Удзельнікі алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы дэманструюць высокі ўзровень падрыхтоўкі на ўсіх этапах

- 15:20Образование

Традыцыйнае мера­п­рыем­ства Саюзнай дзяржа­вы паказвае магутнасць інтэ­лектуальнага патэнцыялу дзвюх краін і далучае навучэнцаў з Беларусі і Расіі да агульнай славянскай культуры, матывуе да пазнання гісторыі і глыбіні слова, адзначыў, каменціруючы заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, намеснік міністра адукацыі Рэс­публікі Беларусь Аляксандр Кадлубай. 

Да пазнання гісторыі і глыбіні слова

Журы канстатуе пас­таянны рост узроўню пад­рыхтоўкі ўдзельнікаў, ён вельмі высокі на ўсіх этапах. А галоўнае тое, што на пляцоўцы алімпіяды завязваецца сяброўства на ўсё жыццё. Многія ўдзельнікі папярэдніх алімпіяд, якія сёння ўжо студэнты або выпускнікі беларускіх і расійскіх УВА, да гэтага часу кантакту­юць адно з адным. Па энергетыцы, сэнсах, па­дзейнай насычанасці алімпіяда з’яўляецца адной з самых каштоўных жамчужын Саюзнай дзяржавы, — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай.

Упэўненасць у тым, што алімпіяда будзе садзейні­чаць далейшай інтэграцыі і сяб­роўству Беларусі і Расіі, выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Кіраўнік вобласці асобна адзначыў, што Віцебшчына актыўна ўдзельнічае ў саюзных праек­тах. Так, у 2024 годзе Віцебск, Полацк і Наваполацк прымалі ХІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, з’яўляючыся пляцоўкамі для дыя­логу нашых краін. Штогод горад на Заходняй Дзвіне становіцца культурнай сталіцай славянскага свету, прымаючы Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Дарэчы, адна з галоўных пляцовак форуму мастацтваў — канцэртная зала “Віцебск”, дзе адбыліся адкрыццё і ўзнагароджанне пераможцаў алімпіяды. А месцам алімпіядных баталій і пражывання ўдзельнікаў быў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж.

Фінал алімпіяды з’яднаў амаль 200 старшакласнікаў у складзе 33 каманд. Акрамя напружанага інтэлектуальна-творчага спаборніцва, іх і суправаджаючых педагогаў чакалі знаёмства са славутасцямі гасціннага старажытнага горада, а таксама паездка ў велічны Полацк. І, безумоўна, усе дружна віншавалі сяброў з днямі нараджэння, калі тыя прыпадалі на алімпіядны час!

— Я ў Віцебску не ўпершыню, у адрозненне ад навучэнцаў з нашай каманды, — падзялілася Алена Цвяткова з Кастрамы, кіраўнік цэнтра “Адораныя школьнікі”. — Па-добраму ім зайздрошчу, бо яны перажываюць не толькі хваляванне за вынік, але і радасць адкрыццяў, новых знаё­м­стваў. Для мяне Віцебск — горад, у які немагчыма не ўлюбіцца. Зразумела, кожны фіналіст прыехаў сюды, спадзеючыся на перамогу. Разам з тым перажытае пранізлівае пачуццё адзінства, сяброўства, агульнасці нашых каранёў — галоўны ўрок алімпіяды. Гэта невымерна важней.

Тэма 80-годдзя Вялікай Перамогі гучала на алімпія­дзе кожны дзень. Дарэчы, і афіцыйны старт заключнаму этапу быў дадзены ў сэрцы Віцебска на плошчы Перамогі. Старшыня журы алімпіяды Васіль Русецкі назваў гэты момант ключавой па­дзеяй:

— Невыпадкова алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы пачынаюцца ў такіх знакавых месцах гарадоў, дзе яны прахо­дзяць. У розныя гады гэта былі і Гомель, і Масква, і Смаленск, і Полацк. Цяпер — Віцебск. Маладым лю­дзям вельмі важна атры­маць тыя апоры, якія сфарміруюць іх далейшы лёс незалежна ад таго, чым яны будуць займацца ў жыцці.

Спецыяльны прыз цэнтральнага аргкамітэта алімпіяды Аляксандр Кадлубай уручыў Каміле Зінгер, навучэнцы сярэдняй школы № 5 Рагачова імя 120-й гвардзейскай стралковай Рагачоўскай Чырванасцяжнай дывізіі.

Многія фіналісты на творчых этапах звярнуліся ў сваіх работах да літаратурных твораў пра Вялікую Айчынную вайну. Наколькі гэтая тэма блізкая моладзі, яскрава паказалі менавіта творчыя алімпіядныя выпрабаванні — сачыненні-водгукі і выступленні на конкурсе рытарычнага майстэрства.

Дыпломам абсалютнага пе­раможцы алімпіяды і спецыяльным прызам Пастаяннага Камітэта Саюз­най дзяржавы ўзнагароджа­на Альбіна Багапава, навучэнка сярэдняй школы № 24 Саранска (Мардовія). Перамогу ў камандным заліку таксама атрымалі навучэнцы з Мардовіі. Другое месца падзялілі прадстаўнікі Гомельскай вобласці і Мінска. На трэцім — каманды Гро­дзенскай, Магілёўскай абласцей і Віцебска. Заключны этап наступнай алімпіяды адбу­дзецца ў Рэспубліцы Мардовія (Расійская Федэрацыя).

Скарбонку прадстаўнікоў Віцебскай вобласці па выніках заключнага этапу алімпіяды “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” папоўнілі 7 узнагарод, з іх 4 — на рахунку гімназіі № 2 Віцебска. Навучэнцаў падрыхтавалі настаўніцы Людміла Прусава і Алена Маісеева. Як праінфармаваў дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў, на сёлетняй алімпіядзе гэта самае выніковае выступленне сярод устаноў адукацыі Саюзнай дзяржавы. Па колькасці ўзнагарод паспаборнічаць можа хіба што Ліцэй БДУ, але ў віцяблян вартасць дыпломаў вышэйшая.

Педагагічны кампанент і “Класная”

На працягу двух дзён кіраўнікоў каманд-фіналістаў прымаў Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Як паведаміла рэктар ВАІРА Вольга Лапацінская, у першы дзень тут арганізавалі змястоўную выставу-прэзентацыю, дзе гаспадары прадставілі асноўныя напрамкі дзейнасці інстытута: адукацыйны, навукова-метадычны, эксперыментальны і інавацыйны, выхаваўчы і ідэалагічны. Расіян вельмі ўразіў “Рабочы сшытак” — вынік практыка-арыентаванага інавацыйнага праекта інстытута. У сшытку побач з тэорыяй па тэмах вучэбнай праграмы змешчаны заданні для адпрацоўкі навыкаў і блокі для самападрыхтоўкі. З не меншай цікавасцю педагогі вывучалі віцебскія напрацоўкі па арганізацыі і суправаджэнні дзейнасці прафесійных клубаў, арыентаваных на канкрэтныя катэгорыі педагогаў і адукацыйныя задачы, прафесійныя знаходкі супрацоўнікаў інстытута і лепшых настаўнікаў вобласці, вынікі адукацыйных праектаў і конкурсаў. Высокую ацэнку атрымаў і вопыт ВАІРА ў напрамку падтрымкі маладых спецыялістаў. Бурнае абмеркаванне выклікала сістэма работы школы маладога педагога, якая ўключае навучанне, конкурсы прафесійнага майстэрства і нефармальныя “сустрэчы без гальштукаў” у фармаце абласнога MeetUp.

Завяршылася сустрэча праглядам мастацкай кінастужкі “Класная”. Калі нашы суайчыннікі яе ўжо бачылі, то для расіян атрымалася прэм’ера, якая зачапіла за жывое.

Валянціна Бялова з Ульянаўскай вобласці прызналася:

— Мяне проста перапаўнялі эмоцыі! Хацелася апла­дзіраваць у многіх месцах фільма. Я зараз пра гэта вам кажу, і ў мяне слёзы наварочваюцца, бо насамрэч гэта высокапрафесійная работа. Дзякуй за выдатную карціну! Абавязкова вывучу інфармацыю пра яе стваральнікаў і сваім калегам у Расіі парэкамендую паглядзець “Класную” разам з вучнямі. Фільм філасофскі і моцны, таму мне хочацца па­дзяліцца ім, як адкрыццём.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара