Унікальная адкрытая творчая прастора працуе ў гімназіі № 10 Маладзечна

- 11:04АРТ-квартал, Образование

Як убачыць у дзіцяці творцу? Адказ ведае настаўніца выяўленчага мастацтва, чарчэння і мастацкай культуры гімназіі № 10 Маладзечна Алена Сербіна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Дзякуючы педагогу ў гімназіі з’явілася творчая прастора DaVinci. Па задуме А. Сербінай, ва ўстанове адукацыі павінна быць месца, дзе дзеці могуць праявіць сябе па-за межамі ўрокаў. Пляцоўка не абмежавана сценамі, трапіць на яе тэрыторыю могуць усе жадаючыя навучэнцы.

Тут праводзяцца нашы мерапрыемствы, адзначаюцца шматлікія святы. Асаблівую гордасць выклікае кошык DaVinci — маркет для продажу і распаўсюджвання той прадукцыі, якую выпускае бізнес-кампанія гімназіі «Перспектыва», — адзначыла суразмоўніца.

Кожны вучань можа правесці на пляцоўцы бяспечныя хімічныя ці фізічныя эксперыменты і зразумець, падабаецца яму гэтая навука ці не. Для гэтага ў творчай прасторы знаходзіцца неабходнае абсталяванне.

Таксама ёсць развіццёвыя настольныя гульні, шашкі, шахматы, літаратура рознага кірунку і жанраў. Займацца на пляцоўцы можна самастойна, з сябрамі альбо настаўнікамі. Апошнія, дарэчы, заўсёды з радасцю дапамагаюць дзецям.

Вельмі прыемна, што DaVinci ніколі не пустуе, — кажа А. Сербіна. — Спадзяюся, што кожны хлопчык ці дзяўчынка зможа знайсці тут тое захапленне, якое дапаможа раскрыць яго таленты і здольнасці.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА