Упэўненасць надаюць першыя поспехі

- 14:03Адукацыйная прастора

У настаўніцы замежнай мовы гімназіі № 1 Ліды Гродзенскай вобласці Лізаветы Аляксееўны Герасюцінай час размеркавання амаль мінуў. Яна гэтаму рада, але перамен не плануе, збіраецца і далей працаваць на тым жа месцы. Тым больш, нягледзячы на невялікі стаж, ужо ёсць істотныя дасягненні. Асабліва ўзрадавала і натхніла на далейшыя поспехі 2-е месца яе вучаніцы на рэспубліканскай канферэнцыі даследчых работ.

Першы працоўны год цяжкі, але цікавы

Час ляціць хутка, і бывае так складана прызвычайвацца да перамен, тым больш кар­дынальных. Учарашняй студэнтцы, а затым магістрантцы таксама было няпроста з Мінска пераехаць у Ліду і прывыкнуць да таго, што яе сталі называць Лізаветай Аляксееўнай. Прызнаецца: яе першы працоўны год быў вельмі складаным, але адначасова і цікавым. Было шмат і хваляванняў, і пытанняў, і новай інфармацыі, і незнаёмых лю­дзей… Не раз прыходзілі думкі, накшталт “што я тут увогуле раблю”, “настаўнік — гэта нейкі суперчалавек, які павінен ведаць адказы на вельмі многія пытанні, а я самая звычайная і мала падыходжу”. Аднак з цягам часу ўсё стала на свае месцы, пачало атрымлівацца, а добрая, плённая праца, як вядома, прыносіць радасць і задавальненне.

Лізавета Аляксееўна прызнаецца, што да размеркавання асабліва не думала аб настаўніцтве, аднак сама і ў школе, і ва ўніверсітэце вучылася з цікавасцю. У сферы яе галоўных прыярытэтаў заўсёды была замежная мова. У школе ёй вельмі падабаліся ўрокі нямецкай. Спачатку было жаданне займацца дадаткова для сябе, а пазней вырашыла, што менавіта з замежнай мовай хоча звязаць свой лёс. Як і марыла, паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, толькі не на перакладчыцкі, а на факультэт нямецкай мовы. Атрымала дыплом выкладчыка нямецкай і англійскай моў, рыторыкі. Пасля захацелася прадоўжыць вучэбны працэс, на больш глыбокім узроўні зноў жа заняцца замежнай мовай. Скончыла яшчэ і магістратуру.

У лідскую гімназію № 1 Лізавета Аляксееўна была накіравана па размеркаванні. Месца было выбрана невыпадкова. У Лідскім раёне жывуць бацькі, таму гэта было вяртанне бліжэй да родных, амаль на малую радзіму. Аднак пры гэтым дзяўчыне прыйшлося развітацца з усім звычным, сябрамі і нібы з чыстага ліста пачаць новы этап свайго жыцця.

— Складанасцей, безумоўна, было нямала, аднак яны даюць каштоўны вопыт, загартоўваюць. У выніку мяняецца не толькі тваё жыццё, але паступова і ты сам, — разважае Лізавета Аляксееўна. — Зараз, азіраючыся назад, ужо здаецца, што нічога асабліва цяжкага і не было, але на той момант, шчыра скажу, так не думалася. Быў вялікі паток новай інфармацыі. Я не адчувала сябе гатовай выкладаць, тым больш хвалявалася, што стартаваць прыходзіцца адразу ў гімназіі. Аднак у мяне за плячамі ўжо быў не толькі ўніверсітэт, але яшчэ і магістратура, і я разумела, што гэта адзін з маіх важкіх плюсоў.

Лізавета Аляксееўна даволі хутка знайшла агульную мову са сваімі вучнямі. Дарэчы, на гэты конт асаблівых перажыванняў у яе не было, спадзявалася на тое, што, дзякуючы свайму ўзросту, зможа зразумець і зацікавіць дзяцей, “дамовіцца” з імі. Адразу ўзрадавала, што, нягле­дзячы на малады ўзрост новай настаўніцы, вучні ўсё ж, што называецца, трымаюць дыстанцыю, не перахо­дзяць меж і адносяцца з павагай. На думку Л.А.Герасюцінай, асаблівага сакрэту тут няма. Дзеці, і асабліва падлеткі, адчуваюць любую няпраўду, цэняць шчырасць і адкрытасць. Таму перш-наперш трэба быць сабой, быць сапраўднай, не прытварацца, не старацца скласці іншае ўражанне.

У маладой настаўніцы было больш хваляванняў наконт адносін з бацькамі. І сапраўды, з самага пачатку яны складаліся не так гладка, бывалі розныя непаразуменні. Цяпер стала прасцей, з’явіўся вопыт падобных зносін. Як паказаў час, усё вырашаецца, а бацькі ж, без­умоўна, хвалююцца за сваіх дзяцей, іх поспехі ў школе. Важна ніколі не спяшацца з вывадамі, наладзіць канструктыўны дыялог.

Нясумныя ўрокі англійскай

Лізавета Аляксееўна выкладае англійскую мову. У мінулым годзе працавала ў трэціх, пятых, шостых, сёмых класах, у гэтым — у трэцім, чацвёртым і шостым. Большасць яе нагрузкі перамясцілася на пачатковую школу, тут жа, у другім класе, яна вядзе яшчэ і гурток па замежнай мове.

Што дапамагала маладой настаўніцы на старце? Для навічка ў школе ў яе была вельмі важная ўмова. Лізавета Аляксееўна любіць прадмет, які выкладае, імкнецца пастаянна павышаць свой узровень. Менавіта такія адносіны да замежнай мовы стараецца пера­даць сваім вучням. Тым больш, што сёння без замежнай мовы нікуды: яна адчыняе дзверы ў многія прафесіі, дорыць шмат магчымасцей, ды і ўвогуле надышоў час, калі без яе нельга адчуваць сябе ўтульна, нават не выязджаючы за мяжу.

— Вучыць замежную мову вельмі цікава! — адзначае Л.А.Герасюціна. — Трэба толькі адчуць яе прыгажосць, убачыць, што ў цябе атрымліваецца не проста чытаць ці паўтараць вывучаныя словы і фразы, а выказваць думкі, расказаць аб тым, што бачыш вакол, разумець фільмы, перапісвацца з іншаземнымі сябрамі… Акрамя таго, вывучэнне мовы яшчэ і вельмі карыснае, бо дапамагае развіваць памяць і інтэлект. Зараз для мяне важна набрацца вопыту, разабрацца ў тым, як жа выкладаць мову максімальна эфектыўна і цікава, каб дзеці вучыліся з захапленнем.

Настаўніца імкнецца пастаянна падтрымліваць цікавасць дзяцей да свайго прадмета. На ўласным вопыце ўжо зрабіла выснову: каб урок быў нясумны, неманатонны, трэба даволі часта мяняць від дзейнасці. Справіцца з такой задачай ёй дапамагаюць мультымедыйныя тэхналогіі, відэа- і аўдыяматэрыялы, мабільныя прылады.

Важных нюансаў, якія дапамагаюць настроіць клас на работу, шмат. Лізавета Аляксееўна адзначае, што з першых жа хвілін урока трэба зацікавіць дзяцей тэмай, падаць яе так, каб з’явілася жаданне разабрацца. Для гэтага яна стараецца паказаць актуаль­насць таго, што будуць вывучаць, растлума­чыць, для чаго гэта трэба ведаць, дзе набытыя веды будуць карысныя ў жыцці. Калі дзецям прыйдзецца вучыць новыя словы, тлума­чыць, чаму для іх гэта блізка і актуальна.

Паступова Лізавета Аляксееўна знаходзіць усё больш лайфхакаў, якія дапамагаюць матываваць дзяцей. Напрыклад, часта выручае цікавы дадатковы матэрыял. Пры ўвядзенні новай лексікі падабаецца карыстацца карткамі са словамі, складаць карты памяці. Калі гаварыць пра граматыку, то тут сістэматызаваць інфармацыю выдатна дамагаюць табліцы.

Маладая настаўніца ладзіць работу на ўроку так, каб вучні не сядзелі з кнігамі ці нешта пісалі ў сшытках, а каб як мага больш камунікавалі, супрацоўнічалі, тварылі. Так, вучням сістэматычна прапануюцца творчыя заданні, яны з задавальненнем робяць разнастайныя праекты. Напрыклад, пасля таго як прайшлі тэму “Ежа”, дзеці складалі свае меню для школьнай сталовай. Затым прэзентавалі свае работы аднакласнікам, а тыя ў сваю чаргу павінны былі расказаць, спадабалася ім такое меню ці не, патлумачыць чаму. Пры гэтым вучні падагульнілі і прадэманстравалі веды, праявілі фантазію, крэатыўнасць. А калі трэцякласнікі праходзілі тэму “Поры года”, таксама было не менш цікавае творчае заданне. Вучні рабілі незвычайныя дрэвы, на якіх былі адлюстраваны і лета, і восень, і зіма, і вясна. Пасля расказвалі пра кожную пару: пра надвор’е, розныя заняткі, якімі можна займацца ў пэўны час…

Творчыя заданні, як правіла, выклі­каюць вялікую цікавасць. Аднак, як падкрэслівае Ліза­вета Аляксееўна, у кожным класе нельга ісці па адным шаблоне, важна адчуваць дзяцей. Настаўніца рада, што зараз больш выкладае ў пачатковых класах. Ёй цікава працаваць з дзецьмі, таму што яны любяць вучыцца ў творчай, гульнявой форме. Таксама для яе важна тое, што яна з самага пачатку, з асноў, дае маленькім вучням веды і далей крок за крокам вядзе іх у дзіўную краіну замежнай мовы.

У малодшых класах адной з асноўных задач з’яўляецца прывіццё і захоўванне цікавасці да замежнай мовы. Пачынаючы вучыць англійскую ці нямецкую мову ў штучным моўным асяроддзі, нярэдка вучні сутыкаюцца з цяжкасцямі. Справіцца з імі малышам якраз добра дапамагаюць творчыя заданні. Так адукацыйны працэс становіцца больш цікавым, жывым і лягчэйшым. Вучань на ўроку з выканаўцы ператвараецца ў актыўнага ўдзельніка. Пры пасіўным успрыманні матэрыялу дзіця не можа так развівацца.

— Аднак, як вядома, усё добра ў меру, у тым ліку і творчыя заданні, — каменціруе Л.А.Герасюціна. — Мне важна навучыцца майстэрству гарманічна спалучаць самыя розныя метады і прыёмы. Прытрымліваюся думкі, што павінна быць разнастайнасць, таму лепш, калі ўрокі не проста стандартныя, але і не пабудаваны выключна на камп’ютарных тэхналогіях або гульнявых ці нейкіх іншых прыёмах. Добра, калі класічны ўрок бярэцца за аснову і ўзбагачаецца элементамі розных тэхналогій.

У маладой настаўніцы самыя станоўчыя адносіны да таго, што зараз замежную мову выкладаюць у пачатковай школе. Яна ўпэўнена, што ў гэтым пытанні чым раней, тым лепш. Бацькам не варта баяцца, што дзеці яшчэ не гатовы. Памяць у іх добра развітая. Таму смела можна з ранніх гадоў вучыць замежную мову, і гэта будзе нават прасцей, больш натуральна. Не варта адмаўляцца і ад магчымасці, калі такая ёсць, пачаць вывучэнне нават у дзіцячым садзе.

Зараз у сваёй самаадукацыі Лізавета Аляксееўна зрабіла стаўку на такую важную тэму, як “Сучасныя метады і прыёмы, якія стымулююць развіццё моўнай кампетэнцыі вучняў”. Яна знаходзіцца ў пошуку спосабаў павышэння ўзроўню матываванасці вучняў, іх актыўнасці на занятках, а таксама развіцця ўменняў самастойнай працы.

Асалода даследчай дзейнасці

Першыя гады работы Лізаветы Аляксееўны адзначаны значным поспехам у даследчай дзейнасці. Яна з цікавасцю амаль адразу стала ўдзельніцай навуковага таварыства “Афіна”. Для чалавека, які скончыў магістратуру, гэта было асабліва цікава і блізка, дало магчымасць адначасова развівацца ў некалькіх кірунках. Адразу ж не пабаялася паспрабаваць свае сілы і са старшакласніцай занялася даследчай дзейнасцю. Поспех не прымусіў сябе чакаць: у мінулым навучальным годзе навучэнка лідскай гімназіі № 1 Ксенія Астроўская заняла 1-е месца на раённым этапе канферэнцыі даследчых работ. У 2019/2020 навучальным годзе з той жа работай яна стала пераможцай ужо на абласным этапе канферэнцыі “Хрустальная альфа” і затым заняла 2-е месца на рэспубліканскай канферэнцыі. Зараз ужо другая навучэнка пад кіраўніцтвам Лізаветы Аляксееўны ўдзельнічае ў раённым этапе канферэнцыі даследчых работ.

— Прызнацца, не чакала, што даследчая дзейнасць адразу пойдзе так паспяхова, — гаворыць Лізавета Аляксееўна. — У першы працоўны год прапанавалі паспрабаваць сябе ў гэтым кірунку. Мне было цікава яшчэ і па той прычыне, што я выкладаю англійскую мову, а тут была сфера прымянення яшчэ і для нямецкай, узровень якой мне таксама важна падтрымліваць і развіваць. Узніклі ідэі, і я падзялілася імі са старшакласніцай. Так усё і пачалося. Мы хутка зразумелі адна адну і дамовіліся, бо, як паказаў час, знахо­дзімся на адной хвалі, паколькі абедзве моцна захапляемся нямецкай мовай.

Тэма была выбрана няпростая — “Сродкі перадачы сумнення ў творы Г.Гесэ “Дэміян”. Лізавета Аляксееўна накіроўвала навучэнку, раіла ёй літаратуру, тлумачыла, заахвочвала і натхняла. І для старшакласніцы, і для маладой настаўніцы гэта быў новы, цікавы вопыт. Л.А.Герасюціна ўпершыню была ў ролі кіраўніка даследчай работы. Яна старалася будаваць заняткі так, каб яны былі максімальна карыснымі для адоранай дзяўчыны, не толькі дапамаглі ёй у школе, але і падрыхтавалі да напісання курсавых і дыпломнай работ ва ўніверсітэце ў будучыні.

Лізавеце Аляксееўне вельмі радасна было назіраць, як старшакласніца робіць уласныя вывады, паглыбляецца ў тэму. Яна была разам з дзяўчынай і на раённай канферэнцыі, і на абласным этапе. Настаўніца прызнаецца, што падчас прадстаўлення работы вельмі моцна хвалявалася. Было абсалютна новае, асаблівае адчуванне, калі выступаеш не ты, а твой вучань, а ты можаш толькі назіраць за тым, што адбываецца.

— Калі мы занялі 2-е месца на рэспубліканскай канферэнцыі, я нават расплакалася, — прызнаецца Л.А.Герасюціна. — Я так відавочна ўбачыла плён сваёй працы. Гэта стала нейкім унутраным пераваротам. Я даволі доўга не адчувала сябе паўнавартасным настаўнікам, думала, што не так шмат магу даць вучням. А тут раптам прыйшло разуменне: магу і рухаюся правільна, усё атрымліваецца, толькі трэба старанна працаваць і далей!

Лізавету Аляксееўну сёння радуюць і поспехі ў даследчай дзейнасці, і цікаўныя, актыўныя вучні на ўроках, і шасцікласнікі, класным кіраўніком якіх яна з’яўляецца. У гімназіі яна ўжо адчувае сябе сваёй, і гэта вельмі прыемна, хоць і далося нялёгка.

Таццяна ШЫМКО.