды! Ва ўсе вочы любуешся прыгажосцю Паазер’я, едучы ў Вялікія Дольцы.
“Вы ж самі бачыце: у нас усяго шмат. Лясы, азёры, узгор’і, рэчкі з далінамі, лугі, палі, — нахвальвае мясцовыя маршруты Алена Жук. — Гэта характэрны для ўсяго рэгіёна ландшафт. Мы тут жывём, звыкліся ўжо, але не перастаём захапляцца прыгажосцю. Яшчэ Ушаччына — гэта слаўны партызанскі край. Цяпер ладзяцца экскурсіі да месца, дзе была дыслакацыя брыгад партызанскай Полацка-Лепельскай зоны, вядомых з гісторыі барацьбы з ворагам, “Дубава”, “Жалязняк”. (У даведніках пра тое чытаем: “Па сутнасці, там дзейнічала паўнавартасная партызанская рэспубліка са своеасаблівай сталіцай ва Ушачах, вызваленых народнымі мсціўцамі ў кастрычніку 1942 года. Там адноўлена была савецкая ўлада, працавалі школы і медустановы, майстэрні, прадпрыемствы”. — Заўвага аўтара.) Пастаўлены і заўсёды дагледжаныя, у тым ліку і школьнікамі раёна, помнікі партызанам і савецкім салдатам. Ёсць памятныя знакі на месцах спаленых захопнікамі вёсак. Увогуле, з вышыні Ушаччыны, можна сказаць, уся гісторыя Бацькаўшчыны бачна. Бо і старажытныя курганы ёсць у нашым краі, і можна піць ваду з чысцюткіх крыніц, і купацца ў азёрах улетку.
Пра партызанскую электрастанцыю ў вёсцы Замошша вядома, што перад вайной на млыне ўсталявалі электрагенератар, які даваў энергію навакольным вёскам. Млын быў найбуйнейшай гідратэхнічнай пабудовай на ўвесь раён: перапад вышынь на плаціне — каля 6 метраў. У час Вялікай Айчыннай вайны гэта была тэрыторыя партызанскай рэспублікі, электрагенератар на млыне працаваў, стратэгічны аб’ект ахоўвалі партызаны з двума кулямётамі. Шмат разоў немцы імкнуліся разбамбіць млын, але тое ім не ўдалося. Пасля вайны там паставілі новы генератар, электрычнасці хапала на тры вёскі. На пачатку 70-х вадзяное кола спынілі, плаціну часткова разбурылі. Цяпер млын у Замошшы не працуе, вадаспад ёсць, будынак выкарыстоўваецца як жылы дом.
Ствараючы комплексны даведнік “Школьны сад”, уключылі ў экскурсійныя маршруты, напрыклад, прыгожае возера Тартак, вадаспад у вёсцы Замошша і той вадзяны млын, які ў ваенны час даваў ток для патрэб партызанскай рэспублікі”.
Па ходзе размовы я, ведаючы пра багаты вялікадолецкі школьны агарод і сад, разважаю: то, можа, на лета і ў школе адкрываць школьную аграсядзібу? Суразмоўцы пераглядваюцца: не, сіл не хопіць, да таго ж ёсць аграсядзіба ў Вялікіх Дольцах. А працаваць з яе гаспадарамі ў адным кластары — як кажуць, ладзіць для гасцей пазнавальныя і азнаямленчыя экскурсіі — педагогам пад сілу. І досвед ёсць. Мінулым летам, напрыклад, з усяго раёна дзеці з аздараўленчых лагераў наведвалі школу. Ім паказвалі школьны сад, агарод, музей Петруся Броўкі. Школа не раз была на раённай Дошцы гонару за свае дасягненні, а гэта ў тым ліку і спартыўныя перамогі, дыпломы навучэнцаў за ўдзел у розных канферэнцыях, конкурсах, алімпіядах.
У ладзе-згодзе з прыродай, сабой, людзьмі
Віктар Шышоў расказвае, як школьнікі з педагогамі клапоцяцца і пра аблічча аграгарадка: “Узялі шэфства над невялічкім азярцом Вялікадолецкім. Бераг там быў зарослы, дзікі, мы яго ачысцілі ад кустоў і закладваем дэндрапарк. Высаджваем прыгожыя дрэвы: лістоўніцы, кедры, бярозы, клёны, дэкаратыўныя хмызнякі. Бачачы нашы намаганні, сельсавет прыгожую альтанку закупіў, ля возера паставіў, а мы побач туі пасадзілі, лаўкі зрабілі. Акультурваем! У аграгарадку з’явіўся куток для адпачынку, і тое ўсім прыемна. Мы ж такім чынам і ў дзецях, падлетках абуджаем пачуццё прыгожага, яны сябе адчуваюць гаспадарамі на гэтай зямлі, умацоўваюць жывую повязь з ёй. Яшчэ некаторыя закінутыя мясцовыя крыніцы мы з дзецьмі знаходзім і адраджаем: чысцім вытокі, робім падыходы. Работы даследчыя пра крыніцы пісалі. Адна з іх у вобласці ў конкурсе “Эўрыка” ўзяла дыплом ІІІ ступені. Мы ж і калодзежы тут правяралі на нітраты. Дарэчы, толькі ў двух знайшлі перавышэнне па нормах, і ўжо адзін гаспадар свой калодзеж пачысціў. Так што павышаем узровень бытавой культуры, на справе паказваем вучням, як трэба клапаціцца і пра наваколле, і пра здароўе — задумвацца, што ты ясі, п’еш, чым дыхаеш”.
Гэта добры прыклад і для калектываў іншых школ Бацькаўшчыны. Вядома ж, у Вялікія Дольцы варта школьнікам з педагогамі ездзіць, і дэндрапарк у тым ліку наведваць. Бо ў многіх вёсках, аграгарадках краіны ёсць рэчкі, сажалкі-вадаёмы, азёры, і не ўсюды яны дагледжаныя. Неяк вясной у камандзіроўцы бачыў непадалёк установы адукацыі непрывабную, засмечаную рэчку… Гэта за тэрыторыяй школы, але ж яе мікрараён, зона яе клопату і адказнасці, хай сабе і маральнай. А ці ж не з маралі, з чысціні наваколля, з адказнасці за парадак у месцы, дзе жывём, пачынаецца душа, пачынаецца Радзіма і любоў да яе? Асабліва тонка і востра глыбінную сувязь нашу з рэкамі ды азёрамі, якія паэты называюць вачыма зямлі, адчуваеш у Паазер’і, дзе тыя азёры, здаецца, заглядваюць табе ў душу.
У госці ў Вялікія Дольцы
Школа ў гэтым аграгарадку сваёй актыўнасцю, крэатыўнымі праектамі штогод заваёўвае сабе права на далейшае жыццё. Установу адукацыі падтрымлівае раённае кіраўніцтва. Казалі мне: “Хоць і мала вучняў цяпер у старшых класах, давер апраўдваем”. Прычым было і такое: з райцэнтра ездзілі вучні ў аграгарадок на заняткі.
“Сапраўды, мы даём вучням практычныя навыкі. Яны ім у жыцці вельмі спатрэбяцца. Гэта як своеасаблівая школа выжывання. Нават на бязлюдным востраве, думаю, нашы выхаванцы з такімі навыкамі змогуць выжыць, — жартуе Віктар Мікалаевіч. — А значыць, гэта мае каштоўнасць і такі рэсурс трэба выкарыстоўваць у маштабах раёна, вобласці, краіны”.
А калі зрабіць у Вялікіх Дольцах школу-цэнтр аграэкавыхавання і аграбізнесу? Хаця б у шосты школьны дзень. Выкладаць асновы эказемляробства, садаводства, аграхіміі, аховы раслін… Можна звозіць на заняткі ўсіх ахвочых з раёна. Пытаю: ці адужаюць у Вялікіх Дольцах такое? Ну, кажуць, хіба што на будучыню, калі аграсуботы пяройдуць у ранг міжшкольных, а пакуль у раёне на шосты дзень ёсць свае планы.
І як тут не парадавацца, што ёсць такія шырокія вялікадолецкія далягляды. Ёсць школа з добрымі працоўнымі, выхаваўчымі традыцыямі, вядомая ў краіне, з вялікім патэнцыялам для пашырэння вопыту. Ёсць у педагогаў, у дырэктара школы Марыны Паўлаўны Казлоўскай жаданне той патэнцыял рэалізаваць. І на цёплы час распрацавана (і ўжо запланавана!) шмат экскурсій, заняткаў, майстар-класаў: па доглядзе саду, па вырошчванні розных культур і відаў сельскагаспадарчых раслін, розных гатункаў капусты і не толькі.
Зацікавіліся? Тэлефануйце калегам-педагогам, пішыце ім у сацсетках. Дамаўляйцеся папярэдне, калі захочаце прыехаць, бо ўсё ж такі школа — гэта закрытая тэрыторыя і ўваход на яе рэгламентаваны. Аднак нездарма кажуць: хто ўпарта стукаецца, таму адчыняць.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фотаздымкі аўтара, з архіваў
Алены Жук і Вялікадолецкай школы