Умацаванне стабільнасці і бяспекі — нязменны прыярытэт у дзейнасці Садружнасці

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Эфектыўнае процідзеянне тэрарызму павінна грунтавацца на прэвентыўным падыходзе. Такое меркаванне выказаў старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў у час парламенцкай канферэнцыі па барацьбе з міжнародным тэрарызмам, якая прайшла ў Санкт-Пецярбургу. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Выканкама СНД.

Як адзначыў Сяргей Лебедзеў, практыка апошніх гадоў паказвае, што эфектыўнае процідзеянне тэрарызму не павінна замыкацца выключна на контрсілавых мерах, а грунтавацца на рознабаковым, у тым ліку прэвентыўным, падыходзе. Менавіта на гэта, паводле яго слоў, нацэлены праекты Канцэпцыі супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, пагадненні аб абмене інфармацыяй у рамках СНД у сферы барацьбы з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму.

З улікам сучасных тэндэнцый значная ўвага таксама ўдзяляецца нейтралізацыі выкарыстання інфармацыйных тэхналогій для распаўсюджвання экстрэмісцкіх ідэй і прыцягнення ў рады тэрарыстаў новых членаў, у першую чаргу з ліку моладзі.

Старшыня Выканкама СНД адзначыў важкі ўклад Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД у прававое забеспячэнне прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Садружнасці па барацьбе з тэрарызмам. Шэраг прынятых асамблеяй мадэльных законаў садзейнічаў збліжэнню нацыянальных заканадаўстваў, а таксама знайшоў сваё ўвасабленне ў мэтавых міждзяржаўных праграмах па ўмацаванні бяспекі.

Сяргей Лебедзеў таксама звярнуў увагу, што ўмацаванне стабільнасці і бяспекі, сумеснае процідзеянне глабальным рызыкам і пагрозам нязменна з’яўляюцца прыярытэтам у дзейнасці Садружнасці. Пры гэтым супрацоўніцтва па процідзеянні тэрарызму ажыццяўляецца з улікам цэнтральнай ролі ААН і ва ўзаемадзеянні з аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі. У іх ліку — Контртэрарыстычны камітэт Савета Бяспекі ААН, адпаведныя структуры АБСЕ, ШАС, АДКБ, Еўразійская група па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму.

Парламенцкая канферэнцыя па барацьбе з міжнародным тэрарызмам арганізавана МПА СНД сумесна з ПА АБСЕ.