Ухіл — на прафарыентацыю. У гімназіі Нясвіжа расказалі пра інжынерныя класы

- 13:11Образование

Падтрымліваць унікальнае адукацыйнае асяроддзе і павышаць праз яго якасць ведаў навучэнцаў — на гэтым робяць акцэнт педагогі Нясвіжскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Менавіта гэты раён Міншчыны быў выбраны для чарговай рабочай паездкі прадстаўнікоў Выдавецкага дома. Педагогі Нясвіжа час ад часу друкуюць свае артыкулы на старонках “Настаўніцкай газеты”, з’яўляюцца героямі аўтарскіх матэрыялаў вядучага карэспандэнта па Мінскай вобласці, але супрацоўніцтва варта пашыраць і рабіць больш актыўным. З гэтым пагадзілася і намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Таццяна Дубовік, а таксама загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета Настасся Гурко.

— Нашым педагогам ёсць чым падзяліцца, — адзначыла Таццяна Іванаўна. — Што тычыцца “Настаўніцкай газеты”, то заўсёды прыемна на яе старонках ба­чыць імёны сваіх калег. Вельмі пада­баецца чытаць пра формы правя­дзення ўрокаў, метадычны вопыт. Пастаянна, калі сустракаем цікавую інфармацыю, запісваем яе, каб пасля пэўныя ідэі рэалізаваць і ў сваім рэгіёне.

У апошнія гады акцэнт ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Нясвіжа робяць на профільным навучанні. Удалымі напрацоўкамі ў гэтым кірунку падзялілася дырэктар Нясвіжскай гім­назіі Юлія Рабянок.

Першая профільная група інжынернай накіраванасці ў Нясвіжскай гімназіі з’явілася ў мінулым навучальным годзе. Яе навучэнцамі сталі 13 вучняў.

— У бягучым навучальным годзе была адкрыта яшчэ адна група ў складзе 9 чалавек, — адзначыла Юлія Рыгораўна. — На павышаным узроўні ў інжынернай групе вывучаюць фізіку і матэматыку. Акрамя гэтых прадметаў, навучэнцы асвойваюць вучэбную праграму факультатыўных заняткаў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, якая ўключае інфармацыйны блок. У яго межах вучні знаёмяцца з разнастайнасцю інжынернай дзейнасці ў галіне архітэктуры і будаўніцтва, аўта­мабілебудавання, транспартных камунікацый, энергетыкі.

Другі блок факультатыву — прафарыентацыйны, ён знаёміць дзяцей з прафесіямі будаўніка, тэхнолага, канструктара, архітэктара, праграміста, дызайнера, энергетыка, лагіста, сістэматэхніка. Дзякуючы рэалізацыі зместу трэцяга блока, будучыя інжынеры наведваюць прадпрыемствы, універсітэцкія навуковыя лабараторыі, дзе праходзяць выпрабаванні або рас­працоўваюцца новыя тэхналогіі.

— Дзякуючы супрацоўніц­тву з УВА краіны, у нас заключаны дагаворы з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, — дадае дырэктар Нясвіжскай гімназіі. — Так, напрыклад, для асваення праграм “AutoCAD”, “Компас” па пабудове двухмерных і трохмерных чарцяжоў для нашых вучняў у згаданых УВА былі арганізаваны практычныя заняткі. Падчас іх правядзення гімназісты не толькі азнаёміліся з універсітэтамі, спецыяльнасцямі, але і папрацавалі ў навуковых лабараторыях. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў БНТУ навучэнцы інжынернай групы асвойвалі прынцыпы работы ў праграме па 3D-мадэляванні.

За час навучання школьнікі наведалі такія найбуйнейшыя прадпрыемствы, як ААТ “Мінскі трактарны завод”, СЗАТ “БелДжы”, ААТ “БЕЛАЗ”. Якія абавязкі ўскла­дзены на інжынераў Нясвіжа, навучэнцы гімназіі ўбачылі, наве­даўшы такія прадпрыемствы горада, як Нясвіжская друкарня імя С.Буднага, Нясвіжскае праектна-вытворчае архітэктурна-планіровачнае бюро, Нясвіжскі РАНС, сельскагаспадарчае прадпрыемства “Райаграсервіс”.

— Мінулым летам двое навучэнцаў працягнулі знаёмства з прафесіяй у аздараўленчым профільным лагеры інжынернага кірунку “Атам”, які дзейнічаў на пляцоўцы Дзяржынскага дзяржаўнага каледжа, — зазначыла Юлія Рыгораўна. — Атрыманыя навыкі дзеці выкарыстоўваюць пры распрацоўцы ўласных праектаў, а таксама падчас удзелу ў адукацыйных зменах тэхнапарка. На момант паступлення вучні ўжо дакладна разумеюць, якую спецыяль­насць, чаму і для чаго хочуць асвоіць. Што тычыцца сёлетняга, першага выпуску, то дзеці плану­юць паступаць у БНТУ, БДТУ, БДУІР. Спа­дзяёмся, што нашы выпускнікі паспяхова справяцца з уступны­мі выпрабавання­мі, а тыя веды і ўменні, якія атрымаюць падчас вучобы ў інжынерных класах, дазволяць ім прымаць эфектыўныя інжынерныя рашэнні, планаваць і ажыццяўляць вучэбную і праектную дзейнасць, кантраляваць яе вынікі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА