Вось і мінуў год з нашай знакавай паездкі ў рамках расійска-беларускага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці”. Вельмі прыемна быць першаадкрывальнікамі. Мы былі першымі, хто сеў у гэты цягнік і прайшоў па маршруце памяці. Мы першыя, хто, узяўшыся за рукі, усе 2 тыдні жыў адзіным арганізмам. Мы сябравалі, марылі, памяталі і стваралі.
Гледзячы на новых удзельнікаў праекта “Цягнік Памяці”, адчуваеш лёгкае пачуццё зайздрасці. Але гэтае пачуццё светлае. Я ж ведаю, што іх чакае з першага дня. Гэта першая сустрэча ўдзельнікаў на вакзале ў Брэсце, першыя знаёмствы, гэта пераклічка гарадоў, слёзы ў Брэсцкай крэпасці і радасць ад таго, што мы жывём у такой прыгожай, мірнай і свабоднай краіне.
Мінуў год, але мы, удзельнікі праекта, не перасталі мець зносіны. Мы пасябравалі, перапісваемся, сазвоньваемся, многія прыязджалі ў госці адно да аднаго. На працягу года мы ўдзельнічалі ў праектах і акцыях, прадстаўлялі свае школы на рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах. Дзякуючы праекту, мы сталі ўдзельнікамі адкрытага ўрока “Гістарычная памяць — дарога ў будучыню” з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам 1 верасня 2022 года ў Палацы Незалежнасці. Гэта вялікі гонар і давер, аказаныя нам.
Фота Сяргея СЛЯПЦОВА, з архіва “Аршанскай газеты”
“Цягнік Памяці” — гэта не проста вясёлая паездка, гэта не проста агляд экскурсійных славутасцей, як мы прывыклі разумець. Кожны горад, кожны аб’ект праходзіць праз сэрца, кожная сустрэча знакавая і адказная. Хочацца пажадаць удзельнікам “Цягніка Памяці” 2023 года працягнуць наш маршрут, разумець тую місію, якая на іх ускладзена. Мы з’яўляемся нашчадкамі людзей, дзякуючы якім можам жыць і вучыцца пад мірным небам, мы можам строіць планы і рэалізоўваць свае мары. Мы проста абавязаны захаваць памяць аб сваіх прадзедах, якія не пашкадавалі жыцця дзеля нашай мірнай будучыні. Кожны грамадзянін сваёй краіны ўносіць уклад у яе росквіт і развіццё. Ад нас, маладога пакалення, залежыць, наколькі светлым і мірным будзе заўтрашні дзень. Гэта мы павінны пераняць эстафету памяці ў старэйшага пакалення і пранесці яе з годнасцю, каб у будучыні перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Спадзяюся, што мае зносіны з праектам не закончыліся. Цяпер у мяне гарачая пара паступлення ва УВА. Хочацца верыць, што праз пару гадоў у праект я вярнуся ўжо важатым атрада. “Цягнік Памяці” ж застаецца ў сэрцы назаўсёды!
Канстанцін СТЭЛЬМАХ,
выпускнік 11 педагагічнага класа
сярэдняй школы № 131 Мінска,
удзельнік культурна-адукацыйнага
праекта “Цягнік Памяці” 2022 года