Улюбіць вучняў у сябе і свой прадмет

- 10:24Людзі адукацыі

Сёння ва ўстановах адукацыі Маларытчыны фізіку выкладаюць 25 настаўнікаў, сярод якіх 7 жанчын. У іх ліку Святлана Міхайлаўна Пуціна з Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота да матэрыялу: Улюбіць вучняў у сябе і свой прадмет.Працаваць на педагагічнай ніве яна не планавала, станавіцца настаўніцай фізікі не думала і не хацела, тэхнічнай творчасцю не захаплялася. Ды і фізіка не была адным з яе любімых школьных прадметаў. Пра нялёгкі настаўніцкі хлеб ведала добра, бо дзядуля шмат гадоў працаваў у школе. Ён не раз клікаў унучку ў прафесію, агітаваў, але дзяўчына заўсёды аднеквалася, упарцілася і казала, што не ўяўляе сябе за стосам сшыткаў, з крэйдай ля дошкі і ўказкай у руках. Дзядуля не здаваўся і пры кожным зручным моманце абавязкова пераводзіў размову на школьную тэму. Святлана не раз лавіла сябе на думцы, што калі ўгаворы працягнуцца, то, можа, і сапраўды пойдзе ў педагогі. У глыбіні душы яна ўсё ж такі была не супраць працаваць у школе. Дзед, усміхаючыся, гаварыў: “Ты, Святлана, усё роўна станеш настаўніцай. Ад свайго лёсу не ўцячы”. Так і атрымалася. С.М.Пуціна аддала педагогіцы 30 гадоў і зусім не шкадуе, бо лічыць, што толькі той, хто выбраў педагагічны шлях асэнсавана і ўсвядомлена, для каго настаўнік — гэта не проста прафесія, а стан душы, лад жыцця і думак, можа заставацца верным гэтай адказнай справе не адзін год.

— Любімая работа прыносіць задавальненне, вучні радуюць поспехамі, калегі ў любую хвіліну падтрымаюць, падкажуць, параяць, — гаворыць Святлана Міхайлаўна. — Іду ў школу, як на свята, бо ведаю: я патрэбна вучням, асабліва 11 “А” класу, дзе з’яўляюся класным кіраўніком, а таксама іх бацькам і калегам. Не ўяўляю ўжо, як можна пражыць без школьнага гоману, цікаўных і дапытлівых хлопцаў і дзяўчат, якія падштурхоўваюць да творчасці, самаўдасканальвання і самаразвіцця. Сярод іх забываю пра свае турботы і маладзею душой. А яшчэ шмат незабыўных уражанняў і станоўчых эмоцый пакінуў у хлопцаў і дзяўчат летні 30-кіламетровы пешы паход на возера Меднае ў Брэсцкім раёне. Былі тут і касцёр, і песні пад гітару.

З самага пачатку педагагічнай дзейнасці С.М.Пуціна шукала адказы на розныя пытанні. Сярод іх — “Як зрабіць сваю работу больш выніковай?”, “Як навучыць дзяцей разумець сутнасць фізічных з’яў і законаў, каб яны маглі выкарыстоўваць набытыя веды на практыцы, рашаць творчыя заданні, выконваць даследчыя праекты, паспяхова ўдзельнічаць у алімпіядах, конкурсах і паказваць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні?” і інш. Пошук адказаў на гэтыя і іншыя пытанні прывёў педагога да стварэння вучэбна-трэніровачнага комплексу для трэнінгу вучняў па рашэнні фізічных задач рознымі спосабамі.

— Апрабоўваю розныя прыёмы, якія дазваляюць лёгка запамінаць тэарэтычны матэрыял, неабходны для рашэння задач і назапашвання матэрыялу для практычнага выкарыстання на ўроку з мэтай павышэння эфектыўнасці навучання, — расказвае Святлана Міхайлаўна. — Імкнуся зрабіць вывучэнне фізікі больш даступным і цікавым, спрабую абудзіць творчую думку дзяцей, выкарыстоўваючы розныя падыходы да рашэння задач і развіваючы здольнасць бачыць і разумець навакольны свет, вучу аналізаваць і сінтэзаваць яго з’явы, ставіць перад сабой пытанні і задачы, рашаць іх самастойна. Гэта дапамагае больш глыбока зразумець фізічныя тэорыі і сфарміраваць правільныя фізічныя ўяўленні. Акрамя таго, рашэнне задач дапамагае лагічна думаць, прывучае да дакладнай, лаканічнай і тэхнічна правільнай мовы.

З чаго складаецца поспех педагагічнай дзейнасці, С.М.Пуціна адназначна сказаць не можа. У кожнага настаўніка свой рэцэпт, выпрацаваны і замацаваны гадамі.

— Галоўнае — педагог і вучні павінны ўмець слухаць, чуць і разумець адно аднаго, — гаворыць Святлана Міхайлаўна. — Настаўнік павінен быць добрым, шчырым, справядлівым і тактоўным, выдатна ведаць свой прадмет, мець пачуццё гумару і бязмежна любіць дзяцей. А яшчэ вельмі важна ў любой сітуацыі заставацца аптымістам, вучыць дзяцей уласным станоўчым прыкладам. Лічу, што педагогу неабходна спачатку ўлюбіць вучняў у сябе, а затым і ў свой прадмет. Ідучы на ўрок, варта імкнуцца стварыць на ім сітуацыю поспеху для кожнага дзіцяці, бо яна заўсёды добра матывуе.

У метадычнай скарбонцы кожнага педагога ёсць не адзін эфектыўны метад, прыём і сродак навучання, які вядзе да ўстойлівага засваення вучнямі зместу прадмета. Выбар заданняў залежыць ад тыпу ўрока, узросту і здольнасцей дзяцей, іх жыццёвага вопыту, схільнасцей да прадмета. С.М.Пуціна лічыць, што настаўнік павінен так прадумаць, спланаваць і правесці заняткі, каб усім вучням было цікава і займальна на іх, бо цікавае абвастрае зрок, актывізуе думку, абуджае творчасць. Толькі такі ўрок будзе выніковым. Павысіць якасць ведаў дапамагаюць і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, якія добра актывізуюць пазнавальную дзейнасць на розных этапах навучання.

Да вяршынь педагагічнага майстэрства Святлана Міхайлаўна ішла не адзін год. Пасля заканчэння школы спрабавала паступіць у тагачасны Магілёўскі тэхналагічны інстытут, каб стаць тэхнолагам харчовых прадуктаў, але не прайшла па конкурсе. Расчараваная і заплаканая, прыехала дадому і ўладкавалася памочнікам выхавальніка ў мясцовы дзіцячы сад. Менавіта тут канчаткова зразумела, што хоча стаць настаўніцай. Праз два гады дзяўчына стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта тагачаснага Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, пасля заканчэння якога была накіравана настаўніцай матэматыкі ў Дамачаўскую сярэднюю школу Брэсцкага раёна. Але затрымалася там ненадоўга: пераехала да мужа ў Маларыту, дзе спачатку ўладкавалася ў Хаціслаўскую сярэднюю школу, а потым — у сярэднюю школу № 1 райцэнтра.

У пачатку педагагічнай дзейнасці былі расчараванні і няўдачы, але яны ніколі не адбівалі ахвоту працаваць, наадварот, стымулявалі і падштурхоўвалі да пошуку новых ідэй. Маладая настаўніца знаходзіла і прымяняла на практыцы тое, што давала станоўчы вынік. Для гэтага спатрэбіўся не адзін год штодзённай працы над сабой. Павага, давер, аўтарытэт, захапленне вучняў фізікай і іх добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні, прызавыя месцы на раённых алімпіядах і канферэнцыях даследчых работ — заканамерны вынік напружанай працы.

Настаўніца ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі і ніколі не абмяжоўваецца толькі правядзеннем урокаў. У С.М.Пуцінай заўсёды шмат цікавых задумак і ідэй для вучняў. Настаўніца разам з імі ўсюды. У захапленні ад свайго класнага кіраўніка і яе фізіка-матэматычны 11 “А” клас.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.