Адна з найстарэйшых вядучых устаноў вышэйшай адукацыі Палескага рэгіёна — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны — адзначыла сваё 85-годдзе. Пісьмы, тэлеграмы, відэазапісы — мноства віншаванняў ад калег і партнёраў з розных куткоў свету атрымаў прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнты ў гэтыя летнія дні. Шмат гасцей сабралася і на ўрачыстае свята. Удзел у ім прыняў і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, каб асабіста павіншаваць універсітэт, уручыць падзякі і падарункі як ад галіновага міністэрства, так і ад кіраўніцтва краіны.
Гісторыя Гомельскага дзяржуніверсітэта пачалася ў далёкім 1930 годзе з адкрыцця дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Праз чатыры дзесяцігоддзі ён атрымаў статус універсітэта і з кожным годам даказвае сваё права называцца вядучай УВА Гомельшчыны.
За гады існавання ўніверсітэт даў пуцёўку ў жыццё амаль 70 тысячам чалавек. Многія з гэтых выпускнікоў сталі яго гордасцю: героі Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, лаўрэаты дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Рэспублікі Беларусь, члены-карэспандэнты і акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук. А колькі сярод іх высокакваліфікаваных прафесіяналаў, у тым ліку і настаўнікаў. Больш як 50 выпускнікоў універсітэта з кваліфікацыяй “настаўнік” маюць высокія званні.
Сёння ГДУ імя Францыска Скарыны — гэта класічны ўніверсітэт, які займае ганаровае месца ў спісе лепшых універсітэтаў свету і, без перабольшання, з’яўляецца вядучым навукова-адукацыйным цэнтрам беларускага Палесся. Гэта падкрэсліў у сваім выступленні і міністр адукацыі М.А.Жураўкоў.
— Сярод абласцей нашай краіны Гомель можна лічыць навуковай сталіцай, і ў многім дзякуючы менавіта Гомельскаму дзяржуніверсітэту, яго сур’ёзным навуковым даследаванням, — сказаў Міхаіл Анатольевіч. — Асаблівае значэнне маюць яго фундаментальныя даследаванні, а прыродазнаўчыя школы, якія тут ёсць, сапраўды здзіўляюць.
Гомельскаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны — 85!
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны з 85-годдзем з дня заснавання, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
“За гады свайго існавання ваша ВНУ стала буйным навуковым і адукацыйным цэнтрам Палескага рэгіёна. Яго выпускнікі плённа працуюць у многіх сферах эканомікі нашай краіны”, — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калектывам універсітэта надаецца вялікае значэнне ўдасканаленню методык навучання, заахвочванню творчай работы студэнтаў, паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы, удзелу ў міжнародных праектах. Высокі прафесіяналізм, мэтанакіраванасць і адданасць справе прафесарска-выкладчыцкага складу служаць надзейным фундаментам для развіцця ўніверсітэта.
Міністр адзначыў, што ўніверсітэт без навукі немагчымы. Узровень навуковых даследаванняў паказвае ўзровень установы ў цэлым, стварае яе імідж. Не менш важным з’яўляецца пры гэтым і фінансавы бок: навуковыя даследаванні, якія праводзяцца вучонымі ва ўніверсітэтах, — гэта значны ўклад не толькі ў эканоміку самога ўніверсітэта, але і ў эканоміку краіны.
За кожным дасягненнем Гомельскага ўніверсітэта стаяць людзі — вучоныя і выкладчыкі, адданыя навуцы. У калектыве сёння працуюць тыя, хто стаяў ля вытокаў стварэння гэтай УВА. Кіраўніцтва ўніверсітэта называе іх не інакш як залатым фондам. Складаецца ж ён з амаль паўтары сотні прафесараў, кандыдатаў навук, выкладчыкаў, працоўны стаж якіх налічвае больш за сорак гадоў з адзіным запісам у працоўнай кніжцы: “Прыняты на работу ў Гомельскі педагагічны інстытут”.
Яшчэ адзін паказчык узроўню — міжнародныя сувязі і супрацоўніцтва з замежнымі ўніверсітэтамі.
У гэтым ГДУ імя Францыска Скарыны таксама дасягнуў вялікіх поспехаў. На працягу апошніх гадоў назіраецца істотнае павышэнне якасці міжнароднай дзейнасці ўніверсітэта, расце яго прызнанне за мяжой. Навукаёмістыя высокатэхналагічныя распрацоўкі ўніверсітэта не толькі выкарыстоўваюцца айчыннымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, але і экспартуюцца за межы рэспублікі. Цесныя навуковыя сувязі па выкананні навукова-даследчых работ аб’ядноўваюць Гомельскі дзяржуніверсітэт з вучэбнымі і навуковымі цэнтрамі Літвы, Кітая, Фінляндыі, Расіі, Швейцарыі, Украіны і іншых дзяржаў. Гэтыя сувязі пастаянна пашыраюцца, папаўняюцца новымі ідэямі. Аб гэтым супрацоўніцтве, паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў і даследаванняў гаварылі замежныя госці, прадстаўнікі ўніверсітэтаў і навукова-даследчых інстытутаў, якія прыбылі ў Гомель, каб павіншаваць калег з юбілеем. Але толькі віншаваннямі не абышлося. Прафесіяналы ніколі не трацяць час дарма, а тым больш, калі гэта вучоныя. Перамовы аб далейшым супрацоўніцтве сталі адным з важных момантаў сустрэчы. Асабліва плённым было абмеркаванне з кітайскімі партнёрамі, вынікам якога стала дамова аб далейшым пашырэнні ўзаемадзеяння.
— Мы разглядаем магчымасць адкрыцця нашых кафедр на базе замежных універсітэтаў, — пракаменціраваў рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны А.У.Рагачоў. — Сёння ў нашым універсітэце на сур’ёзным узроўні вядзецца выкладанне кітайскай мовы. На перамовах было вырашана пашырыць работу ў гэтым напрамку.
Аляксандр Уладзіміравіч упэўнены, што тыя вялікія планы, якія зараз маюцца, абавязкова будуць здзейснены, паколькі ў гэтым ёсць зацікаўленасць абодвух бакоў.
— Міжнародныя сувязі ў навуковай сферы апошнім часам развіваюцца даволі імкліва, — адзначыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Чаго толькі варта стварэнне кітайска-беларускага навукова-тэхналагічнага парка. Я ўпэўнены, што ўклад гомельскіх вучоных у гэтую справу, асабліва вучоных ГДУ, у прыватнасці школы фізіка-хімічных даследаванняў, будзе значным.
Сваімі дасягненнямі, а таксама высокай ацэнкай з боку кіраўніцтва краіны, галіновага міністэрства, беларускіх калег і замежных партнёраў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны пацвярджае, што на працягу 85 гадоў установа няспынна развівалася. Сотні прывітальных адрасоў зачытваліся на ўрачыстым мерапрыемстве, сотні грамат і падзяк атрымалі вучоныя і выкладчыкі ўніверсітэта. М.А.Жураўкоў уручыў нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” прарэктару па вучэбнай рабоце І.В.Семчанку, а ўніверсітэт атрымаў у падарунак ад Міністэрства адукацыі сертыфікат на 150 млн рублёў.
Наталля ЛУТЧАНКА.