Якая найлепшая ўзнагарода для юных краязнаўцаў? Смартфон або планшэт? Энцыклапедыя па гісторыі, культуры або прыродзе Беларусі? І гаджэт, і кніга. Аднак самы любімы, самы доўгачаканы падарунак за плённую працу па вывучэнні роднага краю — адпачынак у рэспубліканскім летніку “Юныя краязнаўцы”. Сёлета такой каштоўнай узнагароды былі ўдастоены 92 навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта самыя актыўныя, самыя творчыя, самыя крэатыўныя ўдзельнікі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. У сталіцы яны адпачывалі з 22 па 30 чэрвеня.
Агульная справа
Чаго толькі ні было за дзевяць дзён адпачынку. Былі экскурсійна-адукацыйныя, інтэрактыўныя, спартыўныя, культурна-пазнавальныя праграмы. Былі краязнаўчая канферэнцыя, творчыя сустрэчы з вядомымі літаратарамі, мастакамі, музыкантамі. Былі майстар-класы і вольны час, напоўнены гульнямі, цікавымі знаёмствамі. Былі памятныя мерапрыемствы ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Чаго толькі ні было! Хаця не, усё ж такі было тое, чаго не было. А не было дрэннага настрою, незадаволенасці, абыякавасці, не было пахмурных твараў. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Кожны год арганізатары летніка (супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства) робяць усё магчымае, каб адпачынак юных краязнаўцаў у сталіцы прайшоў выдатна.
“Мы з вамі — сябры, таму што робім агульную, вельмі патрэбную справу: даследуем родны край, не дазваляем сабе і іншым забываць пра нашы карані. Краязнаўства — цікавая справа, якая дазваляе пра многае даведацца, наведаць многія цікавыя мясціны. Мы ўдзячны вам за гэтую работу. Супрацоўнікі цэнтра вельмі чакалі вас і распрацавалі цікавую праграму. Спадзяёмся, яна вам спадабаецца, вы будзеце актыўна ў ёй удзельнічаць, набудзеце новых сяброў, падзеліцеся сваімі ведамі і атрымаеце новыя”, — звярнулася да ўдзельнікаў летніка намеснік дырэктара РЦЭіК Лідзія Андрэеўна Жур. “Мы рады вітаць вас, лепшых з лепшых краязнаўцаў, якія прадстаўляюць свае ўстановы адукацыі, свае рэгіёны. Мы рады пазнаёміцца з вашымі краязнаўчымі даследаваннямі, паказаць вам, наколькі багатая адметнасцямі наша сталіца. Нам хочацца, каб падчас адпачынку вы натхніліся на яшчэ больш актыўныя краязнаўчыя даследаванні. Мы з калегамі пастараліся, каб вам было цікава, каб вы адчулі важнасць і цікавасць краязнаўчай работы”, — дадала начальнік летніка Аляксандра Яўгенаўна Кравец.
Краязнаўчы гімн
Для ўдзельнікаў летніка такія ўзвышаныя і добра знаёмыя кожнаму з нас словы, як “родны край”, “любоў да малой радзімы”, “патрыятызм”, не асацыіруюцца толькі з чырвонымі датамі календара. 9 мая, 3 ліпеня — гэта знакавыя даты, якія прымушаюць настаўнікаў і вучняў задумацца аб значнасці той работы, якая праводзіцца імі па даследаванні мінулага малой радзімы, па вывучэнні гераічнага жыццёвага шляху продкаў, каб не перарываўся ланцужок гістарычнай памяці пакаленняў. Кожнае лета Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства ласкава сустракае хлопчыкаў і дзяўчынак, якія берагуць Беларусь. І кожнае лета падчас урачыстага адкрыцця летніка гучыць яго своеасаблівы гімн, словы песні, складзенай жыхаркай Полацкага раёна Тамарай Канстанцінаўнай Вышынскай: “Беларусь беражыце, // Яе цiш i спакой. // Вы Радзiму любiце — // Не знайсцi нам другой. // Гэта неба i сонца, // Гэта хлеб на стале. // I матулi ваконца // У радзiмым сяле. // Беларусь беражыце, // Каб заможнай была // I каб наша сталiца // Прыгажэй расцвiла… // Беражыце Айчыну, // Яе сон i спакой! // Бо матулi-радзiмы // Не знайсцi нам другой”.
Гісторыя пад нагамі
Пра духмяны хлеб на стале ў доме бабулі, пра матуліна аконца, дзе заўсёды гарыць агеньчык любові, пра роднае сяло, пра ціш і спакой малой радзімы юныя краязнаўцы расказвалі падчас краязнаўчай канферэнцыі. Палітра прадстаўленых даследаванняў была разнастайнай і багатай. Кожная вобласць прэзентавала некалькі цікавых тэм, арыгінальных ідэй, праектаў. Самым арыгінальным і крэатыўным, напэўна, быў праект “Ліда — турыстычны цэнтр Гродзеншчыны”, які прэзентавала Дар’я Грышкевіч з сярэдняй школы № 1 Ліды. Праект, распрацаваны пад кіраўніцтвам Наталлі Анатольеўны Ліханавай, накіраваны на павышэнне ўзроўню ведаў жыхароў Ліды пра гісторыю горада і складаецца з трох міні-праектаў: “Гісторыя пад нагамі”, “Гісторыя для ўсіх”, “Пазнаем гісторыю горада разам”.
Калі з “Гісторыяй для ўсіх” і “Пазнаннем гісторыі горада разам” усё зразумела, то сутнасць міні-праекта “Гісторыя пад нагамі” можа спачатку падацца незразумелай. На самай справе, усё проста. “Гісторыя пад нагамі” — гэта звычайныя каналізацыйныя люкі, якія, на думку лідскіх краязнаўцаў, можна выкарыстоўваць як інфармацыйна-рэкламныя аб’екты, праз іх знаёміць гасцей і жыхароў Ліды з гістарычнымі славутасцямі горада. Для гэтага на люкі варта нанесці арыгінальныя, лёгка пазнавальныя графічныя лагатыпы. “Традыцыя вырабу каналізацыйных люкаў з выявамі мае даўнюю гісторыю. Дэкаратыўныя вечкі люкаў ёсць у многіх краінах Заходняй Еўропы. Іх можна ўбачыць і ў нашых беларускіх гарадах, у тым ліку і ў Мінску. У нашым горадзе падобных арыгінальных люкаў з лагатыпамі пакуль што няма”, — паведаміла Дар’я.
Не горш за вучняў райцэнтра выступілі і прадстаўнікі Дзітвянскай сярэдняй школы Лідскага раёна Дар’я Стасюлевіч і Рэната Пятрушчык, якія паведамілі пра асаблівасці выхаваўчага патэнцыялу народных гульняў Лідчыны. Гэтую тэму яны даследавалі пад кіраўніцтвам Ірыны Віктараўны Стасюлевіч.
Палітра даследаванняў
Тэматыка прадстаўленых на канферэнцыі работ разнастайная. Гэта і тэма Вялікай Айчыннай вайны, і гісторыя свайго роду, і фальклорная спадчына. “Крылы над горадам” — так гучала тэма выступлення навучэнца Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Вадзіма Шышко, якая прысвечана Шчучыну — гораду авіятараў. Мэтай даследавання, праведзенага разам з Вікторыяй Сяргееўнай Русаковай, стала стварэнне экскурсійнага маршруту, які ўключае мясціны, звязаныя з авіяцыйнай старонкай гісторыі горада. Авіяцыйную тэму працягнула навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Быхава Ганна Пінчукова. Дзяўчына прапанавала ўдзельнікам канферэнцыі здзейсніць завочнае падарожжа “Па слядах крылатай гвардыі”, якое яна распрацавала разам з Сяргеем Пятровічам Кулаевым. Спусціцца з нябёс на зямлю і праехацца па Радзівілаўскай чыгунцы прапанавалі навучэнкі Ліпеньскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Ксенія Марозава і Паліна Кузьмянкова. Гэтае падарожжа яны распрацоўвалі пад кіраўніцтвам Вольгі Аляксееўны Падвойскай.
Усяго на канферэнцыі было прадстаўлена 13 работ. Так, вучні Лелікаўскай сярэдняй школы імя У.Шапецюка Кобрынскага раёна Сняжана Трубчык, Кацярына Ермалюк і Кацярына Шапяцюк паведамілі пра фальклорную спадчыну малой радзімы, якую яны даследавалі пад кіраўніцтвам Юліі Пятроўны Вазнюк. Ды не проста паведамілі, а ператварылі на час свайго выступлення залу, дзе праходзіла канферэнцыя, у подыум і паказалі арыгінальны касцюм свацці. Навучэнцы Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна Лізавета Міхмель, Ангеліна Дайлідзёнак, Яўген Мальчонак, Дзмітрый Гмір, Віта Козел расказалі пра духоўныя сюжэты ў творах знакамітых землякоў, вучоных-фізікаў роднага краю, Івана Ціханавіча Лятэцкага, а таксама аб праваслаўных традыцыях малой радзімы. Кіравалі вучнёўскім краязнаўчым даследаваннем Наталля Уладзіміраўна Рандарэвіч і Лілія Аляксандраўна Баброўская. Да тэмы знакамітых землякоў, яркіх, творчых асоб звярнуліся і прадстаўнікі Гомельскай вобласці. Так, вучаніца сярэдняй школы № 5 Жлобіна Валерыя Чыкілёва расказала пра творчы і жыццёвы шлях Генадзя Пархоменкі, былога вязня Азарыч (кіраўнік работы Сяргей Пятровіч Паграбецкі). Пра подзвіг, якому ляжыць дарога ў вечнасць, паведаміла навучэнка Гадылёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна Аляксандра Навуменка (кіраўнік Ларыса Міхайлаўна Папкова). Яркім, творчым, незабыўным атрымалася выступленне ў знакамітай юнай даследчыцы з Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Ксеніі Сітнік (неаднаразовай пераможцы і прызёра конкурсаў акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”), якая паведаміла пра культурную спадчыну роднага краю. Дапамагаў дзяўчыне ў гэтым даследаванні Мікалай Васільевіч Тамашоў.
Таленты летніка
Выступленні на краязнаўчых канферэнцыях, чытаннях, семінарах. Паходы па лясных і палявых сцежках з рукзакамі, велападарожжы, сустрэчы з мясцовымі старажыламі — для краязнаўцаў гэта звычны клопат. У старонняга чалавека можа скласціся ўражанне, што аматары роднага краю толькі і робяць, што вандруюць, праводзяць жыццё ў паходах і даследаваннях. Аднак гэта не так. Яны яшчэ і выдатна спяваюць, танцуюць, валодаюць артыстычнымі здольнасцямі, складаюць цудоўныя вершы. Гэта пацвердзілі конкурс творчага прадстаўлення каманд “Візітоўка” і конкурс “Таленты летніка”.
Коратка пра некаторыя моманты конкурсу “Візітоўка”: “У добры дзень, у добры час краязнаўцы Брэстчыны вітаюць вас” або “Ігар і Ілья — спартсмены, алімпійцам годная змена, гэта Жэня і Андрэй — з імі час весялей, Дзіма і Максім у нас — інтэлектуальны клас” (такія таленты прадстаўлялі Крулеўшчынскую сярэднюю школу Докшыцкага раёна). Гродзенская вобласць была прадстаўлена праз дзейнасць рэдакцыі газеты “Міжгалактычны аглядальнік”. Журналіст-іншапланецянін і яго памочнікі робаты перанесліся ў часы Гедыміна і задалі некалькі пытанняў вялікаму князю. Карэспандэнты цікавіліся, для чаго ў 1323 годзе на зліцці дзвюх рэк на насыпным пагорку ён заклаў Лідскі замак? Для чаго пачаў такое маштабнае будаўніцтва? Краязнаўцы з Магілёўшчыны запрашалі ў Асіповічы, якім спаўняецца 145 гадоў, а таксама ў Быхаўскі “цудоўны раён, які краязнаўчай камандай славіцца”. На конкурсе талентаў былі і спевы пад электрагітару, і народныя песні на палескім дыялекце з Мазыршчыны. Шмат нумароў было прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны, напрыклад, інсцэніроўка песні пра медсястру і балада пра зенітчыцу.
Любіць Радзіму
Усё добрае калі-небудзь заканчваецца. Завяршыўся і краязнаўчы адпачынак у сталіцы для актыўных даследчыкаў роднага краю — тых, хто жыве ў Беларусі і тым ганарыцца, хто збірае Беларусь у сваім сэрцы, хто Беларусь беражэ. “Беларусь беражыце, // Яе цiш i спакой. // Вы Радзiму любiце — // Не знайсцi нам другой”. А таксама не забывайце добра і з карысцю адпачываць. Усё ж такі за акном лета, а яно, як вядома, вельмі хутка мінае.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва летніка.