Для ўдзелу ў рэпетыцыйным ЦЭ было зарэгістравана 55 248 навучэнцаў. Рэпетыцыя прайшла на базе 144 пунктаў па 15 вучэбных прадметах (з улікам усіх замежных моў). Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Найбольшая колькасць зарэгістраваных на рускую мову — 29,1%, матэматыку — 24,3%, біялогію — 11,2%.
У РЦЭ прынялі ўдзел больш за 53 тысячы чалавек. Па ўважлівай прычыне не з’явіліся 1387 навучэнцаў, большасць з іх па хваробе (87,1%). Выдалены з РЦЭ 1 навучэнец (наяўнасць мабільнага тэлефона).
Прайсці рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену навучэнцы 11 класаў Гомельшчыны змаглі па ўсіх выбраных прадметах.
— У Гомельскай вобласці рэпетыцыя ЦЭ, як і ў мінулым годзе, прайшла на базе 26 пунктаў: 5 устаноў вышэйшай, 5 агульнай сярэдняй адукацыі і 16 сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў. — Самым вялікім пунктам па колькасці ўдзельнікаў РЦЭ з’яўляецца Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны, дзе зарэгістраваліся 1128 удзельнікаў. Менш за ўсё будучых выпускнікоў праверылі свае веды ў Нараўлянскім дзяржаўным каледжы — 22 чалавекі. Усяго на Гомельшчыне прынялі ўдзел у РЦЭ 8 тысяч навучэнцаў.
Ніякага хаосу, мітусні і спешкі: усе ўдзельнікі РЦЭ ведалі, куды ехаць або ісці, колькі часу спатрэбіцца на дарогу з сельскай мясцовасці да пункта правядзення іспытаў. Пры сабе — пашпарт, пропуск, ручка. Дзень правядзення рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену важны для ўсіх адзінаццацікласнікаў.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацікаўлена ў тым, каб сам цэнтралізаваны экзамен у маі прайшоў без нюансаў, таму назіральнікі за правядзеннем рэпетыцыі ЦЭ і прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю дэталёва сачылі за працэсам ва ўстановах па ўсёй краіне. У рамках рабочага візіту ўпаўнаважаны Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Антаніна Максімава наведала Светлагорскі дзяржаўны індустрыяльны каледж, каб прасачыць за ўсімі нюансамі РЦЭ, паназіраць за ходам яго правядзення, паразмаўляць з прадстаўнікамі педагагічнай грамадскасці раёна. І ўся гэтая работа мэтанакіравана праводзіцца для таго, каб разумець, як ставяцца навучэнцы, законныя прадстаўнікі, педагогі да працэдуры цэнтралізаванага экзамену, высветліць, на якія аспекты варта звярнуць увагу, каб сам іспыт прайшоў без эксцэсаў. Пасля дыялогу з прысутнымі Антаніна Іванаўна адзначыла:
— Бачу, што людзі станоўча ставяцца да працэсу арганізацыі экзамену. Падрыхтоўка да ЦЭ ва ўстановах адукацыі ідзе комплексна і сістэмна, з разуменнем важнасці — гэта таксама радуе.
Тым часам у Светлагорскім дзяржаўным індустрыяльным каледжы ў РЦЭ прымалі ўдзел навучэнцы з 20 устаноў адукацыі горада і раёна, усяго — 411 чалавек, з іх 70 — выпускнікі сельскіх школ. Правяралі веды па 11 вучэбных прадметах, больш за ўсіх было зарэгістравана па матэматыцы — 152 чалавекі, па рускай мове — 73.
Як адзначыла кіраўнік аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама Жанна Чэркас, былі прыняты ўсе арганізацыйныя меры для правядзення рэпетыцыі ў спакойным рэжыме. З зарэгістраваных 417 навучэнцаў у пункт правядзення іспыту прыбыло 411. Па ўважлівых прычынах адсутнічалі 6 чалавек.
— Да РЦЭ вучні вельмі адказна ставяцца, і, вядома, яны старанна рыхтаваліся ўвесь час, — падкрэсліла Жанна Васільеўна. — Для іх важна прайсці рэпетыцыю, апынуцца ў гэтай змадэляванай сітуацыі, якая будзе падчас цэнтралізаванага экзамену, паглядзець на вынік. Дзякуючы вопыту, атрыманаму сёння, будучыя выпускнікі падыдуць да выніковай атэстацыі псіхалагічна больш падрыхтаванымі.
Пакуль старшакласнікі ў адведзеных аўдыторыях з галавой акунуліся ў рашэнне тэставых задач, дырэктар Баравікоўскай сярэдняй школы Іна Гошка расказала пра гатоўнасць вучняў да выпрабавання.
— Наша падрыхтоўка пачалася задоўга да дня правядзення РЦЭ і адпрацавана да дробязей, таму ў дзень выпрабавання ў арганізацыі ўсё было зладжана, — падкрэсліла Іна Уладзіміраўна. — Загадзя прапрацавалі графік падвозу навучэнцаў з аграгарадкоў Хутар і Баравікі, які скарэкціравалі з улікам нюансаў, напрыклад, улічылі дарожную сітуацыю, якая можа мяняцца з-за ўмоў надвор’я. Менавіта таму не было ніякіх збояў, цэнтралізавана ў 10.30 з вучнямі зайшлі ў каледж. Вельмі добра, што сёлета ў параўнанні з мінулым годам унесены некаторыя змяненні. Па-першае, адменена цэнтралізаванае харчаванне непасрэдна перад іспытам, па-другое, прыбыццё ў месца яго правядзення не за гадзіну (як гэта было ў 2023 годзе), а за 30 мінут. Гэта дазваляе мінімізаваць нервовы стан дзяцей. РЦЭ — унікальная магчымасць апынуцца ва ўмовах, максімальна набліжаных да ЦЭ. Гэты вопыт, несумненна, дапаможа дзецям быць больш паспяховымі пры здачы цэнтралізаванага экзамену.
На РЦЭ больш за ўсё часу было адведзена на матэматыку і фізіку — 210 мінут, крыху менш часу прадугледжана на хімію — 150 мінут, на біялогію — 120 мінут, усе мовы (руская, беларуская, замежныя) — 120 мінут, на ўсе астатнія прадметы выдзелена па 90 мінут. Нехта спраўляўся з заданнямі хутчэй, хтосьці пераправяраў да апошняга. Тыя, хто выходзіў з аўдыторыі і спяшаўся да сваіх педагогаў і дырэктараў школ, адзначалі, што заданні грунтаваліся на школьнай праграме.
Навучэнец Баравікоўскай сярэдняй школы Андрэй Раманюк вырашыў здаваць грамадазнаўства. У будучыні хлопец плануе паступаць у Полацкі дзяржаўны лясны каледж на майстра лесу, яму гэтая прафесія падабаецца даўно. А што тычыцца выпрабавання, гаворыць, што практычна не хваляваўся, бо ў школе на ўроках, дадатковых занятках і нават у шосты школьны дзень добрасумленна рыхтаваўся.
— Сам рэпетыцыйны тэст не вельмі складаны, — гаворыць Андрэй Раманюк. — Трывога, вядома, была, але я справіўся. Не ўсе заданні выканаў, і зараз я дакладна ведаю, на што трэба звярнуць увагу, зрабіць упор, ёсць час для падрыхтоўкі. З аднакласнікамі паспелі ўжо абмеркаваць свой удзел у РЦЭ, і наша меркаванне падобнае: важна было прайсці гэты этап, які дазволіць на ЦЭ лепш сарыентавацца, пазбегнуць хвалявання.
Навучэнка сярэдняй школы № 11 Светлагорска Валерыя Кабзар, праходзячы РЦЭ, аддала перавагу рускай мове. Дзяўчыну з ваенна-патрыятычнага класа сярод іншых школьнікаў вылучала не толькі зялёная форма, а яшчэ ўпэўненасць у добрым выніку і цудоўны настрой, які спрыяў плённаму дыялогу. Дзяўчына плануе паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на мытную справу. Валерыя даволі добра ацэньвае свой удзел у РЦЭ.
— Думаю, што будзе без нечаканасцей. Ацэнка тэста па рускай мове павінна быць высокай, — лічыць яна. — Усё ж дасягнуць выдатных вынікаў можна, калі ведаць усю тэорыю і прапрацаваць некаторыя моманты, напрыклад, паронімы, якія мне сустрэліся ў некалькіх заданнях. У аўдыторыі я правяла крыху больш за гадзіну, хоць на выпрабаванне было адведзена дзве. Справілася раней, у большай ступені ўпэўнена ў сваіх сілах. Рэпетыцыя — важны этап, трэба яго прайсці, ведаць, як усё будзе выглядаць непасрэдна на экзамене. Лічу, што без гэтай трэніроўкі на экзамене было б значна складаней адаптавацца. З нецярпеннем буду чакаць, калі можна будзе паглядзець свой вынік, ведаю, што гэта стане магчымым у 20-х чыслах лютага. Гэта нават вельмі добра, бо даведаюся, што мне трэба дапрацаваць, на што звярнуць увагу, каб да ЦЭ падрыхтавацца на ўсе 100%.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара