У вялікай і дружнай сям’і Мішаковых агульны стаж работы ў сферы адукацыі — больш за 220 гадоў. Усе пяцёра дзяцей заснавальніка дынастыі Галіны Васільеўны Мішаковай цяпер працуюць у Хізаўскай сярэдняй школе імя Л.С.Хадановіча Кармянскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сама Галіна Васільеўна Мішакова працавала тут 37 гадоў загадчыкам бібліятэкі да 2006 года. Сваю пасаду перадала ў спадчыну нявестцы Таццяне Міхайлаўне Мішаковай, якая вось ужо 17 гадоў з’яўляецца гаспадыняй у школьным царстве кніг. Яе муж — старэйшы сын Галіны Васільеўны Сяргей Мікалаевіч — адказвае за захаванасць будынка і ўсяго, што ў ім знаходзіцца. Старэйшая дачка Наталля Мікалаеўна Мішакова вось ужо 29 гадоў працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна адзначае:
— У першую чаргу на выбар нашага жыццёвага шляху паўплывала, канечне, матуля. А яшчэ тут, у Хізаўскай школе, былі вельмі добрыя настаўнікі. Ніколі не пашкадавала аб тым, што стала педагогам. І калі б мне давялося яшчэ раз стаяць перад выбарам, зноў пайшла б у школу працаваць. У нас шмат людзей, з якіх можна ўзяць прыклад. Мікалай Хілінскі падчас вайны партызаніў і пісаў вершы, якія натхнялі землякоў на барацьбу. Цяпер яго імя носіць цэнтральная вуліца ў вёсцы.
Лідзія Мікалаеўна Каратун (у дзявоцтве Мішакова) у Хізаўскай школе выкладае гісторыю. Яна гаворыць, што з самага ранняга дзяцінства жыла сярод кніг:
— Наша мама сама шмат чытала і любоў да кніг, да навукі прывіла ўсім нам. Мы выхаваны любіць свой дом, сваю вёску, сваю вуліцу. Хізаў — вельмі прыгожае месца з незвычайнай гісторыяй. Унікальны факт: менавіта ў гэтых мясцінах у 1917 годзе была абвешчана Хізаўская рэспубліка — гэта афіцыйна задакументавана. Утварэнне праіснавала нядоўга, але назаўсёды ўвайшло ў гісторыю.
На фота злева направа: Наталля Мікалаеўна Мішакова — настаўніца беларускай мовы і літаратуры; Таццяна Міхайлаўна Мішакова — бібліятэкар; Валерый Мікалаевіч Мішакоў — настаўнік працоўнага навучання; Антаніна Валер’еўна Мішакова — настаўніца матэматыкі і інфарматыкі; Таццяна Фёдараўна Мішакова — настаўніца матэматыкі; Лідзія Мікалаеўна Каратун (у дзявоцтве — Мішакова) настаўніца гісторыі
Уладзімір Мікалаевіч Мішакоў з 1998 года працуе ў школе настаўнікам фізкультуры і здароўя. На працягу васьмі гадоў ён быў дырэктарам Хізаўскай школы. Па яго ініцыятыве быў рэканструяваны стары будынак. Новы парк у цэнтры вёскі таксама яго заслуга. Педагог мае дыплом І ступені абласнога праекта “Цімураўцы.by”
за творчую і карпатлівую работу класнага кіраўніка на працягу навучальнага года.
Жонка Уладзіміра Мікалаевіча Таццяна Фёдараўна Мішакова выкладае ва ўстанове адукацыі матэматыку. Нядаўна настаўніца атрымала дыплом ІІІ ступені на абласным і дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім этапе выставы-конкурсу навукова-метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі сродкамі турыстычна-краязнаўчай, ваенна-патрыятычнай і эколага-біялагічнай дзейнасці “Будучыня пачынаецца сёння”. А яшчэ муж і жонка не так даўно атрымалі ўзнагароду за добраўпарадкаванне тэрыторыі. Іх падворак прызнаны адным з самых прыгожых у Кармянскім раёне.
— Прыемна, — расказвае Таццяна, — што наш сын Канстанцін, які зараз вучыцца ў 9 класе, заваяваў 3-е месца ў абласным этапе фестывалю-конкурсу “Хачу быць педагогам”. Яго рыхтавала настаўніца геаграфіі Таіса Мельнікава.
Яшчэ адзін сын заснавальніцы дынастыі Валерый Мікалаевіч Мішакоў — настаўнік працоўнага навучання. Ён імкнецца прывіваць школьнікам любоў да зямлі і працы:
— Акцэнт робім на садоўніцтве і агародніцтве. У нас на школьным участку ёсць сад, дзе растуць пладовыя дрэвы. Тэрыторыя ўпрыгожана кветнікамі. Вядома, шмат зроблена для добраўпарадкавання школы. Нашы вучні добра разумеюць, што такое праца на зямлі.
Валерый Мікалаевіч са сваёй жонкай Антанінай пазнаёміўся яшчэ ў гады сумеснай вучобы ў Аршанскім каледжы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, і ўжо разам яны прыехалі ў Хізаў. І вось 22 гады Антаніна Валер’еўна Мішакова выкладае тут матэматыку і інфарматыку. Яна пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу піянерскіх распрацовак “Лічбавая трансфармацыя”, мае дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа” ў намінацыі “Педагагічная практыка “З планетай разам!”.
Дынастыя Мішаковых — гэта яшчэ і ўнукі, якія таксама сталі настаўнікамі. Даніла Сяргеевіч выкладае фізічную культуру ў сярэдняй школе № 1 Чачэрска. Калі яшчэ быў стажорам, пад кіраўніцтвам калегі Вольгі Андрыянавай падрыхтаваў дыпламанта І ступені абласнога этапу “Шкаліяды” па кіданні мяча Максіма Рабчанку.
Нядаўна ў Каменскай сярэдняй школе Кармянскага раёна пачала свой педагагічны шлях настаўніца геаграфіі Вольга Валер’еўна Мішакова. І ўжо мае дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”, а таксама дыплом ІІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскай экалагічнай акцыі па пытаннях раздзельнага збору адходаў і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў “Хто, калі не мы!” і дыплом ІІ ступені на абласным фестывалі “Дзень Зямлі — 2023”.
Перад паступленнем ва УВА пасля заканчэння каледжа паспеў год папрацаваць настаўнікам малодшых класаў у віцебскай школе № 41 яшчэ адзін унук Мішаковых — Максім Сяргеевіч.
Гісторыя, праца, фізкультура, матэматыка, мова, геаграфія, пачатковыя класы… Па ўсіх гэтых профілях ёсць спецыялісты ў дружнай сям’і педагогаў з Хізава. Усіх прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі сабраць разам адначасова практычна немагчыма. Тыя шэсць, якія прыйшлі ў школьную бібліятэку, наперабой расказваюць пра любімую справу, вучняў і дасягненні ўстановы:
— Нашы вучні самыя добрыя, разумныя, пазітыўныя, адкрытыя і вельмі працавітыя. Вядома, мы імкнёмся ва ўсім падаваць ім прыклад.
— У нашай сельскай школе мы з дзецьмі паспяхова асвойваем камп’ютары. Школьнікі ў межах вучэбных заняткаў рэалізоўваюць вельмі цікавыя праекты. Мы іх выкладваем у сацыяльныя сеткі, каб бацькі ганарыліся сваімі дзецьмі.
— Расказваем, у якой цудоўнай краіне мы жывём. Нашы сельскія вучні не так даўно пабывалі ў Мірскім замку, у Полацку, Юравічах, Мінску — у музеі Вялікай Айчыннай вайны.
— Вучым школьнікаў сваім прыкладам. Таму мы не толькі вучым, але і выхоўваем. У нас усе адзін аднаго ведаюць і ўсе нясуць адказнасць адзін перад адным.
— Ведаеце, што такое дынастыя ў школе? Гэта згуртаванасць, адзіныя погляды на работу. Гэта дапамога, якая аказваецца адразу, гэта паразуменне і падтрымка. Прафесія настаўніка выдатная.
Уплыў дынастыі Мішаковых распаўсюджваецца на ўвесь Хізаў. Мішаковы заяўляюць: “Мы вучым і выхоўваем цэлы рэгіён”. Справа ў тым, што дзеці з сямі суседніх вёсак прыязджаюць атрымліваць адукацыю ў Хізаўскую сярэднюю школу. Дарэчы, тут добра памятаюць і паважаюць чалавека, які стаў заснавальнікам “зялёнага руху” ў Хізаве. Некалі настаўнік біялогіі, селекцыянер, а потым і дырэктар Хізаўскай школы Барыс Сямёнавіч Пладуноў вельмі многае зрабіў для аднавяскоўцаў. Ён заклаў стары мясцовы парк. Хізаўскую школу ведалі ва ўсім Савецкім Саюзе. Агародніна і садавіна, якія вырошчваліся на станцыі юных натуралістаў, дэманстраваліся на саюзных выставах.
Справу Пладунова працягваюць Мішаковы. Цяпер Хізаўская сярэдняя школа ўключана ў адукацыйны праект “Зялёныя школы”. Тут на працягу апошніх пяці гадоў педагогі фарміруюць экалагічную культуру, паглыблена знаёмяць школьнікаў з навакольным светам і прыродай. У 2021 годзе ўстанове адукацыі быў прысвоены статус “Зялёная школа”. Работа калектыву настаўнікаў і навучэнцаў у межах праекта, натхняльнікам і арганізатарам якой з’яўляецца кіраўнік рэсурснага цэнтра па экалогіі Антаніна Мішакова, мае розныя кірункі: ад энерга- і водазберажэння да інфармацыйна-экалагічных мерапрыемстваў.
— У нас працуюць экалагічныя атрады, праводзяцца факультатывы і выхаваўчыя мерапрыемствы, — расказвае дырэктар Хізаўскай школы Маргарыта Мінава. — Дзеці вывучаюць разнастайнасць дзікарослых раслін, даследуюць птушак і кузурак, вырабляюць шпакоўні і кармушкі. Таксама мы займаемся аналізам спажывання электраэнергіі, падлічваем выкарыстанае цяпло, ваду ў школе і дома, плануем іх зберажэнне. Школьнікі пад кіраўніцтвам настаўнікаў закладваюць лісце і пустазелле ў кампоставую яму, вызначаюць магчымасці мінімізацыі ўтварэння бытавых адходаў. Усім гэтым важным навыкам нашы педагогі, у тым ліку ўсе прадстаўнікі дынастыі Мішаковых, вучаць сяброў, родных і блізкіх.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара