“Уражаны тым, якое вялікае значэнне дзяржава надае навуцы”

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

Адораныя дзеці з Сірыі зацікаўлены ў навучанні ва УВА Беларусі. Аб гэтым паведаміў дырэктар Нацыянальнага цэнтра для адораных дзяцей Сірыі Іскандэр Муніф у час наведвання дзецьмі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У НАН дзеці азнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі беларускіх вучоных, сустрэліся з кіраўніцтвам акадэміі навук і бюро савета маладых вучоных, наведалі шэраг навуковых арганізацый.

“Мы вельмі рады візіту ў Беларусь, які можа адкрыць новыя магчымасці для нашых адораных дзяцей. Яны цяпер школьнікі і плануюць сваю будучыню, каб прадоўжыць навучанне за мяжой. У цэнтры было шэсць пакаленняў выпускнікоў, некаторыя з іх паступілі, напрыклад, у Казанскі ўніверсітэт у Расіі, — расказаў Іскандэр Муніф. — Учора мы наведалі БДУ. Дзеці паслухалі прэзентацыю аб факультэтах, дысцыплінах гэтага ўніверсітэта. У мінулым годзе ў цэнтры пачалі вывучаць рускую мову па паскоранай праграме, каб атрымаць магчымасць тут вучыцца. Думаю, праз некалькі месяцаў будзе праведзены яшчэ адзін візіт, у час якога могуць быць падпісаны дакументы аб навучанні ў беларускіх УВА”.

У Нацыянальным цэнтры для адораных дзяцей Сірыі распрацаваны спецыяльныя праграмы, якія даюць магчымасць ім вучыцца ва ўніверсітэтах за мяжой. Сярод дысцыплін — “Механіка”, “Біямедыцына”, “ІТ-напрамак”, “Авіяцыя”.

Іскандэр Муніф падкрэсліў высокую ступень адкрытасці Беларусі для супрацоўніцтва з замежнымі грамадзянамі, у тым ліку сірыйскімі. “Мы ўражаны тым, якое вялікае значэнне дзяржава надае навуцы, і ўдзячны прадастаўленню магчымасці наведаць краіну”, — дадаў ён.

Як раней паведамлялася, група дзяцей з Сірыі з 15 па 29 студзеня адпачывае ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” ў адпаведнасці з дамоўленасцю, дасягнутай у канцы жніўня 2017 года ў час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі.

У праграму адпачынку сірыйскіх дзяцей уключаны аздараўленчыя, спартыўныя, культурныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы.