Якія новыя цікавыя формы работы з навучэнцамі апрабавалі педагогі з розных рэгіёнаў на вясновых канікулах, спытала карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Ганна Януш, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Глуска, Магілёўская вобласць:
— Выхаванне падрастаючага пакалення — працэс шматгранны. У якасці прыярытэтных напрамкаў у нашай гімназіі разглядаюцца фізічнае здароўе і маральны дабрабыт дзяцей, эстэтычнае і працоўнае выхаванне, інтэлектуальнае развіццё, фарміраванне духоўных каштоўнасцей і жыццёвых планаў школьнікаў, іх грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне. Установа адукацыі супрацоўнічае са Свята-Богаяўленскай царквой. На вясновых канікулах валанцёры руху Беларускай рэспубліканскай маладзёжнай арганізацыі “Добрае сэрца” з гімназіі Глуска прынялі ўдзел у акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі”, расчысціўшы прылеглыя да царквы тэрыторыі. Айцец Міхаіл правёў мерапрыемства для другакласнікаў на тэму “Праваслаўная кніга”, азнаёміўшы дзяцей са старадаўнімі праваслаўнымі рукапісамі. Для адраджэння і развіцця народных промыслаў гімназія цесна ўзаемадзейнічае з раённым Домам рамёстваў. У канікулярны час народныя ўмельцы дзяліліся сваімі ўменнямі з дзецьмі на майстар-класах. Напярэдадні надыходзячага свята Вялікадня дзяўчынкі і хлопчыкі вырабілі велікодны кошык для сваіх блізкіх. Яшчэ ў нас традыцыйна ў пачатку красавіка праводзіцца злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў руху, у якім гімназісты прымаюць удзел. Падрыхтоўка да конкурсу вядзецца вельмі карпатліва і закранае вучэбны працэс. У сувязі з гэтым сёлета на вясновых канікулах была арганізавана група для ўдзелу ў калектыўнай творчай справе “ЮІД”.
Васіль Каляда, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы в.Клейнікі імя Ю.В.Харытончыка Брэсцкая вобласць:
— На вясновых канікулах педагогі нашай установы актыўна выкарыстоўваюць як традыцыйныя, так і інавацыйныя формы работы з навучэнцамі. Актуальнымі застаюцца экскурсіі, гульні, КВЗ, спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы. З новых форм работы можна вылучыць дыстанцыйныя. Так, у канікулярны перыяд педагогі правялі з вучнямі анлайн-кансультацыі па падрыхтоўцы да алімпіяд, Viber-квесты і фотамарафоны па хэштэгах. Сёлета мы заўважылі, што навучэнцам больш за ўсё спадабаліся мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё інфармацыйнай культуры, — работа з медыярэсурсамі, сеткавае ўзаемадзеянне і творчасць у фармаце вэб-канструявання.
Марыя Уласавец, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 59 Мінска:
— Канікулы — час, вольны ад заняткаў, разумовай нагрузкі і дамашніх заданняў. Аднак навучэнцы нашай адукацыйнай установы не захацелі заставацца дома. Для дзяцей была арганізавана гутарка за круглым сталом на тэму бяспекі. Вучні свабодна абменьваліся думкамі аб тым, як можна пазбегнуць кур’ёзных сітуацый, успомнілі асноўныя правілы бяспечных паводзін дома і ў грамадскіх месцах. Што тычыцца новых форм работы на канікулах, то мы ўпершыню ладзілі брэйн-рынг, які развівае творчыя, пазнавальныя здольнасці вучняў і папулярызуе сярод моладзі веды па розных галінах навукі і культуры. Дарэчы, каманда, якая вызначылася хуткасцю рэакцыі пры адказах і кемлівасцю, была ўзнагароджана салодкімі прызамі. З мэтай выхавання патрыятызму і паважлівага стаўлення да гераічных учынкаў суайчыннікаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны была арганізавана Вахта Памяці. А яшчэ школьнікі ўпершыню наведалі з экскурсіяй падстанцыю МНС. Усе гэтыя ідэі вучні падрымалі, жадаючых паўдзельнічаць у згаданых мерапрыемствах было шмат. Канікулы мы правялі з карысцю.
Алена Дубанос, настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска, Гродзенская вобласць:
— У перыяд вясновых канікул мы апрабавалі новыя цікавыя формы работы з вучнямі. Пры іх выбары былі ўлічаны пажаданні і запыты вучняў, забяспечана іх занятасць карыснымі і змястоўнымі відамі дзейнасці. Так, напрыклад, сучасны падыход да арганізацыі вольнага часу навучэнцаў рэалізаваны праз работу школьнай бізнес-кампаніі. Супрацоўніцтва ў перыяд канікул з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ваўкавыскага райвыканкама вывела кампанію на новы фармат — выраб прадукцыі для Ваўкавыскага раённага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Такая форма работы спрыяе выхаванню міласэрнасці, дабрыні і чалавекалюбства ў падлеткаў. Эфектыўнай дзейнасцю, якая забяспечвае максімальную занятасць і зацікаўленасць школьнікаў у канікулярны час, з’яўляецца іх удзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах. Так, дзеці ўпершыню наведалі дзень адкрытых дзвярэй і фінал конкурсу “Лепшы па прафесіі” ў Ваўкавыскім каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На інтэрактыўных пляцоўках навучэнцы азнаёміліся са спецыяльнасцямі, асаблівасцямі прыёму ў каледж у 2023 годзе і паўдзельнічалі ў конкурсе па выяўленчым мастацтве. Сярод шматлікіх форм работы, арыентаваных на інтэлектуальнае развіццё школьнікаў, асаблівае месца займае прадметная алімпіяда. Інтэнсіўная падрыхтоўка да яе ажыццяўляецца падчас канікул з прыцягненнем пераможцаў прадметнай алімпіяды мінулых гадоў. На дапамогу настаўніку і традыцыйным формам работы прыходзяць віртуальны кабінет па працоўным навучанні, анлайн-курсы, майстар-класы і відэаўрокі па розных відах рукадзелля. Плануючы работу з навучэнцамі ў канікулярны час, неабходна прадумаць яе так, каб яна была не толькі цікавай, але і карыснай з пункту гледжання атрымання новага пазітыўнага жыццёвага вопыту і прафарыентацыі.
Настасся ЧАРКАНАВА