Каб абмяняцца вопытам і закласці асновы для паспяховага выступлення на рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026”, сабраліся больш як 80 настаўнікаў Пухавіцкага і Чэрвеньскага раёнаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Ключавой падзеяй праграмы былі адкрытыя ўрокі і майстар-класы, якія з’яўляюцца асноўнымі конкурснымі выпрабаваннямі “Настаўніка года”, — расказаў старшыня клуба “Флагман” дырэктар маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіль Маліноўскі. — Іх для педагогаў правялі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Лагойска Святлана Іванюшына, настаўніца хіміі Бараўлянскай гімназіі Арына Гаўрыленка, настаўніца фізікі Міханавіцкай сярэдняй школы Святлана Рэзава і настаўніца англійскай мовы з гэтай жа ўстановы адукацыі Ірына Рэц-Мартынава, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі Таццяна Жук.
Сваім педагагічным вопытам на майстар-класах таксама падзяліліся настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна Эла Якубоўская, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна Святлана Каляда, настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Слуцка Іна Хаўстовіч і інш.
Асаблівасць фестывалю — яго практычная накіраванасць. Як заўважыў Васіль Маліноўскі, будучыя канкурсанты атрымалі ўнікальную магчымасць з першых вуснаў даведацца пра ўсе нюансы ўдзелу ў конкурсе “Настаўнік года”:
— Члены клуба “Флагман” ужо прайшлі праз гэты прафесійны марафон, таму дасканала адказалі на самыя хвалюючыя пытанні педагогаў. Яркім і запамінальным акордам мерапрыемства стала рэфлексія, якую правяла настаўніца музыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Ірына Мітрафаненкава. Яна даказала, што падвядзенне вынікаў можа быць незвычайным і крэатыўным, і арганізавала іх у музычным стылі рэп.
— XI абласны фестываль педагагічнага майстэрства “Лепшае ад лепшых” каторы раз пацвердзіў статус клуба “Флагман” як магутнай пляцоўкі для прафесійнага росту і крыніцы натхнення для педагогаў Мінскай вобласці, — падсумаваў рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Фёдар Драбеня. — Пачынаючы з мая бягучага года флагманцы ўжо правялі выязныя семінары для педагогаў Мінскага, Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага раёнаў. Наступны адрас метадычнага выезду — Салігорскі раён.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





