Кітай бачыць Беларусь важным партнёрам супрацоўніцтва ў сумесным стварэнні “Аднаго пояса і аднаго шляху”. Гэта адзначыў Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая Старшыня КНР Сі Цзіньпін у пасланні ў адказ кіраўніку беларускай дзяржавы Аляксандру Лукашэнку, паведамілі ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
“Выказваю ўдзячнасць за ваша віншаванне з правядзеннем ХІХ з’езда КПК і з маім перавыбраннем на пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПК. Я ўдзяляю вялікую ўвагу развіццю кітайска-беларускіх адносін”, — адзначыў Сі Цзіньпін.
Кітайскі лідар падкрэсліў важнасць таго, што ў верасні 2016 года Кітай і Беларусь стварылі адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, што адкрыла новую старонку ў развіцці двухбаковых адносін. “Мы цвёрда падтрымліваем адно аднаго ў пытаннях, якія тычацца нашых карэнных інтарэсаў і важных клопатаў. Назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі прагматычнага супрацоўніцтва ў розных сферах паміж Кітаем і Беларуссю. Кітай бачыць Беларусь важным партнёрам супрацоўніцтва ў сумесным стварэнні “Аднаго пояса і аднаго шляху”, — заявіў ён.
“Я гатовы разам з вамі прыкладаць намаганні для ўсебаковага паглыбленага развіцця нашых двухбаковых адносін і стварэння супольнасці адзінага лёсу чалавецтва”, — дадаў кітайскі лідар.
Ад імя кітайскага народа ён выказаў удзячнасць Аляксандру Лукашэнку за запрашэнне кітайскіх дзяцей у Беларусь на адпачынак і аздараўленне. Сі Цзіньпін таксама выказаў упэўненасць, што дружба паміж народамі дзвюх краін будзе пастаянна ўмацоўвацца.