Ульяна Надтачэева стала педагогам, пайшоўшы па слядах самага блізкага і роднага чалавека — мамы

- 12:04Новости

Ульяна Надтачэева стала педагогам, пайшоўшы па слядах самага блізкага і роднага чалавека — мамы. Малады спецыяліст пачала свой прафесійны шлях педагога­-дэфектолага ў дзіцячым садзе № 4 Хойнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Як прызнаецца Ульяна Аляксандраўна, яна з дзяцінства назірала за працай мамы — настаўніцы пачатковых класаў гімназіі Хойнікаў Наталлі Міхайлаўны. Яшчэ ў школьныя гады вызначылася, што стане педагогам, таму пайшла вучыцца ў Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж. Цяпер працягвае навучанне на завочным аддзяленні ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Вось ужо месяц малады спецыяліст вядзе карэкцыйныя заняткі, дапамагаючы дзецям пераадольваць маўленчыя парушэнні. Многім малышам складана справіцца з вымаўленнем некаторых гукаў, таму для іх асабліва важная своечасовая дапамога спецыяліста.

— На выбар прафесійнага шляху мяне натхніла мама. Мне заўсёды падабалася тое, што яна творча ставіцца да сваёй работы і з любоўю адносіцца да першакласнікаў, — дзеліцца Ульяна Аляксандраўна. — Дарэчы, яна першая падтрымала мае памкненні і цяпер падстаўляе плячо, падказвае і арыентуе ў любых прафесійных пытаннях. Мне заўсёды было цікава ўзаема­дзейнічаць з дзецьмі. Каб устана­віць кантакт з маленькімі чамучкамі, трэба быць адначасова і педагогам, і псіхолагам, умець знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Пасля практыкі я ўпэўнілася, што поспехі і дасягненні малышоў мяне асабліва радуюць. Бо, калі дзіцяці ўдаецца вымавіць правільна нейкі гук, лічу, што ў гэтым ёсць і мая маленькая перамога. Галоўнае ў маёй рабоце — дапамагчы дашкольнікам навучыцца вымаўляць гукі, каб у першы клас яны прыйшлі з добрай дыкцыяй. Правільнае маўленне — гэта вельмі важна.

У дзіцячым садзе спецыяліст ужо правяла дыягностыку ўсіх выхаванцаў, запоўніла маўленчыя карткі, пачала работу з тымі, каму патрэбна дапамога.

— На занятках больш за ўсё дзецям падабаецца працаваць з нагляднымі дапаможнікамі. Прыдумляю для іх розныя заданні, гульні, каб выпраўляць тыя ці іншыя парушэнні, спрыяць развіццю іх памяці, мыслення, — расказвае педагог. — Працую ў інтэграванай групе і ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Займаюся з дзецьмі са старэйшых, сярэдніх і малодшых груп. У асноўным у хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць праблемы з шыпячымі, свісцячымі гукамі, з літарай “р”, яны часта робяць замены гукаў, не вымаўляюць іх, скажаюць і нават перастаўляюць месцамі склады. Усё гэта можна выправіць, калі рэгулярна займацца.

Заняткі ў дзіцячым садзе Ульяна Надтачэева праводзіць штодзень, яны як індывідуальныя, так і групавыя. Дзеці з радасцю спяшаюцца ў кабінет настаўніка-дэфектолага, не лянуюцца, а гатовы добра папрацаваць над паляпшэннем вымаўлення.

Педагог развівае ў дзяцей фанематычны слых, праводзіць артыкуляцыйную гімнастыку — гэта неад’емная частка заняткаў, якія праходзяць для дашкалят у гульнявой форме.

— Прызнацца, як толькі прыступіла да работы ў садзе, хвалявалася і думала над тым, як мяне будуць успрымаць дзеці, бо я для іх новы чалавек. Аднак больш за ўсё здзі­вілася, што яны вельмі цёпла і па-доб­раму мяне сустрэлі, — адзначае сураз­моўніца. — Дзеці як разгорнутая кніга. Яны гатовы разам са мной пераадольваць любыя цяжкасці. Кожны раз, калі ідзём ра­зам з імі па лесвіцы або па калідоры да кабінета, усім дарослым, якія сустракаюцца на шляху, яны абавязкова паведамляюць, што ідуць на заняткі і будуць вучыць новыя словы. Іх станоўчы настрой мяне радуе. Калектыў ва ўстанове таксама вельмі ветлівы, калегі заўсёды прыходзяць на дапамогу, і я магу звярнуцца да іх у любую хвіліну.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота з архіва Ульяны НАДТАЧЭЕВАЙ