Укараненне прынцыпу “аднаго акна” ўдасканаліць узаемадзеянне членаў арганізацыі

- 11:17Інфармацыйная гадзіна

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас на нефармальным пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН 15 сакавіка заклікаў сакратарыят ААН разгледзець магчымасць рэалізацыі ва ўзаемадзеянні з місіямі дзяржаў — членаў арганізацыі прынцыпу “аднаго акна”.

Нефармальнае пасяджэнне, якое адбылося ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, прысвячалася ўдасканаленню ўзаемадзеяння пастаянных прадстаўніцтваў дзяржаў ААН з сакратарыятам арганізацыі. Як і многія іншыя, хто выступіў на пасяджэнні, прадстаўнік Беларусі заклікаў сакратарыят ААН разгледзець магчымасць рэалізацыі ва ўзаемадзеянні з місіямі дзяржаў-членаў прынцыпу “аднаго акна”, выкарыстанне якога распаўсюджана і шырока заахвочваецца ў нацыянальнай практыцы дзяржаўнага кіравання ў Беларусі. Андрэй Дапкюнас адзначыў важнасць таго, каб сакратарыят прыцягваў пастаянныя прадстаўніцтвы пры ААН да распрацоўкі правіл і рэгламентаў арганізацыі па лагістычных пытаннях яшчэ на пачатковым этапе гэтай работы.
Андрэй Дапкюнас прыцягнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства да неабходнасці рэалізацыі і арганізацыі прынцыпаў так званага добрага кіравання і прывёў шэраг прыкладаў нелагічнай і няўмелай арганізацыі сакратарыятам ААН рабочага асяроддзя для супрацоўнікаў дыпламатычных місій. “Пры гэтым асноўны акцэнт кіраўнік беларускай місіі ў Нью-Ёрку зрабіў на магчымых шляхах выпраўлення сітуацыі, заснаваных на добразычлівым узаемадзеянні дыпламатычных місій і сакратарыята ААН”, — адзначылі ў прэс-службе беларускага МЗС.
“Галоўны сэнс прапаноў Беларусі тычыўся важнасці забеспячэння пастаяннага і бесперашкоднага канала штодзённай сувязі і ўзаемадзеяння паміж пастаяннымі прадстаўніцтвамі дзяржаў — членаў ААН і службамі сакратарыята па канферэнцыйным абслугоўванні, грамадскай інфармацыі, пратаколе, бяспецы, фінансавых разліках і іншых пытаннях”, — дадалі ў прэс-службе.
Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні пастаянны прадстаўнік Беларусі ўдзяліў праблеме належнага і своечасовага выканання сакратарыятам мандатаў, узгодненых Ген-асамблеяй ААН. Ён таксама зрабіў акцэнт на неабходнасці папярэджваць крокі і ініцыятывы выканаўчых устаноў сістэмы ААН, якія заснаваны на недакладнай інтэрпрэтацыі даручэнняў галоўнага дарадчага органа ААН і з-за гэтага здольны нанесці шкоду атмасферы даверу і ўзаемаразумення ў арганізацыі.
Пасяджэнне па ўдасканаленні ўзаемадзеяння пастаянных прадстаўніцтваў дзяржаў — членаў ААН з сакратарыятам арганізацыі было ініцыіравана дэлегацыяй Беларусі пры падтрымцы “Руху недалучэння”. Гэтае пытанне ў Генасамблеі ААН абмяркоўвалася ўпершыню.