Ураджай збожжа перасягнуў мінулагодні

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі намалацілі 7 млн 664 тысячы т збожжа, што на 633 тысячы т больш, чым у мінулым годзе, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Занеўскі.

Масавая ўборка збожжавых і зернебабовых культур у цэлым па Беларусі (за выключэннем Віцебскай вобласці) была практычна завершана 1 верасня, заставаліся толькі невялікія плошчы культур, якія позна ўбіраюць, — грэчкі і проса. Да гэтага часу засталося ўбраць толькі 1,9 тысячы га грэчкі ў некаторых рэгіёнах і каля 1—1,5 тысячы га збожжавых культур у Віцебскай вобласці.

Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых склала 35,6 ц/га. Гэта вышэй на 2,2 ц, чым у 2016 годзе.

Андрэй Занеўскі звярнуў увагу, што ў жніўні ў Віцебскай вобласці выпала ападкаў на 42% больш за норму, а ў трэцяй дэкадзе жніўня іх было практычна ў 3,3 разу больш за норму. Дажджлівае надвор’е захавалася ў першай і другой дэкадах верасня, што прывяло да моцнага пераўвільгатнення глебы і паўплывала на тэмпы ўборкі збожжавых у Віцебскай вобласці.

Цяпер у краіне прадаўжаецца ўборка бульбы, кукурузы на сілас, цукровых буракоў. Ужо ўбраны 71% плошчаў бульбы. Яе ўраджайнасць у бягучым годзе высокая — 315,1 ц/га, што на 55 ц вышэй за ўзровень мінулага года, растлумачыў Андрэй Занеўскі.

Уборку бульбы плануецца завяршыць да 10—12 кастрычніка, кукурузы на сілас — да 15 кастрычніка, цукровых буракоў — да 1 лістапада.