Упершыню пераходны сцяг атрымае лепшы наймальнік студатрадаў

- 10:36Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Пераходны сцяг лепшаму наймальніку студэнцкіх атрадаў упершыню будзе ўручаны ў 2016 годзе, паведаміў каардынатар студатрадаўскага руху БРСМ, работы з працоўнай моладдзю, а таксама праектаў і праграм грамадзянска-патрыятычнага напрамку Сяргей Клішэвіч у час адкрытага дыялогу на тэму “Да 14 і старэйшыя” ў прэс-цэнтры БелТА.

“Упершыню ў гэтым годзе будзе ўручаны пераходны сцяг лепшай арганізацыі, якая прымае студэнцкі атрад. Гэта адзін з элементаў падтрымкі наймальнікаў”, — сказаў Сяргей Клішэвіч.

Пераходны сцяг як сімвал шматгадовых традыцый беларускага студатрадаўскага руху будзе ўручацца штогод ва ўрачыстай атмасферы лепшаму прадпрыемству, якое прымае студатрад, па выніках работы за перыяд з 1 мая па 30 верасня (трэці працоўны семестр). Пры гэтым будуць ацэньвацца ўмовы для размяшчэння, харчавання, аплата працы ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў, а таксама дасягнутыя студатрадам вытворчыя паказчыкі, выкананне плана выхаваўчых мерапрыемстваў.

Цяпер пераходны сцяг уручаецца лепшаму студэнцкаму атраду. Гэтая традыцыя ў Беларусі была адноўлена ў 2014 годзе.

Стымуляванню прымаючых арганізацый таксама садзейнічае Указ кіраўніка дзяржавы № 459 ад 13 лістапада 2015 года, які ў тым ліку пашырыў фінансавыя магчымасці прадпрыемстваў па прыёме да сябе студатрадаў.

Студатрадаўскі рух — адзін са стратэгічных напрамкаў работы саюза моладзі. “Гэта не толькі рамантыка, заработная плата, але і дадатковыя рабочыя месцы, прафарыентацыя, дапамога маладому чалавеку ў выбары прафесіі, — адзначыў Сяргей Клішэвіч. — На сённяшні дзень дзякуючы падтрымцы, у тым ліку кіраўніцтва краіны, у студатрадах адпрацавала амаль 50 тысяч чалавек. Рознымі формамі другаснай занятасці ахоплена звыш 80 тысяч чалавек. Гэтыя паказчыкі сведчаць пра тое, што рух развіваецца, ідзе наперад не толькі колькасна, але і якасна”.

Сяргей Клішэвіч у час адкрытага дыялогу на тэму “Да 14 і старэйшыя” таксама адзначыў, што БРСМ прапаноўвае стварыць сістэму стажыровак моладзі ў міністэрствах і ведамствах. “Сёння БРСМ выходзіць з ініцыятывай стварэння сістэмы стажыровак у міністэрствах і ведамствах, куды маглі б трапляць нашы лепшыя хлопцы і дзяўчаты, стажыравацца і ў далейшым там працаваць”, — расказаў Сяргей Клішэвіч. На яго думку, стажыроўкі маладых людзей у дзяржорганах дапамогуць забяспечыць практыка-арыентаванае навучанне.