Урад плануе аператыўна завяршыць перагаворны працэс па далучэнні краіны да СГА

- 10:30Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў разлічвае на ўзмацненне пазіцый Беларусі ў міжнародным гандлі пасля ўступлення краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй СГА.

“Членства Беларусі ў СГА будзе садзейнічаць узмацненню нашых пазіцый у міжнародным гандлі, павышэнню прывабнасці дзелавога і інвестыцыйнага клімату”, — адзначыў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым краіна будзе імкнуцца да такіх параметраў членства ў арганізацыі, якія адпавядалі б узроўню эканамічнага развіцця ў Беларусі і існуючым абавязацельствам у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.

Беларусь надае вялікае значэнне цяперашняму візіту дэлегацыі Сусветнай гандлёвай арганізацыі, паколькі гэта важны сігнал знешнім партнёрам аб гатоўнасці краіны прыкладаць намаганні па інтэнсіфікацыі працэсу ўступлення ў СГА, звярнуў увагу прэм’ер-міністр. Апошнім часам значна ўзрасла цікавасць да перагавораў па ўступленні Беларусі ў СГА з боку міжнародных арганізацый — МВФ, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Гэта пацвярджаюць і запланаваныя ў ходзе візіту ў Беларусь сустрэчы з прадстаўнікамі місіі МВФ і ПРААН.

Акрамя таго, візіт стане дадатковым імпульсам для ўзмацнення работы па ўступленні ў СГА ўнутры краіны. “Гэта сігнал органам дзяржкіравання, бізнес-супольнасці аб тым, што мы пераходзім ужо да сур’ёзных фінішных аперацый па падрыхтоўцы краіны да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, — заўважыў Андрэй Кабякоў. — Ад імя ўрада хачу сказаць, што мы будзем прыкладаць усе неабходныя намаганні, каб максімальна выгадна для нашай краіны і аператыўна завяршыць перагаворны працэс па далучэнні краіны да СГА”.

Прэм’ер-міністр асобна падкрэсліў, што Беларусь як член Еўразійскага эканамічнага саюза ўжо жыве па нормах і правілах СГА, паколькі яны пакладзены ў аснову права ЕАЭС. “Акрамя таго, Беларусь зрабіла значны своеасаблівы ўклад у перагаворны працэс па далучэнні да СГА за кошт “звязвання” мытнага тарыфу на ўзроўні расійскіх абавязацельстваў. Інакш кажучы, з аднаго боку, мы ў пераважнай большасці жывём па нормах і правілах арганізацыі, з іншага боку, выгод, якія атрымліваюць члены СГА, мы не маем”, — сказаў кіраўнік урада.

Беларусь разлічвае правесці чарговае, дзясятае, пасяджэнне рабочай групы па далучэнні да СГА ў сакавіку 2018 года. Да гэтага часу плануецца падрыхтаваць другую рэдакцыю праекта даклада рабочай групы, максімальна набліжаную да падагульняльнага варыянта.

Старшыня рабочай групы па далучэнні Беларусі да СГА — пастаянны прадстаўнік Турцыі пры арганізацыі Кемаль Мадэнаглу падзякаваў кіраўніку беларускага ўрада за ўдзел у працэсе далучэння, падтрымку ініцыятыў на высокім узроўні. Паводле яго слоў, у СГА мяркуюць, што ўступленне Беларусі ў арганізацыю адбудзецца ў хуткім часе. “Перагаворы, якія прайшлі апошнім часам, вельмі важныя, каб завяршыць працэс уступлення”, — сказаў Кемаль Мадэнаглу.