“УКантакце”: змагацца нельга выкарыстоўваць

- 14:43Выхаваўчая прастора

Статыстыка гаворыць: штодзень карыстальнікі сацыяльнай сеткі “УКантакце” націскаюць кнопку “падабаецца” мільярд разоў. Але колькі з гэтых “падабаек”, схаваўшыся пад партай, ставяць вучні на ўроках, на жаль, ніхто не падлічыў. Стаўленне да сацыяльных сетак у настаўнікаў рознае. Адны бачаць у іх ворага нумар адзін, іншыя — зручны інструмент для работы з дзецьмі. Мы сабралі гісторыі трох педагогаў, якія, кожны па-свойму, выкарыстоўваюць сацыяльную сетку “УКантакце” ў рабоце.

Святлана Пятроўна СЦЕФАНОВІЧ, класны кіраўнік, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 15 Пінска. Вядзе закрытую суполку “9 “Г” клас”.

Тры гады назад класны кіраўнік 6 “Г” прапанавала сваім вучням аб’яднацца ў закрытую суполку “УКантакце”. Ідэю падтрымалі і бацькі: многія спецыяльна стваралі старонкі ў сетцы, каб далучыцца да сваіх дзяцей. Правілы вядзення суполкі загадзя не складалі — само жыццё падказвала, што трэба вучням і важна для настаўніка.

Па-першае, Святлана Пятроўна дзеліцца цікавымі тэкстамі і тэматычнымі відэа перад класнай гадзінай, навінамі краіны і свету — перад інфармацыйнай. У стужцы суполкі — тэатральная і кінаафіша горада, інфаграфіка з правіламі бяспекі, анонсы конкурсаў і алімпіяд, віншаванні з дзяржаўнымі святамі. Тут жа шмат спасылак на рэсурсы па прафарыентацыі: каталогі ўніверсітэтаў, нататкі і нават мультфільмы аб прафесіях. Дзеці атрымліваюць інфармацыю ў прывычным для іх асяроддзі, таму яе прасцей засвоіць.

Па-другое, класны кіраўнік не прапускае ні аднаго асабістага свята вучняў. Віншуе не толькі з днём нараджэння, але і з перамогамі ў спартыўных спаборніцтвах, алімпіядах і конкурсах. Запрашае дзяцей на выступленні аднакласнікаў, якія займаюцца ў музычных і харэаграфічных калектывах.

— Я не скуплюся на ласкавыя словы і стараюся заў­важаць поспехі вучняў. Адной­чы маці хлопчыка даслала фотаздымак яго дыплома, за­ваяванага ў спаборніцтвах па каратэ. Канечне, я ­адразу па­дзялілася ім у нашай суполцы, а таксама павіншавала пераможцу ў класе. Заўважыла, як гэты даволі сціплы хлопчык адразу выпрастаў плечы, з большай ахвотай падтрымаў размову. Гэта дапа­магло яму раскрыцца, — расказвае Святлана Пятроўна.

Каб расказваць бацькам пра жыццё класа, настаўніца фатаграфуе і здымае выступленні вучняў на школьных мерапрыемствах, асобныя альбомы прысвячае экс­курсіям, школьным кірмашам і канцэртам.

У суполцы створана некалькі абмеркаванняў — чатаў, дзе можна задаць важнае пытанне, прапанаваць ідэю. Але ні адзін з  іх не карыстаецца такой папулярнасцю, як той, дзе адказныя вучні штодзень размяшчаюць дамашнія заданні. З аднаго боку, магчымасць заўсёды падгле­дзець, што задавалі, расслабляе школьнікаў: навошта запісваць, калі гэта зробяць за цябе? З іншага боку, гэта дазваляе ­бацькам кантраляваць падрыхтоўку дзяцей да ўрокаў, а шматлікім спартсменам класа, што прапускаюць заняткі з-за збораў і спаборніцтваў, — не адставаць ад іншых вучняў.

Святлана Пятроўна прызнаецца: вядзенне суполкі займае нямала часу — трэба 20—30 хвілін, каб знайсці карысную інфармацыю і прывабны малюнак (інакш пост згубіцца ў стракатай стужцы навін). Час ад часу настаўніца праглядае і асабістыя старонкі вучняў: так можна заўважыць важныя перамены і падзеі ў іх жыцці, каб своечасова даць параду ці проста падтрымаць.

Стыль зносін у суполцы цяпер ужо 9 “Г” усё ж такі больш афіцыйны, чым нефармальны. Дзеці разумеюць, што размаўляюць з дарослымі, таму нават калі абмяркоўваюць фільм, на які схадзілі класам, абыходзяцца без слэнгу і інтэрнэт-мовы. Для гэтага ў іх, я падазраваю, ёсць свая, закрытая ад бацькоў і настаўнікаў, “гутарка”. І гэта іх права.

Святлана Пятроўна падкрэслівае, што галоўнае ў інтэрнэце — не забываць, што ёсць і рэальны свет. Паведамленне не заменіць рэальнай размовы, а шчырае слова, сказанае ў вочы, больш каштоўнае, чым прыгожы малюначак з віншаваннямі.

Інга Дзмітрыеўна ВОЮШ, выкладчыца кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ факультэта журналістыкі БДУ. Жыве анлайн і мае 2300 сяброў і падпісчыкаў.

Інга Дзмітрыеўна на журфаку — мясцовая зорка. Яна пастаянны госць на мерапрыемствах студсаюза, удзельнік амаль усіх гульняў і конкурсаў на факультэце, уладальнік ужо не адной “Залатой качкі” (мясцовы прыз студэнцкіх сімпатый). Нас яна цікавіць як пастаянны жыхар “УКантакце”, міма якога не праходзіць, здаецца, ні адзін важны пост.

Выкладчыца зарэгістравалася ў сетцы ў далёкім 2006 годзе, калі яна толькі-толькі набірала папулярнасць: вельмі хацелася даведацца, што так прыцягвае студэнтаў? Інга Дзмітрыеўна памятае часы, калі ўсе малявалі адно аднаму графіці на сценках і перапісваліся да 5 гадзін раніцы (а чаму не, калі паведамленні “далятаюць” настолькі хутка?). Тады ніхто нават не думаў, што заданні ці карысныя спасылкі для студэнтаў можна пакінуць на сцяне, а арганізацыйныя моманты вырашыць у спецыяльнай гутарцы.

Цяпер жа Інга Дзмітрыеўна славіцца сваімі доўгімі запісамі-інструкцыямі пра ўсё на свеце: як правесці першы дзень ва ўніверсітэце, з чаго пачаць падрыхтоўку да экзамену і навошта загадзя збіраць матэрыял для курсавой. Яе запісы пазбаўлены пафасных павучанняў і заснаваны на ўласным вопыце і глыбокіх ведах у галіне псіхалогіі. А яшчэ вылучаюцца рэалізмам: пад інструкцыяй для тых, хто пачаў рыхтавацца да заліку загадзя, размешчаны яшчэ дзве — для тых, хто рыхтуецца за тры дні і за суткі. Як-ніяк студэнты — народ спантанны.

На сценцы Інга Дзмітрыеўна часта дзеліцца запісамі сваіх студэнтаў. Хтосьці з іх шукае дапамогі ў курсавым даследаванні, хтосьці выкладвае вынікі сваёй творчасці — незвычайныя фотаздымкі з вандроўкі, вершы і песні.

— У асноўным усё, што я ведаю і ўмею, — ад студэнтаў. У кожнага ёсць хобі, і яны так цікава пра іх расказваюць, што немагчыма не пачытаць, не паглыбіцца, — ­усміхаецца выкладчыца.

Заглядвае Інга Дзмітрыеўна і ў журфакаўскія аб’яднанні. Здаецца, ужо ў кожнай навучальнай установе ёсць свая суполка з назвай “Падслухана”, дзе ананімна публікуюцца аповеды, меркаванні і пытанні вучняў ці студэнтаў. Ёсць у будучых журналістаў яшчэ некалькі суполак. У “Журфак чё-то говорит” з году ў год збіраюцца самыя яскравыя — смешныя, недарэчныя, дасціпныя — выказванні выкладчыкаў. ­
А ўдзельнікі суполак “Сочное” і “Искусство и журфак” ствараюць мемы (малюнкі-жарты) пра студэнтаў, выкладчыкаў, факультэцкія мерапрыемствы, нават пра сталовую і бібліятэку.

— Суполкі, я лічу, вельмі карысныя, — упэўнена Інга Воюш. — Па-першае, самі студэнты могуць выказацца пра набалелае. Яны ж “вогненебяспечныя”, як скараварка без клапана — нельга ім доўга кіпець самім у сабе: выбухнуць. Калі немагчыма сказаць штосьці выкладчыку сам-насам, лепш хаця б напісаць пра праблему. Па-другое, у суполках мы, выкладчыкі, бачым, што ў студэнтаў адбываецца, бо самае небяспечнае — не ведаць. А мемы пра нас — гэта тая ж насценгазета, мясцовы фальклор, які жыве яшчэ з тых часоў, калі былі агульныя студэнцка-выкладчыцкія “капуснікі”, гульні “КВЗ” і “Што? Дзе? Калі?”. Проста зараз гэтыя жарты “для сваіх” разам са студэнтамі перавандравалі ў сацыяльныя сеткі.

Інга Дзмітрыеўна пагадзілася, што бываюць недарэчныя і нават абразлівыя пасты. Ананімныя суполкі накшталт “Падслухана” могуць стаць выдатнай платформай для чалавечай подласці. Ды студэнты — народ нязлы, можа дазволіць сабе паіранізаваць, але не пакрыўдзіць. Таму карысці ад такога аб’яднання ўсё ж такі больш.

Кожнаму, хто хоча стаць у інтэрнэце сваім для вучняў, варта зразумець, што тут усе роўныя. Калі ў класе настаўнік вы, то ў сетцы варта саступіць лідарства сваім выхаванцам. Яны нарадзіліся анлайн, яны тут мясцовыя, і (яны ў гэтым ніколі не прызнаюцца, але гэта праўда) ім будзе вельмі прыемна, калі вы звернецеся да іх па дапамогу. Прызнацца вучням, што чагосьці не ўмееш, складана, але яны не стануць кпіць са свайго “госця” і лёгка даруюць вам, што вы няправільна ўжываеце смайлікі ці не разумееце прывычных для іх скарачэнняў.

— Галоўнае — не парушаць асабістыя межы, — гаворыць Інга Дзмітрыеўна. — Я, напрыклад, ніколі не дабаўляю ў сябры першай, не “падабайкаю” фота і відэа, калі лічу, што студэнту можа быць няёмка ад таго, што я іх пабачыла. Бываюць і тыя, хто падпісваецца на мае навіны і адразу просіць: “Інга Дзмітрыеўна, вы на мае, калі ласка, не падпісвайцеся, бо я там такое пішу…” І я яго права на прыватнасць паважаю. Гэта, здаецца, пытанне не толькі інтэрнэт-этыкету, але і выхавання ўвогуле.

Яна Васільеўна КРАЦЯНОК, класны кіраўнік, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска. Стварыла суполку для беларускіх настаўнікаў.

Яна Васільеўна працуе ў школе пяты год. Сваю старонку ў сацыяльных сетках ад вучняў хавае: лічыць, што гэта справа асабістая. Узаемадзеянне са школьнікамі анлайн наладзіла праз персанальны сайт настаўніка — там і дамашнія заданні, і дадатковыя матэрыялы для вучняў.

“УКантакце” Яна Васільеўна сама выступіла як вучаніца. У 2016 годзе яе прызначылі начальнікам школьнага лагера. І хаця маладога спецыяліста накіравалі на тэматычныя курсы, у яе заставалася шмат пытанняў (арганізацыйных, выхаваўчых, творчых).

— Старэйшыя калегі адказвалі, як маглі, але для іх гэта ўсё было надта проста, — успамінае Яна Васільеўна. — Многія рэчы падаваліся ім відавочнымі, і яны не ведалі, на што скіраваць маю ўвагу. Хацелася знайсці аднадумцаў, каб шукаць адказы разам. Суполкі школьных настаўнікаў у сацыяльных сетках я не знайшла, таму вырашыла, што сама стану тым, да каго пасля змогуць звярнуцца іншыя.

Так узнікла суполка “Учителя Минска”. Спачатку Яна Васільеўна абмяжоўвалася толькі сталічнай аўдыторыяй, але хутка зразумела, што ў маладых спецыялістаў з рэгіёнаў тыя ж праблемы. Назву суполкі змяніла на “Учителя Беларуси”, стала запрашаць настаўнікаў з іншых гарадоў.

— Нават калі хадзіла на семінары ці мерапрыемствы для настаўнікаў — раздавала паперкі з інфармацыяй пра суполку, расказвала новым знаёмым, — згадвае Яна Васільеўна. — Зараз, канечне, зрабіла б крыху інакш: дадала б QR-код, каб было зручней далучыцца. Але і тады многія ўступалі ў суполку, ухвалялі ідэю.

Яна Васільеўна дадае ў стужку навіны адукацыі, карысныя распрацоўкі, час ад часу нават малюе мемы пра жыццё настаўнікаў.

— Калі ўпрыгожвалі кабінет напярэдадні Новага года самаробнымі выцінанкамі, знайшла шмат іншых цікавых ідэй. Адразу падзялілася: настаўнікам малодшых класаў абавязкова спатрэбіцца. Добрыя відэаролікі робіць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — замацавала спасылку на іх суполку. Што бачу, чым зараз займаюся — тое і на сценцы, — гаворыць Яна Васільеўна.

Настаўніца марыць, каб да кіравання суполкай далучыліся і іншыя зацікаўленыя, бо ў яе адной не заў­сёды хапае часу і сіл, каб падтрымліваць анлайн-актыўнасць. Самы прадукцыйны час, па прызнанні Яны Васільеўны, — жнівень, калі і яна, і яе падпісчыкі адпачылі і рыхтуюцца да новага навучальнага года. Напрыканцы лета і на пачатку восені ад іх паступае найбольш пытанняў. На іх часцей за ўсё настаўніца адказвае сама, а калі тэма вузкаспецыялізаваная — ідзе да калег, якія заўсёды адгукаюцца і тлума­чаць складаныя нюансы.

— Быў цікавы выпадак, калі ў паніцы напісала зусім маладая настаўніца, — усміхаецца Яна Ва­сільеўна. — Яна зрабіла невялікую памылку ў класным журнале і была ўпэўнена, што за гэта абавязкова звальняюць. Я патлумачыла, як выправіць сітуацыю, і пасля, канечне, мы пасмяяліся.

Дзякуючы штодзённай працы Яны Васільеўны, і гэтая настаўніца, і шмат іншых знайшлі своечасовую падтрымку. А сама гаспадыня суполкі заўсёды захоўвае матывацыю да творчасці і самаразвіцця: калі яна будзе стаяць на месцы, адкуль у суполцы з’явяцца новыя цікавыя запісы?

***

Як бачыце, “УКантакце” можа быць карысным і зручным, нават для тых, хто толькі зарэгістраваўся ў сацыяльнай сетцы. І стыль зносін, і формы ўзаемадзеяння ў інтэрнэце можна выбраць у адпаведнасці са сваімі мэтамі і задачамі. Але гэта не азначае, што выкладаць толькі афлайн сёння немагчыма. Што ні гавары, але коску ў фразе “змагацца нельга выкарыстоўваць” кожны настаўнік ставіць для сябе сам.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і МЕМ з інтэрнэт-суполкі “Сочное”.