Уладзімір ВАРАНКОЎ: “Дзіця перайграць нельга — ні ў кадры, ні ў жыцці”

- 16:49Моя школа, Рознае

Калі на сайце СТБ адкрылася галасаванне за лепшага вядучага, ніхто нават і падумаць не мог, што лялечны персанаж “Калыханкі” атрымае прыз глядацкіх сімпатый. Але гэта ўсё ж здарылася! Прадстаўнікі розных пакаленняў аддалі свае галасы за калыханачнага Топу. “Настаўніцкая” вырашыла сустрэцца з лідарам галасавання і, канечне, з тым чалавекам, чыім голасам вось ужо 30 гадоў ён размаўляе, — Уладзімірам Міхайлавічам ВАРАНКОВЫМ.


— Топачка, віншую цябе і вас, Уладзімір Міхайлавіч, з высокай узнагародай! Сапраўды, з гэтым персанажам вырасла не адно пакаленне тэлегледачоў. Як Топа з’явіўся ў “Калыханцы”?

Топа. Сёлета “Калыханцы” споўнілася 35 гадоў, а мне — 30. Я з’явіўся ў тэлеперадачы ў 1986 годзе. Увогуле, маёй мамачкай можна назваць тагачаснага рэдактара Ніну Шоба — гэта была яе ідэя стварыць дзіцячую праграму з “жывымі” і лялечнымі персанажамі. Самымі першымі з іх — маімі старэйшымі братамі — былі Буслік і Цімошка.

Самым першым мядзведзем у “Калыханцы” быў Таптыгін, з якім працаваў акцёр лялечнага тэатра Юрый Сарычаў (Ніна Шоба запрашала працаваць у праграме толькі прафесійных лялечнікаў). Я з’явіўся крыху пазней. Некалькі гадоў быў у адпачынку, калі новыя рэжысёры ўводзілі новыя персанажы, але потым усё роўна ў “Калыханку” вяртаўся.

Уладзімір Варанкоў. Беларускі тэатр лялек у тыя часы быў вядомы далёка за межамі нашай краіны. З-за частых гастролей, якія часам доўжыліся нават па некалькі месяцаў, акцёры не заўсёды маглі прысутнічаць на здымках “Калыханкі”, і Ніна Вячаславаўна запрашала па два-тры дублёры. У якасці аднаго з дублёраў запрасілі і мяне. І так атрымалася, што мой фальцэт не вельмі суадносіўся з візуальным вобразам таго Таптыгіна. Ніна Шоба неяк нават сказала: “Акцёр мне падабаецца, а лялька — не!” Так з’явілася другая лялька — медзведзяня Топа (калі добра прыгледзецца, то можна заўважыць знешняе падабенства Топы і Уладзіміра Варанкова, бо лялька рабілася, як кажуць, пад яго. — Заўв. аўтара). А з цягам часу і трэцяя, і чацвёртая. Той Топа, які зараз з’яўляецца на тэлеэкране, — праўнук таго першага Таптыгіна.

Топа. З’яўленне новых лялек заўсёды залежала ад тых, хто глядзіць “Калыханку”. Нядаўна мы запыталіся ў нашых маленькіх гледачоў, якога новага персанажа дзеці хацелі б убачыць у “Калыханцы”. На здзіўленне дарослых, дзеці выбралі зубра, бабра і янота. Але зубр для вячэрняй дзіцячай перадачы занадта грозны і мог спужаць гледачоў нашай праграмы, таму пераважнай большасцю галасоў нашым малодшым братам стаў янот. Так што зараз у праграме нас чацвёра: я, лісічка Яначка, Буслік, які вярнуўся з афрыканскага падарожжа, і янот.

— Хто з “жывых” вядучых зараз працуе ў “Калыханцы”?

Уладзімір Варанкоў. Сёння “жывых” вядучых чацвёра: Дзед Дабрадзей (жывое ўвасабленне колішняга Дзеда-Барадзеда), Нестар-падарожнік (прататыпам якога стаў фальклорны Несцерка), няня Палінка (у аснове вобраза якой — купалаўская Паўлінка) і Фея сноў. Таксама ў праграмах з’яўляецца добра вядомы ўсім Маляваныч.

— Топачка, дзе ты вучыўся?

Топа. Нашы аўтары і рэдактары лічаць, што мы з Яначкай павінны прасіцца ў школу, а нам кожны год кажуць: “Вырасціце — тады пойдзеце!” А мы ўсё ніяк не вырастаем (Смяецца).

Уладзімір Варанкоў. Часта бывае, што ў адным выпуску “Калыханкі” Топа не ўмее ні чытаць, ні пісаць, а ў іншым дэманструе такія энцыклапедычныя веды, што хоць у космас яго адпраўляй. Чаму на гэта не звяртаюць увагі гледачы? Таму што гэта ўласціва ўсім сённяшнім дзецям, якія вельмі хутка вучацца і дыяпазон ведаў якіх надзвычай шырокі.

Новая канцэпцыя “Калыханкі” больш жывая. У новых выпусках мы — і вядучыя, і лялькі — не сядзім на месцы. Па вялікім рахунку сённяшнія выпускі “Калыханкі” — гэта маленькія спектаклі, дзе мы і бегаем, і скачам, і лятаем… Часам нашы аўтары настолькі захапляюцца, што нават забываюць: акрамя лялек, ёсць яшчэ і мы — тыя, хто гэтымі лялькамі кіруе.

— Як я ведаю, Топа з’яўляецца вядучым не толькі “Калыханкі”.

Топа. Калі раней мы толькі ўкладвалі спаць беларусіх дзетак, то зараз на тэлеканале Беларусь 3 ёсць ранішняя праграма “Дабраранак”, у якой мы будзім дзяцей, а ў новым сезоне з’явіцца дзённая забаўляльная праграма “У гасцях у Топы”, якую я таксама буду весці.

Уладзімір Варанкоў. Сёння назіраецца значны дэфіцыт забаўляльнага кантэнту для дзяцей. Закупляць гатовыя праграмы апошнім часам стала нявыгадна, і таму мы вельмі рады, што яшчэ на адну арыгінальную праграму для дзяцей стане больш. І гэта нягледзячы на тое, што стварэнне праграмы для дзяцей часам патрабуе больш сродкаў, чым на забаўляльную праграму для дарослых.

Што тычыцца вырабу новых лялек для дзіцячых праграм і рэстаўрацыі старых, тут таксама існуе шэраг праблем: па-першае, гэта нятанная справа, а па-другое, прафесійных майстроў амаль не засталося, а новых лялечных скульптараў не рыхтуюць — гэтым займаюцца ці самавучкі, ці прафесійныя мастакі, для якіх лялькі не з’яўляюцца асноўным заняткам. Сярод лялечных скульптараў асабліва хачу адзначыць Наталлю Кудашкіну і Алега Нікалайчыка, з якімі мы сябруем яшчэ з часоў работы ў тэатры.

— Уладзімір Міхайлавіч, ці не бывае вам крыўдна, што Топу ведаюць усе, а вы заўсёды пад сталом?

— Каб рэалізаваць свае акцёрскія амбіцыі, ёсць кіно, антрэпрызы, сольныя эстрадныя выступленні… Але я сапраўды атрымліваю задавальненне ад таго, што Топа гаворыць маім голасам. Мы з ім адно цэлае. Калі пачыналася галасаванне за лепшага вядучага, спачатку побач з прозвішчамі вядучых было проста напісана “Медзведзяня Топа”, і толькі потым з’явілася маё імя. Людзі галасавалі менавіта за вядучага, з якім выраслі і якога добра ведаюць. Нават на тэлебачанні многія не ведалі, што я і ёсць Топа.

Кожны год у Магілёве праходзіць фестываль “Анімаёўка”, на якім мы з Топам перад кінасеансамі сустракаемся з дзецьмі. Пасля такіх сустрэч я разумею, што дзеці нас ведаюць і любяць. Дзіцячая аўдыторыя самая шчырая і адкрытая, і я ёй веру. Дзіця перайграць нельга — ні ў кадры, ні ў жыцці.

Дарэчы, пасля таго, як расійская праграма “Спокойной ночи, малыши” пераехала на канал Карусель, наша глядацкая аўдыторыя яшчэ больш павялічылася. Не буду казаць пра Мінск, а для іншых рэгіёнаў Беларусі “Калыханка” стала галоўнай дзіцячай праграмай.

— Некалькі разоў Топа знікаў з экранаў. З чым гэта было звязана?

— Як некалі сказала Ніна Шоба, дзеці растуць і патрабуюць новых цацак, але любімыя цацкі застаюцца на ўсе часы. Пэўны час я працаваў з дамавічком Венем, іншымі лялькамі, але Топа ўсё роўна вяртаўся.

— З чаго ўзнікла ваша прыхільнасць да тэатра?

— Нас у сям’і было пяцёра: я і мае чатыры браты (малодшы і тры старэйшыя). Здарылася так, што лёс усіх маіх братоў звязаны з Мінскім заводам халадзільнікаў. Адзін я выдаўся не такі, як усе. Відаць, далі аб сабе знаць гены бабулі па матчынай лініі — Сцепаніды.

Бабуля жыла пад Лагойскам (там і зараз стаіць яе сядзіба) і была знакамітым арганізатарам мясцовых свят. Як казалі, яна магла арганізаваць і правесці і вяселле, і хаўтуры.

Бацька — Міхаіл Іванавіч — былы ваенны, у Вялікую Айчынную вайну дайшоў да Германіі. Менавіта ў ваенныя гады ён пазнаёміўся з маёй маці: пад Польшчай ён быў паранены, а маці працавала ў той час медсястрой у шпіталі. Бацька пасля вайны не паехаў дадому, у Расію, а застаўся ў Беларусі, працаваў на заводзе імя Леніна.

— Як прайшло ваша дзяцінства?

— Нарадзіўся я ў мінскай камуналцы на Цнянскай вуліцы. Дзяцінства прайшло ў раёне вуліцы Валгаградскай. Мая 88-я школа (зараз у тым будынку знаходзіцца адзяленне міліцыі) была амаль насупраць бацькоўскага дома.

Клас наш быў вельмі дружны, і да сённяшняга часу мы працягваем сябраваць з аднакласнікамі, рэгулярна сустракаемся (ёсць у нас дзве Святланы, якія гэтыя сустрэчы арганізоўваюць). У мінулым годзе было 40 гадоў, як мы скончылі школу, і з сарака чалавек на сустрэчу сабраўся амаль увесь выпуск — трое пайшлі ўжо з жыцця, а сямёра не змаглі прыехаць.

Зусім нядаўна не стала нашага класнага кіраўніка — Ганны Іванаўны, якая прыходзіла на ўсе нашы сустрэчы. Яна выкладала ў нас замежную мову, і мы былі яе першыя вучні, у каго яна была класным кіраўніком. Дарэчы, дзякуючы ёй у мяне з’явілася прыхільнасць да англійскай мовы. Калі б нешта не склалася з тэатральна-мастацкім інстытутам, я, відаць, звязаў бы сваё жыццё з замежнымі мовамі.

У мяне былі два любімыя прадметы: “Англійская мова” і “Беларуская мова”. Настаўніца беларускай мовы Лідзія Сяргееўна была настаўнікам ад Бога. Дзякуючы ёй, я зразумеў і ўсвядоміў, што беларуская мова надзвычай пявучая і мяккая. Дарэчы, кажучы пра работу на тэлебачанні, падкрэслю, што “Калыханка” здолела 30 гадоў пратрымацца ў эфіры менавіта таму, што яна беларускамоўная, хаця, канечне, былі ў пэўны час спробы перавесці яе на рускую мову.

Я вельмі любіў чытаць вершы. Не ўмеў, але любіў. Я лічыў: чым гучней расказваеш, тым лепш.

— А як было з астатнімі прадметамі?

— Я ўвогуле вучыўся нядрэнна. У пасведчанні за 8 класаў у мяне былі толькі “чацвёркі” і “пяцёркі”. А ў 9—10 класах алгебра, геаметрыя, фізіка, хімія для мяне былі нецікавымі. Я ведаў, што гэтымі дысцыплінамі ніколі не буду займацца ні пры якіх абставінах. Гэта была прэрагатыва маіх братоў. Затое я ўдзельнічаў ва ўсіх вечарах і конкурсах. Наш фізік вельмі добра іграў на гітары і таксама ўдзельнічаў у школьных мерапрыемствах. Аднойчы пасля чарговага вечара ён падышоў да мяне і сказаў: “Ты, канечне, малайчына, але я ўсё роўна “чатыры” табе не пастаўлю!”

— Ці падтрымалі бацькі ваш выбар творчай прафесіі?

— У той год, калі я скончыў школу, маці з татам паехалі некуды адпачываць, а калі вярнуліся, я ім паведаміў, што паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут. Рэакцыя бацькі на навіну была заканамернай: “Тваё шчасце, што мяне дома не было ў гэты час”. Ён быў цалкам упэўнены, што я пайду, як і браты, у тэхнічную ВНУ.

Увогуле, мой сябар прапаноўваў мне ехаць паступаць у тэатральны інстытут у Маскву, але я да гэтага быў не гатовы — не адчуваў у сабе ўпэўненасці і сіл паехаць у незнаёмы горад. Я спыніўся на Мінску і падаў дакументы ў тэатральна-мастацкі інстытут.

— Як сталася, што вы выбралі спецыяльнасць акцёра лялечнага тэатра?

— Мы ўсе ішлі ў артысты. Але яшчэ на праслухоўванні Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі з-за майго высокага голасу (параўнаў мяне з казачным Джэльсаміна) адразу прапанаваў мне пайсці да яго на курс вучыцца на акцёра тэатра лялек. Мы былі самымі першымі лялечнікамі і на першых курсах вучыліся разам з акцёрамі драматычнага тэатра. Самым важкім аргументам А.Ляляўскага было: “Не спадабаецца — пяройдзеш на драму”. Але прафесія засталася на ўсё жыццё — у тэатры лялек я адпрацаваў 20 гадоў. Звязана гэта яшчэ і з тым, што я ніколі ў жыцці не курыў і мог з лёгкасцю на фальцэце іграць Бураціна. Многія не верылі, што за Бураціна гаварыў менавіта я. Памятаю, што пасля аднаго з міжнародных фестываляў англічане і французы запрашалі мяне папрацаваць некаторы час у іх, але… Зараз з гэтым прасцей, а ў савецкія часы гэта, на жаль, было немагчыма.

А.Ляляўскі быў цудоўным чалавекам: вельмі інтэлігентным і карэктным, ніколі не павышаў голасу. Ён мог сказаць два словы — і ты ўсё разумеў. Ён ніколі не быў у партыі, але быў народным артыстам (па тым часе гэта было нонсэнсам) і нават выязджаў у Амерыку на фестываль.

На курсе нас было нямнога. З дзесяці чалавек (чатыры дзяўчыны і шэсць хлопцаў) дзевяць прыйшлі ў інстытут адразу пасля школы. Адзіная Зоя Базылік была гадоў на 5 старэйшая за нас, працавала ўжо ў брэсцкім тэатры, відаць, таму яе прызначылі старастай — у нашым “дзіцячым садзе” яна была нянькай. На кожных канікулах мы абавязкова збіраліся і некуды ехалі — хапала і энтузіязму, і грошай.

З маіх аднакурснікаў Саша Казакоў да гэтага часу працуе ў лялечным тэатры, Толя Длускі працуе на эстрадзе, іншыя таксама не парвалі сувязей з прафесіяй…

— Многія артысты вымушаны выбіраць паміж работай і асабістым жыццём. Ці стаялі вы перад сітуацыяй выбару?

— Толькі аднойчы перада мной быў такі выбар, і я схіліўся на карысць работы. У пачатку нулявых мая жонка Юля прыняла рашэнне выехаць на пастаяннае жыхарства ў ЗША. Я адмовіўся, бо ў 50 гадоў пачынаць усё з самага пачатку я не жадаў. Я не мог адмовіцца ад таго, што ў мяне было тут, дзеля прывіднага добрага жыцця там. У Юлі, відаць, большая сіла волі. Яна ў свой час скончыла тэатральны інстытут (сама яна з акцёрскай дынастыі), але зразумела, што гэта не яе. Юлю не спыніла няведанне мовы. Пераехаўшы ў ЗША, яна здала моўны экзамен, потым вывучылася на правізара, а зараз працуе ў сацыяльнай аптэцы — і там яна незаменны спецыяліст. Але для мяне самым галоўным аргументам было тое, што я наўрад ці змог бы там займацца акцёрствам — там для нашага брата-артыста вельмі цяжка куды-небудзь прабіцца і даказаць, што менавіта цябе павінны ўзяць на работу.

З Юляй у мяне засталіся вельмі добрыя адносіны, яна па магчымасці прыязджае ў Мінск. Сын Міця таксама мяне падтрымаў і застаўся на Радзіме (ён прыняў рашэнне не ехаць у апошні момант — не пайшоў на субяседаванне ў амерыканскае пасольства). Дарэчы, і ён, і яго жонка Кацярына зараз працуюць у 30-й мінскай гімназіі.

— Як вы прыйшлі ў тэатр “Хрыстафор”?

— Рамкі лялечнага тэатра вельмі стрымліваюць. А мне, як і любому артысту, хацелася прафесійнага развіцця. Аддаючы даніну павагі прафесіі, пасля развітання з тэатрам лялек я застаўся на тэлебачанні, але рушыў далей, спрабуючы сябе ў іншых жанрах. Так у маім жыцці з’явілася кіно, антрэпрызы, радыё, канцэрты і, нарэшце, тэатр “Хрыстафор”.

Усё адбылося дзякуючы Аляксандру Вергунову, якога ў 1985 одзе пераманіў з тэатра лялек да сябе Яўген Крыжаноўскі. Сыход Шуры з тэатра (ды і мой у нейкай ступені таксама) стаў магчымым у значнай меры з-за палітыкі новага кіраўніка тэатра Аляксея Ляляўскага, які рабіў стаўку на маладых акцёраў і авангардную рэжысуру.

Праз год адзін з акцёраў “Хрыстафора”, Сяргей Аляксандраў, выканаўца жаночых роляў, ажаніўся і эмігрыраваў разам з жонкай у Ізраіль. І вось аднойчы “хрыстафораўцы” патаемна паглядзелі маё выступленне на капусніку і прапанавалі месца ў тэатры, упэўніўшы ў тым, што мне трэба ісці ў эстраду.

Акрамя гэтага, у той час адкрывалася цудоўная перспектыва выхаду на цэнтральнае тэлебачанне, бо “Хрыстафорам” зацікавілася Рэгіна Дубавіцкая, нас сталі запрашаць у “Аншлаг”, мы сталі працаваць разам з Я.Петрасянам і іншымі артыстамі. Але тагачасны кіраўнік культурнага фонду “АРТЭС” Аляксандр Достман паставіў свае ўмовы: мы павінны былі памяняць грамадзянства, пераехаць у Маскву і год працаваць пад яго крылом. Гэта было выдатным шансам паказацца вялікай тэлеаўдыторыі і атрымаць вядомасць. Мы доўга вагаліся, але з-за шэрага прычын вырашылі адмовіцца.

Пасля адмаўлення Рэгіна Дубавіцкая прапанавала мне кінуць “Хрыстафор”, застацца ў Маскве і рыхтаваць праграму з Кларай Новікавай. Але тут таксама не склалася.

Разам з намі тады прыйшлі ў эстраду Юра Гальцаў, Гена Ветраў, Сяргей Драбаценка, Лена Варабей. І ўсе яны працуюць на эстрадзе да гэтага часу.

Сёння “Хрыстафор” іграе свае спектаклі даволі рэдка і, шчыра кажучы, больш для душы, а не для грошай. У нас засталася свая аўдыторыя, якая любіць нас і ходзіць на нашы спектаклі. У прыватнасці, штогод на дзень нараджэння тэатра, 25 снежня, мы з лёгкасцю збіраем тысячную канцэртную залу “Мінск”. Праблема ў іншым: мы не можам набраць у тэатр моладзь, бо ён існуе амаль на грамадскіх пачатках, на ініцыятыве яго ўдзельнікаў.

Так, сёння ёсць тэатр эстрады, але, на жаль, яго праграмы зводзяцца ў асноўным да песеннага жанру. А эстрада — гэта значна больш, чым проста спевы.

— Што б зараз вам было цікава зрабіць у прафесійным плане?

— Цяжка загадваць наперад, але, дзякуй богу, сёння ёсць запатрабаванасць. І, шчыра кажучы, я гэтаму вельмі рад. Пастаянна нешта знікае, нешта новае дабаўляецца. Перапынкаў, каб падумаць, чым гэта яшчэ заняцца, проста няма.

Я працую на тэлебачанні, ёсць зацікаўленасць мной у кінаіндустрыі. Зараз зняўся ў дзвюх кінастужках, а ў жніўні буду працаваць у карціне Дзмітрыя Астрахана. Прапаноўваючы мне і характарызуючы ролю мільянера — бацькі галоўнага героя, Д.Астрахан мне сказаў: “Твой герой багаты, але сквапны і мярзота рэдкасная — з тваім тварам толькі такога і іграць…” (Смяецца). Да таго ж “Хрыстафор” даў мне магчымасць зрабіць сольную эстрадную праграму ў жаночым вобразе старшай медсястры санаторыя. Дзякуючы Аляксандру Ціхановічу, Ядвізе Паплаўскай і іх прадзюсарскаму цэнтру, стала магчымай спачатку абкатка, а потым і сталае канцэртнае жыццё праграмы, маналогі з якой у выязных летніх канцэртах удала “разбаўляюць” спевы.

Апошнім часам прымаю ўдзел у дзіцячых антрэпрызах “Фрэкен Бок вяртаецца” і “Кот Матроскін і яго карова”. Абодва спектаклі — працяг вядомых мультыплікацыйных гісторый. У першым я іграю Фрэкен Бок, а ў другім — Матроскіна. Аднойчы да адміністратара падышла глядачка і запыталася: “Скажыце, якая актрыса іграе ў спектаклі Фрэкен Бок? Яна мне так спадабалася!” “Гэта Фаіна Ранеўская,” — не задумваючыся, адказала адміністратар. — “Тады перадайце ёй мае захапленні!” (Смяецца.) Таксама ёсць вельмі чуллівая казка “Трэба верыць у цуды” і шэраг іншых спектакляў.

— Ці спрабавалі вы сябе ў выкладчыцкай прафесіі?

— Не думаю, што гэта можна назваць выкладчыцкай дзейнасцю, але я некалькі гадоў у часы студэнцтва працаваў піянерважатым у летніках у Беларусі. Потым мне пашанцавала пазнаёміцца з дырэктарам піянерлагера “Юнга” ў Анапе, і я некалькі гадоў усё лета праводзіў сярод піянераў у якасці піянерважатага, браў з сабой сына Міцю, а першыя гады нават жонка з намі ездзіла.

Афіцыйна я нідзе і ніколі не выкладаў, а ў нефармальнай абстаноўцы — бывала. Дэманстраваў свае педагагічныя якасці (канечне, не наўмысна). Калі некалькі гадоў назад я ўдзельнічаў у пастаноўцы навагодняй казкі, нехта з педагогаў сказаў, назіраючы мае зносіны з маладымі акцёрамі, што з мяне выйшаў бы нядрэнны выкладчык. Лічу, што гэта так, але ў мяне не было б часу кожны дзень выкладаць, а рабіць гэта набегамі не варта. Зразумела, што за столькі часу назапасілася шмат таго, што я ведаю і ўмею і чым можна было б падзяліцца з моладдзю. Часта, седзячы ў журы, бачыш выступленні маладых артыстаў і з горыччу разумееш: выкладаць павінны толькі тыя людзі, якія нечага дасягнулі самі ў акцёрскай прафесіі.

Калі нечым займацца, то трэба гэтай справе аддаваць усю душу. Я пакуль не гатовы цалкам прысвяціць сябе выкладанню. Ды і напрошвацца асабліва я нікуды не хачу. Паклічуць — падумаю. Мая калега Эмілія Пранскутэ, з якой мы сядзім разам пад сталом на “Калыханцы” (яна зараз працуе з янотам), больш любіць працаваць з завочнікамі, бо гэта людзі, якія мэтанакіравана ідуць вучыцца і ведаюць, чаго яны хочуць. З імі, па яе словах, хочацца працаваць і дзяліцца ведамі.

— Ці ёсць нешта такое, аб чым вы шкадуеце?

— Самае цікавае, што часам сапраўды прыходзяць у галаву думкі, што нешта можна было сыграць інакш ці сыграць у прынцыпе. Па вялікім рахунку лялечны тэатр даў мне магчымасць сыграць усё, што я хацеў. Адзінае, пра што можна было пашкадаваць, — гэта…

Мяне шмат разоў запрашалі ў іншыя тэатры, але я нікому так і не сказаў “так”… У той час ужо грымеў спектакль “Майстар і Маргарыта”, і менавіта тады мастацкі кіраўнік Рускага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Барыс Іванавіч Луцэнка чарговы раз прапанаваў мне перайсці ў рускі тэатр. Аргумент у яго быў атамны: ён пад мяне паабяцаў аднавіць спектакль Булгакава “Кабала святош” (спектакль быў зняты з репертуару пасля смерці Валерыя Філатава. — Заўв.аўтара.) і даць мне ў ім ролю Мальера, бо ён бачыў мяне ў гэтай ролі, калі мы ў студэнцкія гады ставілі ўрывак з гэтай п’есы. Гэта была такая прапанова, што я гатовы быў пайсці з лялечнага тэатра. Але мой кіраўнік Аляксандр Ляляўскі прапанаваў мне цікавую ролю ў новым спектаклі, а Барыс Іванавіч Луцэнка не быў настолькі настойлівы — і я застаўся.

А што тычыцца асабістага жыцця, я не адчуваю нейкай сямейнай адзіноты — вельмі часта, прыйшоўшы з работы, люблю проста пабыць сам-насам. А калі становіцца сумна — пераходжу дарогу і іду ў госці да сына і любімай унучкі Мар’яны.

— Дзякуй вялікі за размову. Жадаем доўгага экраннага жыцця вашаму Топу, а вам — плёну ў кіно і на сцэне.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота Сяргея ЛАЗЮКА і з архіва Уладзіміра ВАРАНКОВА.