У Юрацішках спорт стаў галоўным сакрэтам школьных субот

- 15:45Образование, Шестой день

Спартыўныя суботы збіраюць сяброў: у Юрацішкаўскай сярэдняй школе Іўеўскага раёна добра ведаюць, што спорт робіць жыццё не толькі яркім, але і здаровым. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Юрацішкаўская школа даўно зарэкамендавала сябе як пляцоўка для спорту, спаборніцтваў і здаровага саперніцтва. На працягу многіх гадоў установа з’яўляецца лідарам па заваяванні прызавых месцаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. І гэта паказчык прадуманай і якасна арганізаванай работы яе педагогаў, у тым ліку і ў шосты школьны дзень. Традыцыйна менавіта другая субота кожнага месяца — самая чаканая для школьнікаў, бо ў школе праходзіць дзень здароўя.

Віктар Майсей, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, гаворыць:

— Тэматыка школьных субот можа быць рознай, як і формы нашых мерапрыемстваў. Самыя любімыя ў нас — спартыўныя святы і спаборніцтвы, у тым ліку і з удзелам бацькоў. Напрыклад, у нашых “Вясёлых стартах” прымалі ўдзел каманды настаўнікаў, бацькоў і школьнікаў. Бываюць суботы спартыўнай накіраванасці — дзень валейбаліста, баскетбаліста і інш. Штогод на базе спартзалы праходзяць і адпаведныя раённыя спаборніцтвы. У мінулую суботу, 9 сакавіка, у нас прайшоў дзень скакуна. Гэта своеасаблівая падрыхтоўка да вясновых месяцаў, якія будуць прысвечаны лёгкай атлетыцы. Так, хутка ў нас пройдуць абласныя спаборніцтвы, а напярэдадні мы правя­дзём першынство раёна ў розных узроставых групах. І ў суботу якраз адбіралі лепшых скакуноў — прадстаўнікоў нашай школы — у асабістым і камандным заліках. Гэта няпростая задача, бо канкурэнцыя вялікая, у нас скача амаль уся школа, пачынаючы з малодшых класаў.

Традыцыйна не падводзяць юраціш­каўскія школьнікі свайго настаўніка і на выніковых спаборніцтвах. У Іўеўскім раёне праводзяцца дзве круглагадовыя спартакіяды — па месцы жыхарства сярод дзяцей і падлеткаў і сярод школьнікаў. І навучэнцы Віктара Яраслававіча на працягу многіх гадоў прымаюць актыўны ўдзел у абедзвюх — і заўсёды ў лідарах. Апошнія гады яны вяртаюцца адтуль толькі з кубкамі і дыпломамі найвышэйшай вартасці.

Поспехі школьнікаў абумоўлены тым, што лёгкаатлетычная падрыхтоўка вя­дзецца круглы год і не прыпыняецца нават зімой. У школе выдатная лыжная база. Стаць на лыжы могуць адначасова два рознаўзроставыя класы, каб па максімуме выкарыстоўваць снежныя дні.

Спартыўныя стэнды, кубкі і дыпломы, алімпійскія куткі, узорная спартыўная зала, выдатная лыжная база — усё сведчыць пра тое, што спорт і фізкультура — адзін з прыярытэтных кірункаў развіцця вучняў школы.

Праводзіць зіму на лыжах і дырэктар школы Вольга Часноўская, гэта яе любімы від спорту. Кожны год яна ўзначальвае каманду педагогаў школы на “Іўеўскай лыжні”, адкуль яны заўсёды вяртаюцца з прызамі, а на апошніх спаборніцтвах занялі 1-е агульнакаманднае месца.

Зрэшты, Вольга Эдвардаўна — паспяховая спартсменка і ў іншых дысцыплінах. Нядаўна яна здала на выдатна ўсе нарматывы па дзяржаўным фізкультурна-аздараўленчым комплексе Рэспублікі Беларусь, за што атрымала нагрудны залаты значок.

— Я не заседжваюся ў кабінеце ў дзелавым касцюме — у маёй шафе заўсёды напагатове спартыўны касцюм і красоўкі. Паказаць дзецям прыклад — гэта важна. Яны павінны бачыць, што я заўсёды разам з імі, у адной камандзе, — адзначае дырэктар школы.

Як жа прывучыць школьнікаў да спорту і актыўнага ладу жыцця? У Віктара Майсея ёсць адказ:

— Лепш пачынаць з першага класа. Калі зацікавіць, матываваць дзіця ў пачатковай школе, то далей з навучэнцамі працаваць будзе прасцей, яны будуць старацца быць актыўнымі, працягнуць займацца ў спартыўных секцыях. Для дзяцей усіх узростаў у нас ёсць заняткі і секцыі. На нашай базе дзейнічае секцыя па лёгкай атлетыцы ад ДЮСШ Іўеўскага раёна, ад Іўеўскага раённага цэнт­ра творчасці дзяцей і моладзі я, напрыклад, вяду спартыўныя гульні для 5—6 класаў.

У Вольгі Часноўскай, акрамя ўласнага прыкладу, ёсць і іншыя падыходы ў матывацыі дзяцей:

— Каб дзеці атрымалі стымул сур’ёзна займацца спортам, ім дастаткова нават проста прайсці па калідоры да спартзалы. На ўсім гэтым шляху мы ўстанавілі спартыўныя стэнды, дзе дэманструюцца ўзнагароды нашых навучэнцаў — дыпломы і кубкі з абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, фота пераможцаў, а ў алімпійскім кутку — фотагалерэя лепшых спартсменаў Беларусі, каб дзеці бралі з іх прыклад. Ім было прыемна, калі да нас у школу завітаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук і пахваліў іх за поспехі. Не пакідаем без увагі дасягненні нашых дзяцей і мы. Традыцыяй стала ўзнагароджванне пераможцаў на школьнай лінейцы, пасля спаборніцтваў камандам-пераможцам мы ўручаем тарты, а напрыканцы навучальнага года — памятныя прызы. Але самае галоўнае, што кожны з нас ро­біць усё, што ён можа, для агульнай справы. Школьнік, настаўнік і дырэктар не змогуць паасобку дасягнуць выніку. Толькі працуючы ў камандзе прафесіяналаў, ідучы да адзінай мэты, мы атрымліваем вынік.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва школы