Удзячнасць за цудоўныя мінуты радасці і гордасці за сваю краіну

- 10:38Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларускую біятланістку Надзею Скардзіна з заваяваннем залатога медаля на першым этапе Кубка свету ў шведскім Эстэрсундзе. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

“Твой яркі поспех, дасягнуты дзякуючы працавітасці і волі да перамогі, падарыў усім беларусам цудоўныя мінуты радасці і гордасці за сваю краіну. Гэта тваё першае “золата” на этапах Кубка свету, якое ўсяляе ў каманду надзею і ўпэўненасць у сваіх сілах у пачатку алімпійскага сезона”, — гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт пажадаў Надзеі Скардзіна, яе калегам па зборнай і трэнерскаму штабу здароўя, удачы і новых перамог.

Нагадаем, біятланістка Надзея Скардзіна перамагла ў індывідуальнай гонцы на дыстанцыі 15 км на этапе Кубка свету ў шведскім Эстэрсундзе.

Беларуская спартсменка паказала вынік 42 мінуты 57,4 секунды. Залогам поспеху Надзеі стала дакладная і хуткая стральба — на чатырох агнявых рубяжах яна не дапусціла ніводнага промаху. Пасля заключнай стральбы Н.Скардзіна была лідарам, і перашкодзіць ёй заняць першае месца магла толькі нарвежка Сюневе Сулемдал. Аднак саперніца на апошнім адрэзку дыстанцыі не вытрымала тэмп, які задала беларуска, і прайграла ёй на фінішы 2,9 секунды (0+0+0+0). Бронзавым прызёрам індывідуальнай гонкі стала ўкраінка Юлія Джыма, якая таксама не дапусціла промахаў на стрэльбішчы, але ўступіла па ходзе дыстанцыі 12,0 секунды (0+0+0+0).

Надзея Скардзіна ўпершыню ў сваёй кар’еры заваявала залаты медаль у індывідуальнай гонцы на этапах Кубка свету. Годам раней у Эстэрсундзе на п’едэстал гонару ўзнялася Дар’я Юркевіч, якая заняла трэцяе месца.