У жадання — тысяча магчымасцей

- 12:16Дырэктарскі клуб

“Жаданне — тысяча магчымасцей, нежаданне — тысяча прычын” і той, хто гатовы да рэалізацыі пэўнай ідэі, абавязкова знойдзе шляхі і магчымасці для яе ўвасаблення — пераканана дырэктар гімназіі № 5 Мінска Жанна Гвозд. Пра яркія моманты адыходзячага года, прынцыпы кіравання настаўніцкім і вучнёўскім калектывам, шляхі павышэння канкурэнтаздольнасці гімназіі Жанна Яўгенаўна расказала нашаму карэспандэнту.

— Адыходзячы год азнаменаваны важнымі падзеямі ў жыцці гімназіі. Самая прыемная і нечаканая — наша ўстанова была занесена на Дошку гонару Партызанскага раёна па выкананні сацыяльна-эканамічных паказчыкаў за 2020 год. Гэта было ўпершыню ў гісторыі гімназіі. З аднаго боку, вельмі прыемна і хвалююча, з другога — мы добра разумеем, што планку проста не маем права апускаць.

Сёлета ў сталіцы праходзіў конкурс “Лідар адукацыі”. Спаборніцтвы былі складанымі, мнагаэтапнымі, неабходна было і праект прадставіць, і майстар-клас правесці кіраўніку, і відэаўрокі прэзентаваць, і сістэму работы ўстановы абараніць. Па выніках конкурсу мы сталі другімі ў горадзе —гімназія была ўзнагароджана падзякай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

Яшчэ адна важная падзея — 24 красавіка ў нас было арганізавана маштабнае свята Дзень Эльбы (27 жніўня 2020 года гімназія атрымала імя герояў сустрэчы на Эльбе), а дзякуючы сацыяльным партнёрам, яно стала сапраўднай пляцоўкай для інтэрактыву, інтэлектуальнай творчасці, забаў. Папярэднічаў гэтаму святу тыдзень “Дух Эльбы”, падчас якога ў гімназіі прайшлі шматлікія мерапрыемствы.

Безумоўна, у жыцці кожнай установы адукацыі найбольш важнай падзеяй з’яўляецца выпускны баль. Сёлета мы выпусцілі ў дарослае жыццё сваіх выхаванцаў, якія парадавалі нас вынікамі на ЦТ. Так, Аляксей Клімовіч па англійскай мове атрымаў 100 балаў (настаўніца Н.Дзірко), яшчэ сямёра навучэнцаў атрымалі вышэй за 90 балаў па матэматыцы, хіміі, англійскай і рускай мовах.

Ж.Я.Гвозд вырасла ў настаўніцкай сям’і: мама — настаўнік-філолаг, тата працаваў дырэктарам вучэбна-вытворчага камбіната, абодва — выдатнікі адукацыі. Ключавую ролю ў выбары прафесіі адыграла настаўніца геаграфіі Тамара Цыган. Пасля заканчэння прыродазнаўчага факультэта БДПУ імя Максіма Танка Жанна Яўгенаўна была размеркавана ў сярэднюю школу № 3 Клецка, дзе пад кіраўніцтвам Мікалая Мацуля рабіла першыя крокі ў прафесіі і дзе настаўнічала 13 гадоў.

Гэты год быў адметным і асабістымі перамогамі. На конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” я абагульніла вопыт кіраўніцкай работы па павышэнні канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі і стала ўладальніцай прэміі Мінгарвыканкама. Сёлета мая вучаніца Софія Тазіева заваявала дыплом ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў і стала ўладальніцай прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў. З 2017 года я займаюся развіццём дзіцячага геалагічнага руху ў Беларусі, і ў гэтым годзе на міжнароднай алімпіядзе, якая прайшла анлайн, наша каманда ўзяла 2 залатыя, 2 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі. Поспехі вучняў — лепшая ўзнагарода для настаўніка.

— Жанна Яўгенаўна, назавіце, калі ласка, асноўныя напрамкі, якія вызначаюць сёння развіццё вашай установы адукацыі.

— Па-першае, усебаковае развіццё нашых дзяцей менавіта ў гімназіі, а не за яе межамі. Пашыраючы сацыяльнае партнёрства ў межах сталічнага рэгіёна, мы прыцягваем партнёраў на нашу базу для таго, каб дзеці маглі максімальна развіваць свае здольнасці. Сёння ў нас у гімназіі арганізуюцца заняткі па ментальнай арыфметыцы, робататэхніцы. Актыўна працуюць інструментальны ансамбль “Міраж”, вакальная студыя “Акадэмія вакалу”, клуб каратэ. У арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці мы падтрымліваем цесныя сувязі з Нацыянальнай акадэміяй навук, многімі факультэтамі БДУ, МДЛУ, Палескім дзяржаўным універсітэтам і г.д. Іх лабараторыі з’яўляюцца базай для даследаванняў нашых навучэнцаў.

Яшчэ адзін напрамак — пашырэнне сацыяльнага партнёрства са шматлікімі неадукацыйнымі ўстановамі: МНС, МУС. На базе гімназіі створаны Клуб юных інспектараў руху, які сёлета ўпершыню ўдзельнічаў у спаборніцтвах і стаў першым у горадзе і трэцім у рэспубліцы. Ва ўстанове створаны і працуе міні-цэнтр бяспекі “Горад бяспекі”, на базе якога праводзяцца экскурсіі.

Трэці напрамак — міжнароднае супрацоўніцтва. Зараз, напрыклад, мы ўдзельнічаем у мерапрыемствах да 200-годдзя М.Даля. Нам цікава міжнароднае супрацоўніцтва і ў межах развіцця англійскай мовы.

— Любая нагрузка па сілах, калі падабралася цудоўная каманда?

— Гэта сапраўды так. У нас вельмі дружны, таленавіты, творчы і вельмі амбіцыйны (у добрым сэнсе гэтага слова) калектыў. Гэта максімалісты, людзі, якія, прымаючы дзяцей у гімназію, ставяць перад сабой мэту даць высокі ўзровень ведаў, які задаволіць усіх: і вучняў, і іх законных прадстаўнікоў. Вынік нашай работы — чалавек, а таму неабходна быць ювелірным майстрам сваёй справы.

У мяне працаздольная высакаякасная каманда намеснікаў — Вераніка Брызінская, Алена Шарамет, Жанна Чарвяк, Людміла Шабан, Вольга Стрыжыч і Ірына Гурыновіч. Вельмі камфортна працаваць кіраўніку, калі кожны з намеснікаў ведае, што ён робіць, і робіць гэта якасна. Яны ўласным прыкладам упоравень з настаўнікамі рыхтуюць вучняў да навукова-даследчай дзейнасці, прадметных алімпіяд. Натхнёна працуюць нашы педагогі эстэтычнага напрамку Галіна Цімакова, Ірына Сербіна, Вольга Махітка. Дзякуючы ім, усе гімназічныя мерапрыемтвы праходзяць на вельмі высокім узроўні.

13 гадоў Ж.Я.Гвозд працавала ў сярэдняй школе № 53 Мінска намеснікам дырэктара спачатку па выхаваўчай, а потым па вучэбнай рабоце. З удзячнасцю гаворыць Жанна Яўгенаўна пра дырэктара гэтай установы Наталлю Сляпян, бо вопыт, які яна атрымала ў школе, вельмі каштоўны і карысны для кіраўніцкай пасады, якую яна займае ўжо трэці год.

Паспяхова рыхтуюць вучняў да алімпіяд настаўнікі гісторыі Сяргей Семашкевіч, Дзмітрый Пратасевіч, настаўніца хіміі Алена Салаўёва. Вынікова займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю выхаванцы настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Людмілы Англінскай, Таццяны Юдашкінай, настаўніцы матэматыкі Дзіяны Крот, настаўніц англійскай мовы Наталлі Дзірко і Іны Усімавай. У нас творча працуюць настаўнікі пачатковых класаў. Цікавая работа праводзіцца па падрыхтоўцы дзяцей да школы. Аўтарская сістэма ў гэтым напрамку склалася ў Вольгі Шыдлоўскай. А дапамагае арганізаваць у гімназіі якасную метадычную работу Людміла Васілевіч.

— Жанна Яўгенаўна, вы строгі кіраўнік?

— Самы лепшы кіраўнік — гэта той, у якога хапае мудрасці сабраць цудоўны калектыў і розуму не перашкаджаць гэтаму калектыву працаваць. Гэта мне вельмі імпануе. А гаворачы аб строгасці, скажу, што я хутчэй справядлівы педагог і кіраўнік. У мяне ў клетках класнага журнала могуць стаяць побач двойка і дзясятка. Калі ты сёння праявіў сябе, паказаў веды, ты малайчына, а калі заўтра не падрыхтаваўся, то атрымаеш “два” і трэба будзе выпраўляцца.

— А з якім калектывам складаней працаваць: вучнёўскім ці настаўніцкім?

— Для мяне кіраўнік — гэта не чалавек, які камандуе, а чалавек, які супрацоўнічае. Таму супрацоўнічаць нялёгка з усімі. Калі ты да гэтага супрацоўніцтва гатовы, то ўсё абавязкова атрымаецца. Складаней за ўсё ўзаемадзейнічаць з бацькамі. Галоўнае — гаварыць з людзьмі, дакладна выстройваць сістэму работы, і калі людзі зразумеюць, як мы ідзём, да чаго, якія патрабаванні прад’яўляюцца, тады ўсё вельмі проста і лёгка.

— Што выратоўвае ад прафесійнага выгарання?

— Людзі, якія працуюць у школе і прыйшлі па поклічы душы, не могуць выгараць. Гэта не пра сапраўдных настаўнікаў. Як можна выгараць побач з дзецьмі, якія зараджаюць энергіяй? Нават калі ты стомлены ці ў дрэнным настроі ідзеш на работу, то, пераступаючы парог і ўбачыўшы вочы, усмешкі дзяцей, пачуўшы іх шматлікія пытанні, адразу аднаўляешся. Думаю, і ў выгаранні трэба шукаць не прычыны, а магчымасці для новага росту.

— Якія планы на надыходзячы год?

— Планаў шмат. І ў першую чаргу звязаных з працягам тых праектаў, якія ў нас толькі нарадзіліся. Так, плануем працягваць мерапрыемствы ў межах “Школы актыўнага грамадзяніна”. Цікавасць у вучняў выклікае такая форма, як “101 пытанне даросламу”, куды мы запрашаем вядомых людзей нашай краіны. Для дзяцей вельмі важна бачыць перад сабой паспяховых людзей, узаемадзейнічаць з імі напрамую. Будзем працягваць таксама праекты, звязаныя з міжнародным супрацоўніцтвам, з развіццём сацыяльнага партнёрства. 

Гэты навучальны год для гімназіі трыццаты, таму плануем прымеркаваць юбілей гімназіі да святкавання Дня Эльбы. Ужо зараз разглядаюцца крэатыўныя ідэі правядзення гэтых свят.

Мы разумеем, што новы год паставіць перад намі новыя мэты і задачы, але мы з імі абявязкова справімся, бо ў нас ёсць самае галоўнае — сапраўдная каманда дзяцей і дарослых, якія вельмі любяць сваю гімназію і маюць вялікую адказнасць за вынік сваёй працы. Няхай кожнаму з нас хопіць сіл і здароўя для дасягнення намечанага і творчасці для новых ідэй!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗIЧ.
Фота Алега IГНАТОВIЧА.