Уносіць змяненні ў выбарчае заканадаўства пакуль не плануецца

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Пасяджэнне ЦВК Беларусі па падрыхтоўцы да мясцовых выбараў адбудзецца ў пачатку лістапада, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, у ходзе падрыхтоўкі да выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў 2018 года ўносіць змяненні ў выбарчае заканадаўства не плануецца, паколькі да электаральнай падзеі застаецца вельмі мала часу. Яна растлумачыла, што ў пачатку лістапада плануецца правесці пасяджэнне Цэнтральнай камісіі, дзе будуць зацверджаны метадычныя растлумачэнні для выбаркамаў. Што тычыцца рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія былі дадзены Беларусі пасля правядзення апошніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, Лідзія Ярмошына растлумачыла, што яны будуць улічвацца толькі ў правапрымяняльнай практыцы, дзе няма неабходнасці мяняць закон.

Найбліжэйшыя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў павінны адбыцца ў Беларусі не пазней за 20 лютага 2018 года. Цэнтральная выбарчая камісія прапанавала правесці іх 18 лютага. Канчатковае рашэнне наконт гэтага прыме прэзідэнт, павінен быць падпісаны адпаведны ўказ. Калі выбары будуць назначаны на 18 лютага, выбарчая кампанія пачнецца за тры месяцы да гэтага — не пазней за 18 лістапада.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама адзначыла, што дакладная дата правядзення выбараў, хутчэй за ўсё, стане вядома ў канцы кастрычніка.

На пытанне аб тым, ці плануецца запрашаць для маніторынгу мясцовых выбараў міжнародных наглядальнікаў, Лідзія Ярмошына растлумачыла, што звычайна замежныя наглядальнікі на выбары ў мясцовыя саветы не запрашаюцца, аднак у Беларусі існуе практыка запрашаць акрэдытаваных паслоў. “Хутчэй за ўсё, гэта будзе каротка-тэрміновае назіранне, зразумела, толькі ў перыяд галасавання, менавіта з боку дыпламатычных работнікаў”, — выказала меркаванне яна.