Урад вызначыў парадак падрыхтоўкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да пачатку навучальнага года

- 10:11Актуально, Новости

Урад вызначыў парадак падрыхтоўкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да пачатку навучальнага года. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 4 сакавіка 2024 года № 141.

Здымак з сайта pixabay.com выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Згодна з дакументам, падрыхтоўка ўстановы да пачатку навучальнага года забяспечваецца яго заснавальнікам.

Для ацэнкі стану гатоўнасці ўстановы да пачатку навучальнага года заснавальнік штогод да 10 красавіка стварае адпаведную камісію.

У яе склад уваходзяць:

  • прадстаўнік заснавальніка (стар­шыня);
  • кіраўнік установы;
  • прадстаўнікі структурнага падраз­дзялення мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, які ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі па месцы знаходжання ўстановы;
  • прадстаўнікі тэрытарыяльных органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд;
  • прадстаўнікі тэрытарыяльных органаў па надзвычайных сітуацыях;
  • прадстаўнікі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў.

Акрамя таго, у камісію могуць увахо­дзіць прадстаўнікі іншых дзяржорганаў і арганізацый і іншыя работнікі ўстановы.

У выпадку адмовы ў зацвярджэнні пашпарта па стане на 21 жніўня заснавальнікам сумесна з органам кіравання адукацыяй прымаюцца меры па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах, якія атрымалі пашпарт.

Створаная камісія мае права ацэньваць стан гатоўнасці да пачатку навучальнага года некалькіх устаноў.

У ліку задач камісіі:

  • вызначэнне стану гатоўнасці ўстановы ў адпаведнасці з патрабаваннямі да мер бяспекі пры арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў, патрабаваннямі да гарантавання пажарнай бяспекі; санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі; іншымі ліцэнзійнымі патрабаваннямі і інш.;
  • вызначэнне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўстановы да пачатку навучальнага года (пры неабходнасці);
  • забеспячэнне складання і падпісання акта аб стане ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і пашпарта гатоўнасці ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі да навучальнага года.

Работа камісіі ажыццяўляецца, як правіла, па месцы знаходжання ўстановы.

Установа, у сваю чаргу, забяспечвае членам камісіі магчымасць ажыццяўлення імі сваіх функцый, у тым ліку дае ім памяшканні, доступ да глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт, а таксама да іншых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якія выкарыстоўвае (пры неабходнасці); прадастаўляе дакументы і іншыя матэрыялы, неабходныя для ацэнкі стану гатоўнасці ўстановы да пачатку навучальнага года.

Члены камісіі маюць права:

знаходзіцца на тэрыторыі ўстановы пры ўмове прад’яўлення яе кіраўніку, а ў яго адсутнасць — службовай асобе, якая выконвае абавязкі кіраўніка ўстановы, дакумента, які сведчыць асобу (службовага пасведчання);

самастойна вызначаць метады і спосабы ацэнкі стану гатоўнасці ўстановы да пачатку навучальнага года па замацаваных за ім старшынёй камісіі напрамках работы;

вывучаць і аналізаваць дакументы і іншыя матэрыялы, прадастаўленыя ўстановай, высвятляць усе факты і абставіны, якія маюць значэнне для падрыхтоўкі акта і пашпарта;

дадаткова запытваць дакументы і іншыя матэрыялы, неабходныя для ацэнкі стану гатоўнасці ўстановы да пачатку навучальнага года (пры неабходнасці);

звяртацца да старшыні камісіі па пытаннях дзеянняў (бяздзейнасці) установы, якія перашкаджаюць ацэнцы стану гатоўнасці ўстановы да пачатку навучальнага года;

па даручэнні старшыні камісіі ажыццяўляць іншыя функцыі, неабходныя для выканання задач, ускладзеных на камісію.

Вынікі дзейнасці камісіі фіксуюцца ў адпаведным акце. Акт складаецца ў трох экзэмплярах і падпісваецца членамі камісіі да 20 красавіка. Да 5 мая першы экзэмпляр акта ўручаецца камісіяй пад подпіс кіраўніку ўстановы альбо накіроўваецца яму заказным лістом з паведамленнем аб атрыманні, другі экзэмпляр — кіраўніку органа кіравання адукацыяй, трэці — заснавальніку.

Кіраўнік установы пасля атрымання акта:

не пазней за дзесяць рабочых дзён распрацоўвае і па ўзгадненні з заснавальнікам і кіраўніком органа кіравання адукацыяй зацвярджае план арганізацыйных мерапрыемстваў па ліквідацыі названых у акце парушэнняў з указаннем адказных выканаўцаў і тэрмінаў выканання, калі адпаведныя парушэнні былі выяўлены;

забяспечвае выкананне мерапрыемстваў плана і іх фінансаванне ў адпаведнасці з артыкулам 129 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі;

не пазней за 1 жніўня звяртаецца ў камісію для складання і падпісання пашпарта, у тым ліку прадастаўляе інфармацыю аб выкананні мерапрыемстваў плана (у выпадку яго распрацоўкі).

Кантроль за выкананнем плана ажыццяўляецца заснавальнікам. Пасля падпісання пашпарта, але не пазней за 16 жніўня, кіраўнік установы накіроўвае яго для зацвярджэння кіраўніку заснавальніка, які не пазней за 20 жніўня разглядае пашпарт і зацвярджае яго або адмаўляе ў яго зацвярджэнні.

У зацвярджэнні пашпарта адмаўляецца ў выпадку, калі ў ім пазначаны нявыпраўленыя парушэнні ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў, якія пера­шкаджаюць бяспечнаму функцыянаванню (эксплуатацыі) установы.

Адмова ў зацвярджэнні пашпарта павінна быць пісьмова матывавана і скла­дзена ў трох экзэмплярах.

Названыя ў акце парушэнні ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў, якія не перашкаджаюць функцыянаванню (эксплуатацыі) установы і не ліквідаваны да зацвярджэння пашпарта, ліквідуюцца ў самыя кароткія тэрміны ў адпаведнасці з планам. Пры гэтым тэрмін ліквідацыі адпаведнага парушэння, устаноўленага ў ходзе кантрольнага (нагляднага) мерапрыемства, не можа перавышаць тэрмін, вызначаны патрабаваннямі (прадпісаннямі), рэкамендацыямі.

У выпадку адмовы ў зацвярджэнні пашпарта па стане на 21 жніўня заснавальнікам сумесна з органам кіравання адукацыяй прымаюцца меры па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах, якія атрымалі пашпарт.

Заснавальнікамі ўстаноў адукацыі могуць быць:

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, урад Рэспублікі Беларусь;

дзяржорганы, падпарадкаваныя і (або) падсправаздачныя Прэзідэнту, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, рэспубліканскія органы дзяржкіравання і іншыя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду;

мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы;

юрыдычныя асобы і грамадзяне Рэспублікі Беларусь;

замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, міждзяржаўныя ўтварэнні, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі камунальнай формы ўласнасці, размешчаных у Мінску, пад заснавальнікамі разумеюцца адпаведныя адміністрацыі раёнаў сталіцы.

***

Рамонт па плане

Пастанова Савета Міністраў “Аб арганізацыі падрыхтоўкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да пачатку навучальнага года” будзе матываваць кіраўнікоў школ падыходзіць да планавання рамонтных работ больш сістэмна.

Фота Алега Ігнатовіча

Такое меркаванне выказаў старшыня савета Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў.

“Пачаўся навучальны год, дзеці селі за парты, а дырэктар павінен ужо думаць, дзе, што і як трэба будзе абнавіць, перабудаваць, адрамантаваць да пачатку наступнага навучальнага года. Каб увязаць ідэі з фінан­саваннем і арганізацыяй адпаведных работ, патрэбны час і разлікі”, — заўважыў Сяргей Анатольевіч.

Прынамсі, ён так і робіць, таму ў яго школе не толькі запланаваны рамонтныя работы, але і закуплены будаўнічыя матэрыялы.

“Тое, што ў красавіку павінен быць пад­рыхтаваны спецыяльны акт, дзе будзе ацэнена ступень гатоўнасці школы да новага навучальнага года, вельмі добра. Перад дырэктарам будуць пастаўлены канкрэтныя і зразумелыя задачы (напрыклад, памяняць дзверы або вокны, умацаваць сцяну, зняць дэкор, дабавіць радыятары), якія ён разам з адпаведнымі службамі будзе выконваць. Будуць планавацца працоўныя, фінансавыя рэсурсы, што ў выніку працэс падрыхтоўкі школы да новага навучальнага года зробіць больш асэнсаваным. І калі камісія выявіць нейкія недахопы пры ацэнцы выкананых работ, то будзе час на іх выпраўленне”, — падкрэсліў Сяргей Фанасаў.

Сапраўды, новы дакумент дае магчымасць рыхтаваць навучальную ўстанову планамерна. Згодна з ім, у пачатку мая дырэктары бу­дуць мець на руках акты, складзеныя камісіяй. Прыкладна да канца месяца яны змо­гуць спланаваць свае дзеянні, у чэрвені — арганізаваць патрэбныя работы, а ў ліпені — іх завяршыць. Як адзначыў Сяргей Анатольевіч, выкананне многіх работ залежыць ад тэхнічных службаў (не звязаных са школай), дзейнасць якіх таксама трэба арганізаваць. І новы дакумент будзе спрыяць больш хуткаму вырашэнню гэтых пытанняў.

Пастанова пачне працаваць вясной гэтага года, але няма падстаў для хвалявання. Падчас размовы дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды не раз падкрэсліў, што дакумент дапаможа выпрацаваць зразумелы алгарытм дзеянняў і ўпарадкуе работу ўсіх зацікаўленых.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.