Як гэта — сустрэць свой дзень нараджэння ў камандзе цягніка Памяці, спытала карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» ўдзельнікаў праекта.
Эмілія Адамян, Арменія:
— У мой дзень нараджэння цягнік быў у Санкт-Пецярбургу. Галоўным падарункам на 17-годдзе для мяне стала наведванне фестывалю выпускнікоў «Пунсовыя ветразі». Калі была на стрэлцы Васільеўскага вострава, глядзела навокал і не верыла сваім вачам, што гэта ўсё са мной адбываецца. Убачыць карабель з пунсовымі ветразямі — гэта была мая мара, і яна спраўдзілася!
На Вялікай Айчыннай вайне абараняў Радзіму бацька маёй бабулі Артавазд. Шчыра прызнаюся, я дагэтуль не ведаю, дзе ён ваяваў. Але цяпер з’явілася вялікае жаданне даведацца як мага падрабязней. Можа, мы на цягніку Памяці наведвалі якраз тыя мясціны?!
З гарадоў на маршруце больш за ўсё спадабаўся Ніжні Ноўгарад. Нават не чакала, што настолькі яго палюблю, хаця кожны горад нечым адметны, славуты і цікавы. Для мяне было б гонарам, калі б маршрут аднаго з наступных праектаў прайшоў праз Арменію. І перш за ўсё хацела б паказаць манумент у Ерэване, які называецца Маці Арменія. Гэта помнік у гонар Перамогі над фашысцкім ворагам. Мы ганарымся нашымі дзядулямі і прадзедамі. Калі зараз ідзём і бачым мемарыялы, помнікі героям і ахвярам вайны, ускладаем там кветкі — у мяне мурашкі па скуры. Я цвёрда ўпэўнілася, што трэба ўсё гэта ведаць і берагчы.
Багдан Ушал, сярэдняя школа № 1 Шуміліна:
— Часта май называюць вясной жыцця. Песня, з якой я выступаў на рэспубліканскім конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны», была з кінастужкі «17 імгненняў вясны». І маё конкурснае эсэ называлася «Пра тую вясну» — паспрабаваў выказаць, што азначае для мяне пераможная вясна 1945-га, чым мы ўсе ёй абавязаны. Шлях да той вясны быў неймаверна цяжкім, кожны крок аплачаны чалавечай крывёю. Мой прадзед Фёдар таксама ваяваў, меў баявыя ўзнагароды.
Першым пунктам на маршруце ў Валгаградзе, дзе я сустрэў сваё 17-годдзе, стаў Мамаеў курган. Падняцца на вяршыню па 200 прыступках — па колькасці дзён Сталінградскай бітвы — нават у лагоднае надвор’е няпроста, між тым 29 чэрвеня панавала спёка. На здзіўленне, мы, удзельнікі праекта, не адны падымаліся. На курган, не перапыняючыся, нібы цякла жывая рака: людзі ішлі ўшанаваць памяць абаронцаў Радзімы. Для мяне было важна і сімвалічна зрабіць гэта ў свой дзень нараджэння. Тыя ж, хто тут загінуў, аддалі за нас сваё жыццё.
У Валгаградзе мяне павіншавалі з днём нараджэння сябры па атрадзе. Прыемным сюрпрызам было атрымаць падарунак ад Расійскай чыгункі — шахматы. Прызнацца, не вельмі добра ў іх гуляю, цяпер буду вучыцца. Пасля наведвання гэтага горада зрабіў для сябе высновы, што з расійскай ваеннай гісторыяй не настолькі знаёмы, як належыць. Больш ведаю пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Цяпер у мяне з’явіўся новы напрамак інтарэсаў. Ёсць рэчы, якія проста трэба ведаць.
Школа, дзе я вучуся, носіць імя Героя Савецкага Саюза Пятра Антонавіча Акуцыёнка. Гэта наш зямляк, удзельнік Курскай бітвы, які загінуў у баі пад беларускім Лоевам. У нас з мінулай восені дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб «Юны гвардзеец». Ім кіруе настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Сяргей Яўгенавіч Сахончык. Кожную суботу збіраемся разам, абмяркоўваем сучасныя і мінулыя падзеі, кожны можа паказаць свае здольнасці. Часта вырашаем зрабіць што-небудзь карыснае для людзей і Шуміліна. Напрыклад, узялі шэфства над помнікам на месцы растрэлу мірных жыхароў райцэнтра ў гады Вялікай Айчыннай вайны і магілай невядомага салдата ля вёскі Каравайніца. Зімой расчышчалі снег, вясной прывялі ў парадак тэрыторыю. Мы з сябрамі лічым, што наша памяць — гэта перш за ўсё нашы справы.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара