Урад вызначыў ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы

- 15:55Інфармацыйная гадзіна

Пастановай Савета Міністраў ад 8 снежня 2016 года № 1008 “Аб рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2017 год”зацверджаны паквартальныя значэнні ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы на 2017 год для ўрада і Нацыянальнага банка, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама кіраўнікоў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

У якасці ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы вызначаны для кіраўнікоў: дзяржорганаў — найважнейшыя мэтавыя паказчыкі заказчыкаў дзяржаўных праграм на 2017 год; раённых, гарадскіх выканкамаў — экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі, колькасць працаўладкаваных грамадзян на наваствораныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў; арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або ў статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый належыць дзяржаве, — чысты прыбытак, рэнтабельнасць продажаў, зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі, тэмпы росту экспарту тавараў, паслуг.

Вызначаны таксама паказчыкі эфектыўнасці дзейнасці для кіраўнікоў банкаў, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый належыць дзяржаве, Банка развіцця Беларусі, страхавых арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы або ў статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў акцый належыць дзяржаве.

Пры гэтым паказчыкі эфектыўнасці работы не могуць быць даведзены да арганізацый, не адзначаных у пастанове, і не могуць быць зменены адносна вышэйпералічаных кіраўнікоў (за выключэннем кіраўнікоў дзяржорганаў, раённых, гарадскіх выканкамаў).

Акрамя таго, дакументам вызначаны меры па дасягненні ключавых паказчыкаў. У прыватнасці, Міністэрству эканомікі даручана прадстаўляць ва ўрад аналітычную інфармацыю аб тэндэнцыях і праблемных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі і рэгіёнаў, а таксама праекты пастаноў Савета Міністраў аб крэдытаванні дзяржпраграм і мерапрыемстваў у 2017 годзе.