Цырымонія адкрыцця “Еўрабачання” пройдзе на плошчы Канстытуцыі ў Кіеве. Аб гэтым заявіў крэатыўны дырэктар падзей “Еўрабачання-2017” Сяргей Праскурня.
“7 мая — цырымонія чырвонай дарожкі і ўрачыстае адкрыццё песеннага конкурсу “Еўрабачанне”. Пасля шматлікіх дыскусій мы спыніліся на лакацыі, якая дае магчымасць усяму свету ўбачыць Кіеў як сталіцу Украіны ў сучасным і гістарычным аспектах. Гэта плошча Канстытуцыі. Гэта будынак Вярхоўнай Рады. Гэта ўрадавы квартал. І гэта ўнікальны помнік архітэктуры — Марыінскі палац, знакамітая аглядная пляцоўка”, — сказаў Сяргей Праскурня.
Ён таксама адзначыў, што даўжыня чырвонай дарожкі на “Еўрабачанні-2017” складзе рэкордныя для песеннага конкурсу 265 м.
У сваю чаргу кіраўнік аддзела Кірыл Варонін расказаў, што ў кангрэсна-выставачным цэнтры “Паркавы” будзе размешчаны Еўраклаб — афіцыйная зона для акрэдытаваных фанатаў і дэлегацый. Ён будзе функцыянаваць з 1 па 14 мая. Eurovision Village — афіцыйная лакацыя для фанатаў, турыстаў, гасцей горада і кіяўлян — будзе размешчана на Крашчаціку. Яна пачне сваю работу з 4 мая і будзе функцыянаваць да 14 мая.
Фінал Міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне-2017” адбудзецца ў Кіеве 13 мая, паўфіналы — 9 і 11 мая. Усяго ў песенным форуме прымуць удзел 43 краіны. Беларусь на “Еўрабачанні-2017” прадставіць група NAVIBAND з песняй “Гісторыя майго жыцця”.