Усе дарогі вядуць у ІТ

- 9:12Выбар прафесіі

Для выпускнікоў, якія хочуць звязаць будучыню з інфармацыйнымі тэхналогіямі, Парк высокіх тэхналогій падрыхтаваў даведнік “ІТ-абітурыент 2021”. Электроннае выданне аб’ёмам 212 старонак размешчана на сайце ПВТ.

У даведніку прадстаўлена актуальная інфармацыя аб ІТ-факультэтах сталічных і рэгіянальных універсітэтаў: апісанне спецыяльнасцей, планы прыёму на 2021 год, прахадныя балы за мінулыя гады, кошт навучання, наяў­насць ваеннай кафедры, умовы прадастаўлення інтэрната, размеркаванне выпускнікоў, звесткі аб сумесных лабараторыях і навуковых цэнтрах.

У сёлетняе выданне ўключана на 8 факультэтаў больш, чым у мінулым годзе, а таксама пашырана колькасць спецыяльнасцей. Акрамя таго, даведнік дае звесткі пра 14 найбольш распаўсюджаных сёння ІТ-прафесій: ад праграміста і бізнес-аналітыка да гейм-дызайнера і спецыяліста па кібербяспецы.

Каб сарыентаваць моладзь у зменлівым свеце тэхналогій і сітуацыі на рынку працы, у даведніку даецца інфармацыя непасрэдна ад прадстаўнікоў кампаній — рэзідэнтаў ПВТ і ўніверсітэтаў. Эксперты расказваюць, якія ІТ-спецыяльнасці найбольш запатрабаваны сёння і будуць запатрабаванымі праз некалькі гадоў, якія веды і навыкі з’яўляюцца ключавымі для ІТ-спецыялістаў, як правільна выбраць спецыяльнасць і інш.

Аксана ЮНАВА, рэсурс-менеджар кампаніі “Самсалюшнс”:

“Сёння ў ІТ-індустрыі запатрабаваны спецыялісты абсалютна ўсіх спецыяльнасцей, ні ў адной з іх мы не назіраем лішку кандыдатаў узроўню Middle і вышэй. У топе, безумоўна, праграмісты, бо менавіта яны з’яўляюцца асновай праектных каманд. Таксама мы заўсёды запрашаем на работу ў кампанію спецыялістаў па тэсціраванні і бізнес-аналітыкаў. Але для іх, як правіла, вылучаюцца дадатковыя патрабаванні (напрыклад, валоданне англійскай і/або нямецкай мовай на ўзроўні вышэйшым за сярэдні, веданне пэўнай бізнес-сферы і г.д.)”.

Кацярына КОСЦІК, начальнік аддзела па рабоце з персаналам кампаніі “Леверэкс Інтэрнэшнл”:

“Мы ў LeverX Group не дзелім тэхнічныя спецыяльнасці на найбольш і найменш запатрабаваныя. У нас працуюць выпускнікі ўсіх тэхнічных спецыяльнасцей універсітэтаў.

У сучасным свеце патрабаванні да ведаў ІТ-спецыяліста мяняюцца так хутка, што намнога важней атрымаць тэхнічны базіс, які дае любая тэхнічная спецыяльнасць, а ўжо потым папаўняць яго іншымі неабходнымі ведамі пры дапамозе дадатковых курсаў, факультатываў або спецыяльных прадметаў.

Найбольш запатрабаванымі спецыялістамі на рынку працы пакуль па-ранейшаму з’яўляюцца праграмісты. Гэтая прафесія дае пэўную свабоду ў выбары тэхналогій і моў праграмавання, пералік якіх пастаянна расце.

Аднак мы бачым, як расце попыт і на спецыялістаў сумежных профіляў. Таму калі вам не хочацца станавіцца менавіта распрацоўшчыкам, то зусім не варта засмучацца: вы дакладна зможаце падабраць той род заняткаў у свеце ІТ, які цікавы менавіта вам”.

Усе эксперты адзначылі актыўны попыт на прадуктовых менеджараў — спецыялістаў, якія адказваюць за стварэнне новых прадуктаў, аналіз рынку, асартыментную палітыку, цэнаўтварэнне, прасоўванне прадуктаў, планаванне KPI, фарміраванне патрабаванняў да прадуктаў і інш.

Разважаючы пра ІТ-спецыяльнасці, якія будуць запатрабаваны ў найбліжэйшай будучыні, эксперты не гатовы да­ваць дакладныя прагнозы, але сыходзяцца ў галоўным: ІТ-інду­стрыя будзе развівацца і патрэбны людзі, здольныя актыўна ўключыцца ў гэты працэс.

Святаслаў ГРУНТАЎ, дырэктар кампаніі “Вайзар Геймз”:

“Мы мяркуем, што няма падстаў прагназаваць істотныя змяненні ключавых прафесій. Разумна чакаць з’яўлення новых сфер і адпаведных ім спецыяльнасцей, накіраваных на вырашэнне актуальных задач. Упэўнена можна сказаць, што заўсёды будуць запатрабаваны спецыялісты з добрай базай у галіне Data Science, Big Data, IoT, AI.

У свеце, які імкліва развіваецца, заўсёды будуць актуаль­нымі такія навыкі, як сістэмнае мысленне, камунікацыя, мультыкультурнасць і мультымоўе, а таксама ўменне працаваць ва ўмовах нявызначанасці”.

Кацярына КОСЦІК:

“Асноўнай тэндэнцыяй у ІТ на гэты момант з’яўляецца тое, што пералік нетэхнічных прафесій з пазнакай “у ІТ” няўхільна расце. Можна сказаць, што нават спецыялісты гуманітарнага профілю змогуць лёгка знайсці сабе работу ў ІТ.

Асноўнымі патрабаваннямі да ўсіх такіх спецыялістаў з’яўляюцца пастаяннае імкненне атрымліваць новыя веды і валоданне замежнымі мовамі (англійскай абавязкова). Зараз патрэбны і юрысты ў ІТ, і спецыялісты па рабоце з персаналам у ІТ, і event-менеджары ў ІТ, і бухгалтары ў ІТ.

Што да тэхнічных спецыялістаў, то разам з класічнымі спецыяльнасцямі, такімі як праграміст, бізнес-аналітык або спецыяліст па тэсціраванні праграмнага забеспячэння, у наступныя 4—5 гадоў мы чакаем рост спадарожных спецыяльнасцей, сярод якіх дызайнеры, тэхнічныя аналітыкі і кансультанты, спецыялісты па інфармацыйнай бяспецы, сістэмныя адміністратары і інжынеры, тэхнічныя пісьменнікі і г.д.”

Таццяна ЕРМАЛІНСКАЯ, кіраўнік групы навучання і развіцця маладых спецыялістаў кампаніі “Тэхартгруп”:

“За апошні год запатрабаванасць ІТ-спецыялістаў ва ўсім свеце моцна вырасла. Галоўная прычына — адаптацыя бізнесу да ўмоў пандэміі праз тэхналагічныя рашэнні. Анлайн-шопінг, заказ прадуктаў праз інтэрнэт, аддаленая работа — прычыны асабліва высокага попыту на спецыялістаў з галін сеткавых рашэнняў, відэаканферэнцый, e-commerce. Аналагавая рэальнасць алічбоўваецца сямімільнымі крокамі.

У трэндзе застаюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту і віртуальнай рэальнасці. На лідзіруючыя пазіцыі выходзяць кібербяспека, аптымізацыя бізнес-працэсаў. Захоўванне і апрацоўка даных па-ранейшаму ў топе, а разам з імі расце папулярнасць воблачных рашэнняў, мікрасервернай і serverless архітэктур.

З кожным годам усё больш цэняцца так званыя нетэхнічныя soft skills. Работадаўцы хочуць бачыць дысцыплінаваных супрацоўнікаў, праактыўных, якія імкнуцца да пастаяннага развіцця і ўцягнуты ва ўсе працэсы”.

Адметна, што, называючы ключавыя для ІТ-спецыяліста кампетэнцыі, амаль усе эксперты ў ліку асноўных назы­ваюць soft skills — гуманітарны складнік падрыхтоўкі тэхнічнага спецыяліста.

Мікалай АСТРЭЙКА, дырэктар па маркетынгу кампаніі “ІСсофт Салюшэнз”:

“Найперш неабходныя soft skills: здольнасць да навучання, уменне ўзаемадзейнічаць у камандзе, сістэмнае мысленне, самастойнасць, гнуткасць у вырашэнні праблем. З прафесійных ведаў важныя: англійская мова, дыскрэтная матэматыка, базавыя веды аб функцыянаванні ПК і сетак, тэорыя верагоднасцей”.

Святаслаў ГРУНТАЎ:

“Няма агульнага “ядра” для ўсіх, бо кола спецыялізацый у ІТ досыць вялікае: для адных пазіцый важная матэматыка, для іншых — творчы падыход. Аналітычныя навыкі, англій­ская мова, навык хуткага і эфектыўнага пошуку інфармацыі, пастаяннае развіццё і імкненне да саманавучання — гэта, мабыць, адны з ключавых якасцей. Трэба вучыцца быць гатовым да чагосьці новага і аддзяляць патрэбнае ад непа­трэбнага”.

Аксана ЮНАВА:

“Нягледзячы на магчымасць перанавучання і атрымання ІТ-спецыяльнасці на шматлікіх курсах, самымі запатрабаванымі застаюцца выпускнікі ІТ-спецыяльнасцей універсітэтаў. Немагчыма пераацаніць веды і навыкі, якія атрымліваюць профільныя студэнты. Менавіта фундаментальныя веды дазваляюць стаць ІТ-спецыялістам высокага ўзроўню, а не проста “ўвайсці ў ІТ”. І гэта тычыцца ўсіх ІТ-прафесій”.

Дзмітрый СЛІЗУНОЎ, дырэктар кампаніі “АмДэв”:

“У большасці выпадкаў ядром выступае профільная адукацыя. Ёсць талковыя хлопцы і пасля курсаў, але, вывучаючы прафесію грунтоўна, з розных бакоў, спецыяліст мае добрую базу і, як правіла, ён больш самастойны і эрудзіраваны.

Ключавыя навыкі і ўменні: аўтаномнасць, самаўдасканаленне ў прафесійнай сферы, уменне знаходзіць неабходную інфармацыю ў кароткія тэрміны, добра развітыя камунікатыўныя навыкі, уважлівасць”.

Таксама эксперты назвалі, якія якасці трэба выхоўваць у дзяцей са школьнай лаўкі, каб яны змаглі стаць прафесіяналамі ў ІТ-сферы.

Таццяна ЕРМАЛІНСКАЯ:

“Лагічнае мысленне, дапытлівасць, імкненне вывучаць новае, сістэматызаваць веды і знаходзіць ім прымяненне на практыцы.

Важную ролю адыгрываюць і асабістыя якасці: уменне мець зносіны, узаемадзейнічаць з камандай, эфектыўна ўспрымаць зваротную сувязь. Таксама цяпер існуе вялікая колькасць курсаў для школьнікаў, якія дазваляюць атрымаць тэарэтычны базіс і практычныя навыкі ў ІТ”.

Мікалай АСТРЭЙКА:

“Каб стаць прафесіяналам, трэба яшчэ ў школе разві­ваць мэтанакіраванасць, уседлівасць і іншыя soft skills. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць англійскай мове, а таксама навыкам лагічнага і аналітычнага мыслення”.

Аксана ЮНАВА:

“Самае галоўнае, што трэба рабіць у школе, — добра вучыцца. Вялікую ўвагу трэба ўдзя­ляць матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. Нельга забываць пра замежную мову, у больш старэйшым узросце запоўніць прабелы ведаў па англійскай ці іншай мове будзе значна складаней. Калі ёсць жаданне і магчымасць, можна навед­ваць курсы праграмавання. Карысна ўдзельнічаць у прадметных алімпіядах — гэта не толькі пашырае веды, але і вучыць арганізаванасці і спаборнасці. Таксама важна разві­ваць soft skills, камунікабельнасць, уменне весці дыскусіі — гэтаму можа дапамагчы ўдзел у грамадскім жыцці, школьных канферэнцыях і іншых мерапрыемствах”.

Дзмітрый СЛІЗУНОЎ:

“Каб стаць добрым спецыялістам (не важна, у якой сферы), неабходна старанна працаваць і ўдасканальвацца. …Уважлівасць, уседлівасць і ўменне канцэнтравацца, калі вакол хаос, дапамогуць у будучыні больш хутка ўнікаць у праект. Уменне атрымліваць і даваць фідбэк дапаможа выбудаваць узаемаадносіны ў камандзе”.

Ці можна стаць спецыялістам у ІТ без профільнай вышэйшай адукацыі? Можна — гавораць эксперты, але ўпэўнены, што ў выпускніка ўніверсітэта значна больш шансаў дасягнуць прафесійных вышынь.

Святаслаў КУЛІКОЎ, менеджар па пад­рыхтоўцы персаналу EPAM Training Center кампаніі “ЭПАМ Сістэмз”:

“Універсітэт дае фундаментальныя веды. І гэта неабходна. Без такіх ведаў вельмі цяжка стаць спецыялістам, развівацца і дасягаць нейкіх поспехаў.

З іншага боку, універсітэты вельмі часта не могуць хутка рэагаваць на змяненне тэхналогій, розныя сітуацыі на рынку і г.д., таму ўніверсітэты і трэнінгавыя цэнтры працуюць у некаторым сімбіёзе. Універсітэт дае тое, чаго не могуць даць трэнінгавыя цэнтры, а трэнінгавыя цэнтры часта дапаўняюць тое, што на бягучы момант не могуць даць універсітэты”.

Аляксандр НЯДЗЬВЕДЗЬ, дэкан факультэта прык­ладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ:

“Курсы і ўніверсітэты не канкурыруюць адно з адным. Больш за тое, нават профільныя ўніверсітэты не канкурыру­юць паміж сабой, бо яны рыхтуюць спецыялістаў рознага профілю. “Тэрмін прыдатнасці” ведаў і навыкаў, атрыманых на курсах і трэнінгах, звычайна складае 3—5 гадоў, у той час як веды, набытыя ва ўніверсітэце, з’яўляюцца больш доўгатэрміновымі і фундаментальнымі. Курсы дапамагаюць удасканаліць і “адтачыць” пэўны кірунак, а навучанне ва ўніверсітэце неабходна для таго, каб рухацца наперад і развівацца”.

Што павінен ведаць і ўмець абітурыент, для таго каб паступіць ва ўніверсітэт і затым стаць паспяховым у ІТ-галіне? На гэты конт эксперты таксама даюць парады.

Яўген ПЕШКУР, намеснік дырэктара па падрыхтоўцы персаналу кампаніі “ЭПАМ Сістэмз”:

“Вельмі важны міждысцыплінарны падыход, які сёння шмат у чым уплывае на развіццё ІТ-сферы. Ён рэкамендуе абітурыентам акцэнтаваць свой выбар на ІТ-спецыяльнасці, зыходзячы з той галіны, у якой яны хочуць дзейнічаць у будучыні, а не выбіраць тую ці іншую мову праграмавання. Напрыклад, калі ёсць жаданне распрацоўваць камп’ютарныя гульні, то ў гэтай галіне абавязкова павінны быць вывучаны такія напрамкі, як дызайн, эканоміка, прычым эканоміка на даволі высокім узроўні. Калі ёсць жаданне займацца біялогіяй, маляваннем, камунікацыяй, то і гэтыя напрамкі можна паспяхова ўвязаць з ІТ. Такім чынам, трэба арыентавацца на факультэты, дзе вывучаюць гэтыя напрамкі. Напрыклад, для развіцця такога напрамку, як машыннае навучанне, сёння запатрабаваны выпускнікі лінгвістычных спецыяльнасцей, якія ўмеюць разбірацца ў структуры мовы. Таму абітурыентам важна выбраць напрамак навучання (напрыклад, фізіка, біялогія, матэматыка) і той універсітэт, у якім бу­дуць закла­дзены правільныя асновы для развіцця гэтага напрамку”.

Электронны даведнік “ІТ-абітурыент 2021” — гэта выдатны навігатар для тых, хто шукае менавіта сваю спецыяль­насць, свой універсітэт і нават кампанію, дзе хацеў бы працаваць у будучыні.

Вельмі многа карыснай інфармацыі, спасылак і кантактаў! Калі напярэдадні ўступнай кампаніі ў вас яшчэ засталіся пытанні наконт паступлення, адказы на іх можна знайсці на старонках гэтага электроннага выдання.

Даведнік гартала Галіна СІДАРОВІЧ.