Беларусь зацікаўлена ў турыстычных праектах з Еўропай і Кітаем, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у Будапешце на саміце кіраўнікоў урадаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітая ў фармаце “16+1”.
Андрэй Кабякоў агучыў ініцыятыву “турыстычнага калідора”, які звязвае 16 краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітай праз Беларусь. 2018 год аб’яўлены Годам турызму Кітая і ЕС, дасягнута дамоўленасць аб аб’яўленні 2018 года Годам турызму Беларусі і Кітая. “Беларускі бок поўнасцю адкрыты для наладжвання цесных кантактаў у сферы турызму. Гэта аснова для магчымасці супрацоўніцтва ў іншых сферах: навуцы, адукацыі, гуманітарным супрацоўніцтве, маладзёжнай палітыцы, ахове навакольнага асяроддзя”, — адзначыў прэм’ер-міністр.
Беларусь прыняла ўжо шэраг мер для прыцягнення замежных турыстаў — спрашчаюцца візавыя працэдуры, ствараецца новая турыстычная інфраструктура. Гасціннасць беларусаў, іх павага да людзей розных рэлігій, нацыянальнасцей і культур вядомы за межамі краіны.
“Спадзяюся, магчымасці і патэнцыял Беларусі будуць узяты пад увагу пры распрацоўцы перспектыўных планаў і праектаў фармату “16+1”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
Прэм’ер-міністр Беларусі на саміце таксама заявіў, што ўдзельнікі фармату “16+1”, што аб’ядноўвае краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Кітай, могуць унесці важны ўклад у рэалізацыю ініцыятывы новага Хельсінкскага працэсу.
“Беларускі бок надае асаблівае значэнне неабходнасці развіцця дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва. Беларусь у якасці краіны-наглядальніка ўдзельнічае ў мерапрыемствах нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі. Для нас відавочна, што еўрапейскім краінам таксама неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу абнаўленню агульнаеўрапейскага дыялогу ў сферы бяспекі. Менавіта таму Беларусь выступіла з ініцыятывай арганізацыі новага Хельсінкскага працэсу для вызначэння агульных, задавольваючых усіх прынцыпаў і мэт, накіраваных на ўмацаванне даверу”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
У рамках такога шырокага дыялогу краіны-ўдзельніцы і наглядальнікі фармату “16+1” маглі б унесці свой важны ўклад у пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі, выпрацаваць узаемапрымальныя прынцыпы і напрамкі супрацоўніцтва, лічыць кіраўнік беларускага ўрада.
Важным напрамкам міжнароднага ўзаемадзеяння Беларусь лічыць развіццё супрацоўніцтва ў рамках Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Чарговая сустрэча кіраўнікоў урадаў краін ЦЕІ пройдзе 12 снежня ў Мінску. “Мы прапанавалі нашым партнёрам па ЦЕІ абмеркаваць надзённыя праблемы. Перш за ўсё гэта патрэбнасць у сумяшчальнасці, злучальнасці нашых краін. Нараўне з развіццём транспартнай і лагістычнай інфраструктуры пад гэтымі паняццямі мы разумеем гарманізацыю стандартаў і мытных працэдур, укараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій для спрашчэння гандлю і развіцця трансгранічных паслуг”, — дадаў Андрэй Кабякоў.
Фармат супрацоўніцтва “16+1” ініцыіраваны Кітаем. Яго мэта — актывізацыя ўзаемадзеяння КНР з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (Албанія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Латвія, Літва, Македонія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Эстонія) у галіне інвестыцый, транспарту, фінансаў, навукі, адукацыі і культуры. Першы саміт “16+1” адбыўся ў 2012 годзе ў Варшаве (Польшча).