Працягваем знаёмства з пасажырамі цягніка Памяці. З чым яны прыйшлі ў праект? Якія ў іх былі чаканні ад яго? Даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Кацярына Шкута, сярэдняя школа № 5 Брэста:
— Тэматыка праекта мне вельмi блiзкая, бо мой прадзед Васіль Нічыпаравiч ваяваў на Вялiкай Айчыннай вайне, быў паранены, мае баявыя ўзнагароды. Мая сям’я шануе яго подзвiг. Жыць у Брэсце i не памятаць пра тых, каму мы абавязаны шчасцем расцi пад мірным небам у свабоднай краiне, напэўна, немагчыма. Тут, у крэпасцi, кожная пядзя зямлi, палiтая крывёй абаронцаў, — сведка гiстарычнай праўды. Мы з сябрамi стараемся актыўна ўдзельнiчаць у жыццi школы, горада, вобласцi. Гэты вопыт, а таксама вялiкае жаданне далучыцца да грандыёзнага маладзёжнага праекта і, канечне ж, падтрымка настаўнiкаў дапамаглi мне прайсці конкурсны адбор. Для мяне важна, што старт праекту быў дадзены менавiта ў Брэсце. Мы разам сустрэлi ў крэпасцi світанне з 21 на 22 чэрвеня, прынялi ўдзел у мiтынгу-рэквiеме, паглядзелi рэканструкцыю падзей пачатку вайны. Я неаднойчы раней там была, але кожны раз уражаннi як ад першага візіту: пастаянна штосьцi мяняецца, кранае да глыбiнi душы і нязменна прымушае задумацца, наколькi гэта страшна, жудасна і бесчалавечна — вайна. Гэта трэба цвёрда памятаць i рабiць усё магчымае, каб нiколi не дапусцiць падобнага, зберагчы мiр.
Ад праекта я чакаю новых уражанняў, эмоцый, знаёмстваў. Безумоўна, хочацца паглядзець гарады i славутасцi Беларусi i Расii, данесцi cвету: моладзь неабыякавая да пытанняў гiсторыi i нацэлена свята захоўваць спадчыну продкаў, памяць пра Вялiкую Айчынную вайну. За першыя днi мы з усiмi ўдзельнiкамi пазнаёмiлiся i адчулi сябе адзiнай дружнай сям’ёй. Упэўнена, што наша сяброўства працягнецца i пасля заканчэння праекта.
Ганна Высоцкая, Германавiцкая сярэдняя школа Шаркаўшчынскага раёна:
— У праект я прыйшла, натхнёная прыкладам удзельнiкаў мiнулага цягніка Памяцi, якiя прадстаўлялi Беларусь i Вiцебскую вобласць. Пасля завяршэння падарожжа яны часта сустракалiся i гутарылi з навучэнцамi сваiх i iншых устаноў адукацыi, расказвалi аб праекце ў сацыяльных сетках, дзялiлiся ўражаннямi. Ведаеце, мяне асабiста яго iдэя зачапiла за жывое. Калi задумвалася, што насамрэч стаiць за звычайнай, здавалася б, паездкай — слёзы наварочваліся, перахоплiвала дыханне ад эмоцый. Настолькi важнай i вялiкай уяўялася справа, настолькi я ёй праніклася. Удзячная лёсу, што мая мара спраўдзiлася i мне даверылi прадстаўляць сваю краiну i малую радзiму.
Брэст, Гродна, Полацк, Санкт-Пецярбург, Нiжнi Ноўгарад — на маршруце няма выпадковых гарадоў. Мы штодня наведваем мясцiны, без перабольшання святыя для кожнага, чые продкi разам змагалicя з фашысцкiмi нелюдзямi i адстаялi Перамогу. Cярод гэтых мужных абаронцаў быў i мой дзядуля Iван. Мне ёсць пра што расказаць, чым падзялiцца з равеснiкамi i аднадумцамi. Тое, што мы бачым, паглыбляе веды па гiсторыi i асэнсаванне цяжкiх для нашых народаў дзён Вялiкай Айчыннай вайны. У нашым атрадзе — дзяўчаты i хлопцы з чатырох краiн: Беларусi, Расii, Aрменii i Кыргызстана. Мы абменьваемся сямейнымi гiсторыямі, параўноўваем традыцыi, у якiх знайшлi, мiж iншым, шмат агульнага! Запомнiлi нямала армянскiх, кыргызскiх слоў, а сваiх новых сяброў вучым размаўляць па-беларуску. Шкада, што ўмовы поезда гэтага не дазваляюць, а так хочацца пачаставаць iх нашымi дранiкaмi cа смятанай. Аказалася, што некаторыя нi разу не каштавалi іх! Cпадзяюся, што мы працягнем сяброўства і аднойчы гэта спраўдзiцца.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара