Урад Беларусі будзе і далей усямерна падтрымліваць прадпрымальніцтва. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці VII Міжнароднага форуму прадпрымальніцтва, які праходзіць у рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі.
“Урад будзе і далей усямерна падтрымліваць развіццё прадпрымальніцтва, рэалізоўваць на практыцы новыя формы і механізмы ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу”, — сказаў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, будуць падтрымлівацца ініцыятывы прыватнага сектара па пашырэнні і паўсюдным распаўсюджванні ідэй прадпрымальніцтва шляхам удзелу ў фарміраванні адкрытага дыялогу бізнесу і ўлады.
“Роля прадпрымальніцтва ў нацыянальнай эканоміцы, стварэнні новых рабочых месцаў і ўстойлівым сацыяльным развіцці высокая. Гэты сегмент эканомікі здольны хутка рэагаваць на зменлівыя ўмовы рынку, генерыраваць і за кароткі тэрмін увасабляць інавацыйныя ідэі ў рэальныя праекты, займаць новыя нішы на рынках тавараў і паслуг, пашыраць сваю прысутнасць на знешніх рынках”, — сказаў Андрэй Кабякоў.
Урад вельмі зацікаўлены ў развіцці малога і сярэдняга бізнесу. “У гэтым сектары працуе трэць усіх занятых у эканоміцы. Гэта ўжо нямала. Але патэнцыял для далейшага развіцця і росту вялікі. Мы маем намер яго выкарыстоўваць”, — запэўніў Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што безумоўным прыярытэтам дзяржавы з’яўляецца вырашэнне задач па павышэнні цікавасці да прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнні магчымасцей для развіцця малых і сярэдніх кампаній, фарміравання на іх базе кропак эканамічнага росту і павышэння канкурэнтаздольнасці краіны. У гэтых мэтах у Беларусі створаны розныя прэферэнцыйныя рэжымы, сферы дзейнасці якіх шырокія — ад стымулявання высокатэхналагічных і экспартаарыентаваных вытворчасцей да комплекснага развіцця рэгіёнаў краіны.
“Мы актыўна стымулюем стварэнне кампаній у малых гарадскіх паселішчах і сельскай мясцовасці. Урад пастаянна працуе над паляпшэннем умоў вядзення бізнесу. Інструменты эканамічнай палітыкі накіраваны на падтрыманне добрасумленнай канкурэнцыі, стымуляванне стварэння новых рабочых месцаў у сферы вытворчасці тавараў і паслуг за кошт прыцягнення перш за ўсё прыватных інвестыцый”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.
Андрэй Кабякоў нагадаў, што цяпер рэалізуецца комплекс мер па разняволенні дзелавой ініцыятывы. “У гэтым годзе мы робім чарговы крок па максімальнай лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. У цесным узаемадзеянні з прадпрымальніцкай супольнасцю падрыхтаваны пакет дзесяці праектаў нарматыўных прававых актаў. Восем з іх падпісаны ўжо кіраўніком дзяржавы, два дакументы знаходзяцца на яго разглядзе. Сур’ёзна рэфармавана кантрольна-наглядная дзейнасць — акцэнт у рабоце перанесены на прафілактычны складнік. Уведзены інстытут падатковых кансультантаў”, — расказаў ён.
Прэм’ер-міністр праінфармаваў, што радыкальна скарачаецца аб’ём абавязковых патрабаванняў санітарных і экалагічных норм, тэхнічных стандартаў. Істотна спрашчаюцца ўмовы пачатку работы прадпрымальнікаў, пашыраюцца магчымасці для доступу да фінансавых рэсурсаў.