У Барысаўскім дзяржаўным каледжы прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, у якім прынялі ўдзел 107 навучэнцаў 9—11 класаў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Алімпіяда праходзіла ў некалькі этапаў і ўключала тэарэтычны, мультымедыйны і праектна-практычны тур. Для тых, хто імкнецца да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах па геаграфіі, быў арганізаваны дадатковы тур на англійскай мове.
“Заданні тэарэтычнага тура былі прадстаўлены двума блокамі, якія ахопліваюць разнастайныя тэмы па фізічнай і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі, — расказала намеснік старшыні журы дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Алена Кальмакова. — У другім туры навучэнцы здавалі мультымедыятэст, які складаўся з 30 пытанняў, пераважна закрытага тыпу. Яны суправаджаліся картамі, схемамі, фатаграфіямі, графікамі, дыяграмамі”.
Спецыфіку Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі вызначаў праектна-практычны тур, з якім навучэнцы выдатна справіліся, нягледзячы на складаныя метэаралагічныя ўмовы. На палявым этапе трэба было правесці комплекснае даследаванне аднаго з гандлёвых цэнтраў Барысава, якое ўключала характарыстыку, вызначэнне асноўных функцый, а таксама слабых і моцных бакоў цэнтра з наступным складаннем рэкамендацый па аптымізацыі і паляпшэнні яго работы.
Камеральны этап праектна-практычнага тура ўключаў разлікі па тапаграфічнай карце наваколля Барысава, выяўленне змяненняў у гідраграфічнай сетцы, расліннасці, дарожнай сетцы шляхам параўнання тапаграфічнай карты 1980 года і сучаснага касмаздымка. Таксама сярод заданняў камеральнага этапу была ацэнка ўрбанізацыі і руралізацыі Мінскай вобласці ў разрэзе адміністрацыйных раёнаў. Для гэтага ўдзельнікі алімпіяды вылічвалі шчыльнасць насельніцтва, а таксама долю гарадскіх і сельскіх жыхароў.
“Адказы ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі ацэньвала кампетэнтнае журы, у якое ўваходзілі прадстаўнікі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, БрДУ імя А.С.Пушкіна, ГДУ імя Ф.Скарыны, ВДУ імя П.М.Машэрава, Нацыянальнага інстытута адукацыі, — зазначыла А.Кальмакова.
Пераможцамі алімпіяды па геаграфіі ў 11 класе сталі 16 навучэнцаў. Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны вучаніца Пастаўскай гімназіі Лізавета Афанасьева, навучэнец гімназіі № 2 Віцебска Алег Паўловіч і навучэнец Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Ягор Рабцэвіч.
Сярод навучэнцаў 10 класа дыпломы I ступені заваявалі Вадзім Ігнаценка (гімназія № 1 Віцебска імя Ж.Алфёрава), Раман Турлюн (сярэдняя школа № 5 Рагачова) і Аляксандр Юха (гімназія № 3 імя В.Каржа Пінска).
Пераможцамі алімпіяды па геаграфіі ў 9 класе таксама сталі 16 навучэнцаў. Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны Дзмітрый Броўка (сярэдняя школа № 162 Мінска), Арсеній Туровіч (гімназія № 3 імя В.І.Соламавай Гродна) і Аляксей Клімко (сярэдняя школа № 118 Мінска).
Дарэчы, Арсеній Туровіч адзначаны спецыяльным прызам міністра адукацыі Андрэя Іванца.
“На ўрачыстай цырымоніі закрыцця алімпіяды прагучалі віншаванні ад прадстаўнікоў Беларускага геаграфічнага таварыства, якія ўручылі падзячныя лісты 12 удзельнікам, — паведаміла дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. — Навучэнцам, якія набралі найбольшую колькасць балаў у сваім класе, была ўручана кніга па геахіміі, напісаная выбітным беларускім географам, прафесарам, доктарам геаграфічных навук Мікалаем Канстанцінавічам Чартко”.
Наталля САХНО