Усе аспекты бяспекі пры будаўніцтве станцыі былі ўлічаны

- 10:22Інфармацыйная гадзіна

Пры выбары пляцоўкі і праектаванні БелАЭС былі належным чынам прааналізаваны ўсе аспекты бяспекі, уключаючы знешнія ўздзеянні. Да такой высновы прыйшла інспекцыйная група МАГАТЭ па выніках SEED-місіі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі.

“Інспекцыйная група МА ГАТЭ зрабіла вывад аб тым, што беларускім бокам пры выбары пляцоўкі і праектаванні Беларускай АЭС былі належным чынам прааналізаваны ўсе аспекты бяспекі, уключаючы знешнія ўздзеянні. Таксама прыняты неабходныя меры па захаванні бяспекі АЭС, звязаныя са знешнім уздзеяннем, на аснове ўрокаў аварыі на АЭС “Фукусіма-Даіці”, — расказалі ў прэс-службе.

У Мінэнерга нагадалі, што па запрашэнні ўрада Беларусі ў перыяд з 16 па 20 студзеня 2017 года Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) правяло місію па ацэнцы пляцоўкі і праекта пляцоўкі з улікам знешніх уздзеянняў (SEED-місію) для Беларускай атамнай электра-станцыі.

“Асноўная задача місіі SEED у Беларусі ў тым, каб прааналізаваць адпаведныя праектныя рашэнні па будаўніцтве АЭС на фоне знешніх уздзеянняў прыроднага характару (паводак, смерчаў, ураганаў, сейсмічнага ўздзеяння, ападкаў, змянення тэмпературнага рэжыму), а таксама знешніх уздзеянняў, выкліканых чалавечым фактарам (пагрозы падзення самалёта, пазапляцовачнага выбуху, знешняга пажару, аварыйнага выкіду воблака выбухованебяспечных або таксічных рэчываў, электрамагнітных перашкод, пашкоджанняў водападпорных збудаванняў, напрыклад, плацін). Эксперты павінны былі даць адказ на пытанне, ці належным чынам былі разгледжаны ўсе неабходныя аспекты бяспекі, якія тычацца БелАЭС, у адпаведнасці са стандартамі МАГАТЭ ў гэтай галіне”, — растлумачылі ў прэс-службе.

У справаздачы місіі SEED адлюстраваны наступныя вывады: аналіз знешніх уздзеянняў выкананы ў адпаведнасці з устаноўленымі крытэрыямі; параметры пляцоўкі ўлічаны ў праекце Беларускай АЭС; праграмы маніторынгу ўздзеянняў на АЭС належным чынам адлюстраваны ў папярэдняй справаздачы па абгрунтаванні бяспекі Беларускай АЭС; адпаведныя меры былі прыняты адносна знешніх уздзеянняў з улікам вопыту аварыі на АЭС “Фукусіма-Даіці”.