Убачыць свет у кроплі вады

- 12:03Адукацыйная прастора, Рознае

Ужо 27 гадоў кожную раніцу настаўніца геаграфіі і абслуговай працы Святлана Мікалаеўна Чаранкевіч спяшаецца на работу ў Начаўскую сярэднюю школу, што ў Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, — школу, якая стала па-сапраўднаму роднай. “Маё жыццё — гэта калейдаскоп, дзе сённяшні дзень не падобны на ўчарашні, дзе кожная секунда — гэта пошук новага, небывалага, вельмі цікавага, дзе няма месца суму, ляноце, спрэчкам і крыўдам, — заўважае Святлана Мікалаеўна. — Мне трэба быць заўсёды цікавай для тых, хто акружае, вечным рухавіком і генератарам ідэй і задумак. Менавіта дзеці прымушаюць быць такой. І я ўдзячна ім за гэта і атрымліваю задавальненне ад сваёй работы!” А работа сапраўды прыносіць асалоду і натхненне: з году ў год вучні педагога займаюць прызавыя месцы на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, разнастайных конкурсах. Сёлета С.М.Чаранкевіч прызнана лепшым педагогам раёна, яе партрэт змешчаны на Галерэі славы Ляхавіччыны.

— Нездарма гавораць, што школа — гэта другі дом, у якім дзіця праводзіць палову свайго дзяцінства. А дзяцінства — гэта старт у дарослае жыццё. Выбар маёй будучай прафесіі быў прадвызначаны, мабыць, з самага дзяцінства, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — Я любіла гуляць “у школу” то з лялькамі, то з сяброўкамі. Мне падабалася быць настаўніцай: штосьці тлумачыць, выстаўляць адзнакі ў журнал. Успамінаючы сваё дзяцінства, школу, я бачу сябе маленькай дзяўчынкай, якая сядзіць за школьнай партай. На ўроках я ўважліва слухала сваю першую настаўніцу Марыю Рыгораўну Крот, сачыла за кожным яе словам, поглядам, рухам. Яна для мяне была ўзорам справядлівасці, дабрыні, сумленнасці. Заўсёды ўмела знайсці патрэбнае слова, пахваліць, падбадзёрыць. Гэта і сфарміравала мае погляды пры выбары прафесіі.

Пасля школы Святлана паступае ў Баранавіцкае педагагічнае вучылішча, якое заканчвае ў 1989 годзе, а потым накіроўваецца па размеркаванні ў Начаўскую сярэднюю школу настаўніцай абслуговай працы і выхавальнікам групы прадоўжанага дня. Пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага інстытута атрымлівае кваліфікацыю настаўніка геаграфіі.

— Прадмет “Геаграфія” стаіць асобна ад іншых дысцыплін, што прапісаны ў вучэбным плане. З аднаго боку, геаграфія — складаная навука, у якой усё падпарадкоўваецца строгім законам, а кожнае прадбачанне правяраецца на практыцы шляхам вопыту і даследавання. З другога боку, гэта прадмет летуценнікаў і падарожнікаў, які дазваляе рассунуць звычныя рамкі і які валодае вялікімі выхаваўчымі магчымасцямі, — заўважае настаўніца. — Хачу, каб мае вучні былі не толькі геаграфічна дасведчанымі, самастойна думаючымі людзьмі, але каб яны разумелі веліч і прыгажосць роднай прыроды, мелі дачыненне да ўсіх праблем краіны, сваёй мясцовасці і вялікае жаданне іх вырашыць. А яшчэ хачу, каб мае вучні прымалі свет ва ўсёй яго разнастайнасці, каб яны былі цярплівымі да традыцый і звычаяў іншых народаў, каб у жыцці яны кіраваліся вядомым дэвізам географаў: “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца”.

Дасягнуць гэтага і разлічваць на поспех можна толькі ў тым выпадку, калі дзейнасць, якая ажыццяўляецца, цікава самому педагогу, калі ён не шкадуе ні вольнага часу, ні адпачынку, калі творча адносіцца да сваёй работы і сам неабыякавы да ўсяго жывога. Гэтым і вызначаецца Святлана Мікалаеўна.

Па меркаванні С.М.Чаранкевіч, сёння настаўнік павінен быць крэатыўным, добрым, чулым, уважлівым да дзяцей і кампетэнтным у сваёй прафесіі. Важна быць вельмі добрым псіхолагам, бо дзеці сёння патрабуюць ад дарослых асаблівай увагі. “Мне падаецца, што прафесія настаўніка прызначана выключна для людзей творчых. Не кожны зможа з дня ў дзень бачыць і чуць радасці і няшчасці, прымаць удзел у жыцці не аднаго дзіцяці, а дзясяткаў дзяцей. Чуласць, цярпенне, воля і сіла характару дапамагаюць мне ў рабоце”, — гаворыць настаўніца.

Як географ Святлана Мікалаеўна спецыялізуецца на краязнаўстве. Выбар гэтага напрамку дзейнасці адбыўся ў выніку відавочнай перавагі краязнаўства пры выкладанні геаграфіі ў сельскай школе. А яшчэ, як адзначаў Н.Н.Баранскі, краязнаўства дазваляе ўбачыць свет у кроплі вады, пераключыцца з кніжных рэек на рэальнае жыццё.

З 2009 года на базе школы дзейнічае клуб “Юныя краязнаўцы”, у межах якога і наладжана работа. На працягу апошніх шасці гадоў настаўніца назапашвае, сістэматызуе і выкарыстоўвае краязнаўчы матэрыял для фарміравання вучэбных і дзейсна-грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў. Адначасова педагог вывучае тэарэтычныя асновы школьнай краязнаўчай дзейнасці, удасканальвае формы і метады сваёй практычнай работы.

Юныя краязнаўцы Начаўскай сярэдняй школы звярнуліся да гісторыі роднага краю, да тых мясцін, дзе яны нарадзіліся і растуць. За час работы па гэтым напрамку быў сабраны багаты матэрыял пра палацава-паркавы ансамбль “Нача”: яго гісторыю, выбітных дзеячаў; пра асаблівасці гаспадарчага развіцця ДП “Нача”, культурную сферу вёскі; распрацаваны комплекс краязнаўчых работ. З работай “Зямля бацькоў — зямля святая” навучэнцы ўдзельнічалі ў фінале раённага этапу краязнаўчага конкурсу на лепшы летапіс населенага пункта, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Па выніках конкурсу работа заняла 1-е месца і была адзначана граматай раённага аддзела адукацыі.

У раённым этапе краязнаўчага конкурсу “Мясціны майго дзяцінства” ў межах гэтай жа акцыі каманда школы прадставіла работу “Легенды і паданні роднага краю” і заняла 3-е месца, узнагароджана граматай аддзела адукацыі, а таксама граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. На аснове згаданых работ была распрацавана візітоўка роднай вёскі, праведзена аглядная экскурсія, а пазней былі зняты невялікія відэафільмы “Мая малая радзіма”, “Сядзіба Чарноцкіх: мінулае і сучаснае”.

Праз удзел у рабоце клуба прайшлі дзясяткі навучэнцаў школы. Аматары роднага краю штогод удзельнічаюць у раённай краязнаўчай алімпіядзе школьнікаў. Вынікі заўсёды радуюць. Прычым перамогі вучняў вядомы не толькі ў раёне і ў вобласці, але і на рэспубліканскім узроўні. Так, летась у межах акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” дыпломамі за прафесійнае правядзенне экскурсіі, за ўдзел у конкурсе юных экскурсаводаў “Мая малая радзіма” адзначаны дзесяцікласніца Таццяна Чаранкевіч і васьмікласніца Юлія Голя. Дарэчы, Таццяна Чаранкевіч стала абсалютным пераможцам злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без межаў” і адзначана дыпломам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, імянным кубкам злёту.

Сёння, улічваючы сучасныя рэаліі, настаўнік павінен уносіць у вучэбны працэс новыя метады падачы інфармацыі. Неабходна навучыць кожнае дзіця за кароткі прамежак часу асвойваць, пераўтвараць і выкарыстоўваць у практычнай дзейнасці яе вялізныя масівы. Вельмі важна арганізаваць працэс навучання такім чынам, каб дзіця актыўна, з цікавасцю і захапленнем працавала на ўроку. Дапамагае Святлане Мікалаеўне ў вырашэнні гэтай задачы спалучэнне традыцыйных метадаў навучання і сучасных інфармацыйных тэхналогій, якія яна поўнасцю або часткова выкарыстоўвае на сваіх уроках, такіх як тэхналогія праблемнага навучання, метад праектаў, тэхналогія французскіх педагагічных майстэрняў, здароўезберагальныя тэхналогіі, а таксама інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.

Асаблівую ўвагу пры выкарыстанні ІКТ педагог удзяляе стварэнню і выкарыстанню мультымедыйных прэзентацый, якія спалучаюць у сабе шмат кампанентаў, неабходных для паспяховага навучання школьнікаў (анімацыя, гук, графіка і інш.). Настаўніца склала медыятэку як па геаграфіі, так і па абслуговай працы. Пазнавальная матывацыя дзяцей на такіх уроках павялічваецца, аблягчаецца авалоданне складаным матэрыялам. Акрамя таго, фрагменты ўрокаў, на якіх выкарыстоўваюцца прэзентацыі, становяцца больш прыцягальнымі для дзяцей.

Святлана Мікалаеўна выкарыстоўвае ІКТ на розных этапах урока: пры тлумачэнні новага матэрыялу, замацаванні, паўтарэнні, кантролі і ацэнцы ведаў, а таксама пры правядзенні алімпіяд і пазакласных мерапрыемстваў.

— Лічу, што ўрокі з выкарыстаннем ІКТ не толькі пашыраюць і замацоўваюць атрыманыя веды, але і ў значнай ступені павышаюць творчы патэнцыял навучэнцаў. Думаю, што прымяненне ІКТ можа ператвараць выкладанне традыцыйных вучэбных прадметаў, аптымізаваць працэс разумення і запамінання вучэбнага матэрыялу і, галоўнае, узняць на больш высокі ўзровень цікавасць дзяцей да вучобы, — адзначае С.М.Чаранкевіч.

У сваёй дзейнасці настаўніца прымяняе тлумачальна-ілюстрацыйны метад, які спалучае ў сабе слоўныя метады (аповед, тлумачэнне, работу з краязнаўчай літаратурай) з ілюстрацыяй розных па змесце краязнаўчых крыніц (карт, схем, дыяграм, натуральных аб’ектаў і г.д.) і выкарыстоўваецца практычна на кожным уроку; часткова-пошукавы метад, які заснаваны на выкарыстанні краязнаўчых ведаў, жыццёвага і пазнавальнага вопыту навучэнцаў. У арсенале настаўніцы і параўнальны метад, заснаваны на супастаўленні прыродных аб’ектаў, тэрыторый і прыродных з’яў у розных частках Беларусі і свету для лепшага разумення іх асаблівасцей. Святлана Мікалаеўна лічыць, што галоўным прызначэннем гэтага метаду з’яўляецца магчымасць здзівіць навучэнцаў і прымусіць іх задумацца. А праз гэтыя пачуцці навучэнцы, параўноўваючы і супастаўляючы, лягчэй засвойваюць і разумеюць матэрыял, літаральна прапускаючы яго праз сябе. Параўнальны метад эфектыўны і пры рабоце са слабымі навучэнцамі, якія па розных прычынах матэрыял не засвоілі. Адштурхоўваючыся ад іх жыццёвага вопыту, ведаў сваёй мясцовасці, педагог падводзіць дзіця да разумення асаблівасцей прыроды ці гаспадаркі тэрыторый, якія знаходзяцца ў падобных умовах, у тым жа ўмераным поясе. Часта практыкуе настаўніца і работу з краязнаўчымі крыніцамі і літаратурай (даведнікі, перыядычны друк, карты, схемы, табліцы), якія выкарыстоўваюцца пры папярэдняй падрыхтоўцы навучэнцаў да вучэбных заняткаў і непасрэдна на ўроку пры падрыхтоўцы індывідуальных і групавых заданняў па апісанні характэрных для роднага краю прыродных з’яў і гаспадарчых аб’ектаў.

Адным з вядучых спосабаў арганізацыі пошукавай дзейнасці навучэнцаў у вучэбнай краязнаўчай рабоце з’яўляецца даследчы метад. Яго Святлана Мікалаеўна выкарыстоўвае пры арганізацыі метэаралагічных, гідралагічных, феналагічных назіранняў і апрацоўцы іх вынікаў, а таксама пры правядзенні экскурсій, складанні эканоміка-геаграфічнай характарыстыкі мясцовых прадпрыемстваў і г.д. Да новых метадаў навучання можна аднесці выкарыстанне ІКТ і магчымасцей інтэрнэту. Ён спалучае ў сабе адразу некалькі метадаў (ілюстрацыйны і часткова-пошукавы) і з’яўляецца крыніцай краязнаўчай інфармацыі. Найбольш часта на ўроках прымяняецца ілюстрацыйны матэрыял па тэме, якая вывучаецца, атрыманы з інтэрнэту, а таксама ў школе ёсць магчымасць правядзення ўрокаў з выхадам у інтэрнэт.

— Памятаю першы свой урок: перажыванні, хваляванні наконт таго, ці прымуць мяне дзеці, ці зразумеюць, як будуць адносіцца, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — За гады работы былі тысячы ўрокаў: і ўдалыя, добрыя, з практычнай накіраванасцю, калі-нікалі, на жаль, і тыя, якія не атрымаліся… Зараз мяне апаноўваюць іншыя пачуцці пасля ўрока. Ці змагла чаму-небудзь навучыць, ці закранула сэрцы дзяцей, ці стаў мой урок пропаведдзю дабра, справядлівасці, сумленнасці? Стала важным іншае: каб мая любоў сагравала ў цяжкую хвіліну, каб веды, атрыманыя на ўроку, спатрэбіліся і дапамаглі дзецям знайсці сваё месца ў жыцці, а чалавечыя якасці змаглі перамагчы.

За гады работы ў настаўніцы сфарміраваліся свае патрабаванні да ўрока. Па-першае, урок павінен быць эмацыянальным, выклікаць інтарэс да навучання і выхоўваць патрэбу ў ведах. Па-другое, тэмп і рытм урока павінны быць аптымальнымі, дзеянні настаўніка і вучняў завершанымі. Па-трэцяе, неабходны поўны кантакт ва ўзаемадзеянні настаўніка і навучэнцаў — на ўроку павінны захоўвацца педагагічны такт і педагагічны аптымізм. Акрамя таго, на занятках павінна дамінаваць атмасфера добразычлівасці і актыўнай творчай работы, па магчымасці неабходна мяняць віды дзейнасці навучэнцаў, аптымальна спалучаць розныя метады і прыёмы навучання.

Настаўніца рыхтуе дзяцей да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў. Так, падрыхтоўка да алімпіяды адбываецца на працягу навучальнага года. Яна ўключае ў сябе арганізацыю сістэматычных пастаянных форм пазаўрочнай работы (гурткоў, факультатываў) і эпізадычных разавых (тыдні, вечары і г.д.). Выкарыстанне розных форм пазаўрочнай работы садзейнічае пашырэнню ведаў школьнікаў, развіццю іх інтэлектуальных здольнасцей. Таксама важным складнікам падрыхтоўкі школьніка да алімпіяды з’яўляецца індывідуальная, дыферэнцыраваная работа настаўніка з навучэнцамі, захопленымі прадметам.

Святлана Чаранкевіч — цікавы рознабаковы педагог, з якім падабаецца гаварыць аб усім на свеце. Як клапатлівая жанчына-гаспадыня — Святлана Мікалаеўна любіць парадаваць родных прысмакамі. Хобі настаўніцы — вырабы “сваімі рукамі”. Яшчэ бабуля навучыла Святлану вышываць, а цяпер настаўніца асвойвае новыя тэхнікі рукадзелля. Зараз яна працуе ў тэхніцы кветкі з гафрыраванай паперы. Пад кіраўніцтвам настаўніцы вучаніца школы неаднаразовы прызёр алімпіяд Вікторыя Зелянко распрацавала праекты “Касачы” (вышыўка крыжыкам), “Камізэлька” (шыццё з абрэзкаў), “Набор упрыгажэнняў” (канзашы).

Святлана Мікалаеўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам і вучыць быць шчаслівымі сваіх выхаванцаў, знаходзіць прыемныя моманты ў дробязях. “Шчасце — жыць, займацца любімай справай, шчасце — мець добрую сям’ю, шчасце — ісці поруч з калегамі-аднадумцамі, імкнуцца і дасягаць”, — пераканана настаўніца.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.