Уладзімір КУЛІЧЭНКА: “Я не рэаліст, а фантазёр”

- 15:58Культура

Як нараджаюцца кніжныя героі, якімі павінны быць персанажы, каб іх гісторыі захапілі сучасных дзяцей, ці можна прывіць любоў да кнігі сённяшнім школьнікам і ці з ахвотай яны прымаюць кніжныя падарункі — на гэтыя і многія іншыя пытанні адказаў аўтар шматлікіх дзіцячых кніг Уладзімір КУЛІЧЭНКА.

— Уладзімір Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, якім быў ваш шлях у літаратуру.
— Пісьменніцтвам я займаюся ўсё жыццё і ўпэўнена іду па гэтай творчай сцежцы. Мне заўсёды падабалася прыдумляць нешта, бо я не рэаліст, а фантазёр і гуманітарый па складзе характару, і творчая іск­ра была ў ва мне з дзяцінства. Гэта падштурхнула напісаць першую аповесць ужо ў 8 класе, калі мне было 14 гадоў, вядома, пра першае каханне. Потым я крыху захапіўся вершамі. Мне вельмі падабалася чытаць, і на ўроках рускай літаратуры я часта задаваў каверзныя пытанні настаўніцы, бо, ведаючы добра вывучаемы твор, спрабаваў дакапацца да сутнасці. На першым курсе інстытута ўсё тая ж творчая іскра зноў падштурхнула мяне пісаць, і ў арміі таксама, і калі вярнуўся пасля службы ў Мінск. Я пачаў прыдумляць казкі, якія затым нават гучалі ў эфіры Беларускага радыё ў перакладзе на беларускую мову.

Пісьменнік-пачатковец звычай­на спрабуе сябе ў розных жанрах. І калі я ў 1983—1984 гадах пачынаў з казак, то цяпер пішу даволі аб’ёмныя раманы, у якіх нават сустракаюцца іншапланецяне. Звычайна ў маіх творах шмат персанажаў, яркіх і з пачуццём гумару, стараюся закруціць сюжэт, зрабіць яго цікавым і нечаканым. Але аднойчы адзін таварыш у прыватнай размове сказаў: “Ты вось пішаш для дзяцей і падлеткаў і ні на што больш не здольны ў творчым плане”. Мяне гэта зачапіла, і я напісаў дастаткова сур’ёзную містычную рэч у духу Дастаеўскага — апо­весць “Клуб города N”. Мне здаецца, што свое­асаблівы творчы экзамен я здаў, даслаўшы гэтую аповесць у маскоўскі часопіс “Искатель”, дзе яго і надрукавалі. Потым твор перавыдаваўся ў серыі “Сучасная беларуская фантастыка”.

Любы аўтар стараецца пі­саць тое, што цікава яму. Я заўсёды шукаю забаўныя вобразы, якія часам здзяйсняюць нейкія непрадказальныя ўчынкі, якіх нават я, аўтар, ад іх не чакаю (усміхаецца). Я нібы падглядаю за імі, мне хочацца пасябраваць з больш вясёлымі персанажамі, што я і раблю. І працягваю працаваць у жанры аповесці-казкі.

Уладзімір Кулічэнка нарадзіўся ў 1960 годзе ў Мінску ў сям’і афіцэра Савецкай Арміі. Праз сем гадоў сям’я пераехала ў Маскву на новае месца бацькавай службы, а ў 1972-м — на касмадром Байканур у Казахстан. У 1982 годзе будучы пісьменнік скончыў бібліятэчны факультэт Ленінградскага інстытута культуры. Пасля службы ў Савецкай Арміі вярнуўся ў Мінск, дзе пачаў працаваць карэктарам у рэдакцыйна-выдавецкім аддзеле Беларускага інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі. У 1984 годзе яго першыя казкі для дзяцей прагучалі ў эфіры Беларускага радыё. З 1986 па 1998 год працаваў загадчыкам філіяла спартыўнага комплексу “Раўбічы” ў Беларускай рэспубліканскай бібліятэцы па фізічнай культуры і спорце. Піша па-руску ў жанрах містыка, навуковая фантастыка і проза для дзяцей. Першая кніжная пуб­лікацыя — фантастычная аповесць “Катамаран “Беглец” выйшла ў 1994 годзе ў выдавецтве “Юнацтва”. Член Саюза пісьменнікаў Бе­ларусі, старшыня секцыі “Прыгоды і фантастыка”.

Адзін з вашых асноўных персанажаў — салдат Сліўка, а якая яго гісторыя ўзнікнення?
Аднойчы я падумаў, што варта напісаць серыю кніг, у якой быў бы адзін арыгінальны і добра пазнавальны персанаж. А якім павінен быць герой, калі мы пішам для дзяцей?.. Канечне, добрым, змагацца за справядлі­васць і дапамагаць людзям. А пас­ля прыйшла думка, што гэта можа быць салдацік, але без аўтамата ў руках, а са сталовай лыжкай. Так і з’явіўся салдат Сліўка — былы армейскі кухар, які не мае свайго дома, блукае па свеце, трапляючы ў розныя нестандартныя сітуацыі і дапамагаючы тым, каму патрэбна яго дапамога. Ён перакананы, што такая простая, добрая філасофія вельмі патрэбна нашаму свету. Ёсць і камічныя, і трагічныя сітуацыі, але ўсё абавязкова заканчваецца добра. А назваў я яго “Сліўка” таму, што ў яго нос даволі вялікі атрымаўся (усміхаецца). Дарэчы, першая аповесць пра яго выйшла ў 1998 годзе. Думаю перавыдаць яе ў хуткім часе, толькі трэба стылістычна крыху дапрацаваць.

Зараз я і сам пасталеў, хочацца сюжэты рабіць больш складанымі і дынамічнымі, а яшчэ больш тэхнічнымі. Таму што калі я пачынаў пісаць свае гісторыі пра гэтага салдаціка, то і камп’ютары былі ў навінку, і інтэрнэту амаль не было. А зараз свет змяніўся, і юнаму чытачу не зразумела, як гэта галоўны персанаж без гаджэта. Але я свайму Сліўку даў у рукі компас удачы, які дазваляе зазірнуць у будучыню, праўда, і гэта ўжо не зусім тое, да чаго прывыклі сучасныя дзеці. Таму часам задумваюся, ці варта працягваць гэтую творчую эстафету.

— А колькі ўсяго гісторый пра салдата Сліўку?

— Дзесьці 8 аповесцей, але ёсць яшчэ, дзе ён перасякаецца з сяржантам Карамыславым, разам яны пераадольваюць перашкоды і імкнуцца да таго, каб дабро заўсёды перамагала.

— Калі гартала вашы кнігі, мне здалося, што салдат Сліўка лагодны, адкрыты, спагадлівы, крыху наіўны. Але, як правіла, асноўны персанаж, тым больш цэлай кніжнай серыі, выказвае філасофію самога пісьменніка. А ў вашым выпадку ці так гэта?

— Зразумела, сфальшывіць цяжка. Але я, напэўна, больш мэтанакіраваны, чым ён. Бо такім і павінен быць творчы чалавек у наш час.

Калі пісьменнік піша твор, ён шмат думае пра чытача. А дзіцячыя пісьменнікі — гэта ў пэўным сэнсе педагогі, якія павінны несці добрае, чыстае, светлае.

— Цяжка з вамі не пагадзіцца, дзіцячы пісьменнік — гэта педагог, бо сапраўды кнігі часта нясуць
і адукацыйны, і пазнавальны, і выхаваўчы пасыл. Чаму вучыце вы ў сваіх гісторыях?


— Перш за ўсё дабрыні, дапамозе, адказнасці — усім чалавечым дабрадзейнасцям. Сёння многія дзеці любяць жахліўчыкі, таму што адчуваецца ўплыў заходняй культуры. Аднак я лічу, што дзіця павінна вырасці выхаваным у гуманітарных традыцыях, інакш наогул разбурыцца педагагічная сіс­тэма чалавецтва.

Зараз выдаўцы і чытачы патрабуюць, каб першыя 30 старонак былі захапляючымі, інакш кнігу не чытаюць, а адкладаюць убок. Трэба сапраўды інтрыгаваць з самага пачатку, таму і дынамікі дабаўляеш больш, і адмоўныя персанажы з элементамі страшылак даводзіцца маляваць, інакш сучасныя чытачы могуць не зразумець. Але я перакананы, што ў любой гісторыі павінен быць такі герой, які будзе выклікаць спачуванне. Напрыклад, у рамане, які хутка бу­дзе выдадзены, галоўны персанаж — напышлівы і саманадзейны юнак, але ў канцы гісторыі ён становіцца добрым, здольным на высакародныя ўчынкі.

— Што вас натхняе або дзе падглядаеце гісторыі, якія адлюстроўваеце на старонках сваіх кніг?

— Пакуль сын рос, назіраў за ім. Ён быў павольны, спакойны, але разам з тым дапытлівы, як усе дзеці. Нешта прымячаў, назіра­ючы за іншымі дзецьмі. Часам нейкія вобразы нараджаюцца на падсвядомым, інтуітыўным узроўні, асаб­ліва калі займаюся садоўніцтвам. Увогуле гэта і называецца загадкай творчасці.

— Я ведаю, што вы часта сустракаецеся з юнымі чытачамі і дорыце ім кнігі.

— Частку ганарару я атрымліваю кнігамі і дару потым самым актыўным удзельнікам такіх сустрэч, якія засыпаюць мяне пытаннямі. Часам нават не хапае падарункаў, хоць я заўсёды бяру з сабой не менш за 10 кніг. Звычайна дзеці з радасцю і ўдзячнасцю прымаюць мае творы.

Дарэчы, я пытаюся ў дзяцей, што ім падабаецца, а што не вельмі ў маіх кнігах. А яны — чаму гэты персанаж зрабіў такі ўчынак, чаму не ўцёк, яны суперажываюць герою і шукаюць свае падыходы да развіцця сюжэта. Часам падказваюць, як далей можна яго павяр­нуць. Таму што я ўсё ж такі дарослы чалавек і не заўсёды магу прадугадаць, што будзе цікава падрастаючаму пакаленню.

— Вы пішаце для дзяцей рознага ўзросту. А ці можаце скласці партрэт вашага асноўнага чытача?

— Звычайна гэта хлопчыкі 12—14 гадоў, эрудзіраваныя, рухавыя, выхаваныя, дапытлівыя, якія цікавяцца ўсім, што адбываецца і на планеце, і ва ўсім Сусвеце. Сучасныя дзеці ўсё больш захапляюцца камп’ютарнымі гульнямі, вось я і спрабую адцягнуць іх увагу і пера­ключыць на таго ж салдата Сліўку. Хоць, дарэчы, у мяне ёсць тры аповесці “Интернет-сыщик”, “Интернет-мальчик” і “Интернет-солдат”, якія я напісаў, калі сыну было 10 гадоў, каб пазнаёміць яго з інтэрнэтам. Магчыма, мае гісторыі паўплывалі на яго выбар будучай прафесіі — зараз ён паспяховы праграміст. Таксама і для дзяўчынак пішу. Так, адна з апошніх маіх кніг “Звездный атлас” небесной феи” больш цікавая дзяўчынкам, і аповесць “Волшебные очки тетушки Амалии” таксама. Але тут не ўгадаеш: пішаш пра тое, што лічыш найбольш важным, патрэбным для сябе, пра тое, што цябе захапіла, а потым ужо выносіш на суд чытача і падводзіш нейкія творчыя вынікі.

— А маглі б успомніць цікавы выпадак, які адбыўся з вамі дзякуючы пісьменніцтву?


— У мяне ўсё жыццё звязана з літаратурай. Але вось так адразу ўспа­мінаецца мая казка “Жадный хомяк”, якую я адправіў на англамоўны сайт 20 гадоў назад. Дзякуючы гэтаму завязаліся сяброўства і перапіска з аўстралійскім пісьменнікам Роджэрам Карам, які апублікаваў маю казку, а пасля яшчэ дапамог перакласці на англійскую мову. Дык вось англамоўны “Жадный хомяк” трапіў у рукі адной амерыканскай сям’і, якая пасля адкрыла невялічкае бістро і дала яму назву маёй казкі. На самай справе нямногія беларускія дзіцячыя пісьменнікі могуць пахваліцца перакладамі на англійскую мову.

— Безумоўна, не магу не запытаць, над чым працуеце зараз?

— Аддаў у выдавецтва “Звязда” казку-квест “Копилка Буль-буль”. Яе галоўны персанаж — хлопчык, які шукае гэтую скарбонку, але аказваецца, што самае галоўнае не грошы ці нейкія матэрыяльныя каштоўнасці, а дабрыня, любоў і ўсмешка, а ўсё астатняе — другаснае. Потым у выдавецтве “Беларусь” будзе выдадзены “Замак Квазигуда”, у якім два хлопчыкі віртуальна на страказе перамяшчаюцца ў свет раслін і насякомых, змагаюцца з нядобрым персанажам — каралём калючак дзядоўніка Квазігудам. Абедзве гэтыя кнігі адрасаваны школьнікам малодшых класаў, таму будуць невялікія па аб’ёме і ярка ілюстраваныя. А яшчэ пішу трылогію для старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак.

— Апошнім часам бацькі і настаўнікі ўсё больш скардзяцца, што складана зацікавіць дзяцей кнігамі. На ваш погляд, як можна дапамагчы кнігам вытрымаць канкурэнцыю з сучаснымі гаджэтамі?

— Я ведаю сітуацыі, калі таты і мамы кажуць дзецям: “ Ты малайчынка, зрабіў урокі. Але перш чым сядзеш за камп’ютар, калі ласка, пачытай некалькі старонак кнігі”. І гэта дзейнічае, бо дзіця захапляецца кніжнай гісторыяй і пачынае чытаць яе да канца.

Неабходна, каб у сучасных выданнях было больш добрых ілюстрацый. Аднак нашы дзеці адукаваныя, пісьменныя і таму, напрыклад, чыстыя коміксы не зайшлі так, як на Захадзе, бо нашым хлопчыкам і дзяўчынкам патрэбны тэкст. Але стаўленне да папяровай кнігі сапраўды змянілася. Зараз вельмі часта школьнікі і студэнты спачатку чытаюць электронны варыянт твора і, толькі калі ён спадабаўся, купляюць папяровы.

— А як вытрымліваеце пісьменніцкую канкурэнцыю? Заходзіш у кнігарню — і вочы разбягаюцца ад разнастайнасці выданняў і аўтараў. Як вам удаецца заставацца запатрабаваным?

— Усё ж такі павінен быць арыгінальны персанаж, як, напрык­лад, мой Сліўка. Бо паглядзіце, колькі кніг у нас з галоўнымі персанажамі жывёламі. Зразумела, пакуль мы жывём на Зямлі, мы ў любым выпадку будзем пісаць пра тое, што нас акружае. Але трэба нешта сваё прыдумаць — вось як Карлсан у Ліндгрэн, які дае волю ўяўленню. Калі б творчыя людзі ведалі, як знайсці сцежку да сэрца свайго чытача, то, вядома, усе пайшлі б па ёй. Але рэцэптаў такіх няма. Я пішу тое, што лічу важным і патрэбным і для сябе, і для чытача, а потым ён сам вырашае, вартая гэта кніга яго ўвагі ці не.

— Уладзімір Уладзіміравіч, дзякуй вам за цікавую размову!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.