Усе рэкі вядуць да галоўнага воднага конкурсу планеты

- 12:59Дадатковая адукацыя

З кожным годам узрастае ўвага чалавека да праблем воднага асяроддзя. Да абароны і аховы водных рэсурсаў прыцягваюцца не толькі навукоўцы і міжнародныя дзеячы, але і юныя даследчыкі і актывісты.
З 2007 года Беларусь прымае ўдзел у міжнародным фінале Стакгольмскага юніёрскага воднага конкурсу, які праходзіць пад патранажам кронпрынцэсы Швецыі Вікторыі. Зусім няшмат часу засталося да воднага конкурсу гэтага года, а гэта значыць, што ў юных даследчыкаў з Беларусі яшчэ ёсць шанс заявіць пра сябе ўсяму свету.

Вось ужо некалькі гадоў кожную вясну на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства праводзіцца нацыянальны этап Рэспубліканскага воднага юніёрскага конкурсу, пераможца якога адпраўляецца ў Стакгольм і атрымлівае магчымасць змагацца за галоўны прыз планеты — хрустальную скульптуру ў выглядзе кроплі вады і ганарар у памеры 15 тысяч долараў ЗША пераможцу і 3 тысячы яго навучальнай установе, а таксама заахвочвальны прыз — ганарар у памеры 5 тысяч долараў ЗША.
“Напачатку водны конкурс быў часткай рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў, — расказвае член журы, кандыдат біялагічных навук, педагог дадатковай адукацыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Юлія Канстанцінаўна Верас. — Аднак цікавасць да яго вырасла настолькі, што ўжо ў мінулым годзе ён прайшоў асобна і на завочным этапе сабраў каля 100 работ, з якіх 18 лепшых дайшлі да вочнага этапу.
Штогод тэматыка работ на міжнародным узроўні самая шырокая, і вызначыць, якая тэма будзе паспяховай у наступным годзе, немагчыма. Разам з тым работа, прадстаўленая ад Беларусі ў 2014 годзе, выклікала неверагодны інтарэс менавіта дзякуючы сваёй тэме”.
Павел Татур і Алена Шаўчук з сярэдняй школы № 3 Асіповіч Магілёўскай вобласці паехалі ў Стакгольм з работай, прысвечанай нітратнаму забруджванню вады. Як аказалася, у Еўропе падобная тэма не ўзнімаецца пасля таго, як яе краіны перайшлі на цэнтралізаванае водазабеспячэнне з артэзіянскіх свідравін. Аднак, на думку навукоўцаў, падобная пазіцыя нагадвае пазіцыю страуса, які, схаваўшы галаву ў пясок, быццам бы пазбаўляецца праблемы. Юныя даследчыкі з Беларусі прыйшлі да высновы, што неабходна шукаць крыніцы забруджвання вады і ліквідаваць іх.
Пры больш дэталёвым паглыбленні ў тэму навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў становіцца зразумела, што падобныя навуковыя работы ўсяго толькі вяршыня таго айсберга, а дакладней сістэмы работы, якая традыцыйна застаецца ў цені. Святлана Уладзіміраўна Зайцава, настаўніца хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 3 Асіповіч, адзначае, што гэта не першая работа яе навучэнцаў, якая была прадстаўлена на водным конкурсе ў Стакгольме. У 2009 годзе ў ім прымала ўдзел яшчэ адна яе вучаніца — Кацярына Пестава, тады ж быў створаны ўнікальны фільтр па ачыстцы вады ад злучэнняў жалеза.
Вывучэннем водных аб’ектаў — рэк, азёр, крыніц — педагог займаецца са сваімі навучэнцамі амаль 20 гадоў. А пачалося ўсё са стварэння на базе школы экалагічнага маладзёжнага аб’яднання “Дзеля жыцця на Зямлі”.
Святлана Уладзіміраўна прызнаецца, што сама з’яўляецца яго ініцыятарам: “У свой час я вучылася ў аспірантуры і не паспела абараніць кандыдацкую работу, бо прыйшлося паехаць за мужам, якога перавялі на іншае месца службы. Цяпер рэалізоўваю сябе ў рабоце з дзецьмі. Ужо сярод маіх вучняў ёсць кандыдаты хімічных навук, прафесары медыцыны”.
Самым цікавым у сваёй рабоце педагог называе загадкі прыроды. Напрыклад, не так даўно, даследуючы крыніцы ўздоўж Свіслачы, яна з дзецьмі заўважыла такую заканамернасць: калі ў адной крыніцы вада чыстая, то тая, што амаль насупраць, забруджана нітратамі і злучэннямі жалеза. Такая тэндэнцыя прасочваецца, нібыта ў шахматным парадку.
“Пакуль што мы не можам разгадаць гэтую загадку, — прызнаецца настаўніца. — Магчыма, гэта звязана з пластамі залягання аксідаў жалеза.
Яшчэ адным цікавым аб’ектам на тэрыторыі Асіповіцкага раёна з’яўляецца Лочынскае возера, якое мае ледніковае паходжанне. Цяпер там назіраецца працэс усыхання. Калі параўнаць з 2005 годам, то шырыня берагавой лініі павялічылася на 10 метраў. У 2014 годзе мы даследавалі ўсе рэкі Асіповіцкага рэгіёна на ўтрыманне нітратаў, нітрытаў, сульфатаў, хларыдаў, вызначалі PH, часовую і пастаянную жорсткасць вады. Прыйшлі да высновы, што не столькі на нашай тэрыторыі забруджана Бярэзіна і Свіслач, колькі рэчка Сіняя, якая працякае толькі па тэрыторыі раёна. Чаму яна забруджана? Прычын некалькі. Па-першае, ідзе змыў з палёў, а тут тарфяністая глеба. Па-другое, выпас жывёлы, пры якім людзі не прытрымліваюцца норм прыбярэжнай і прыродаахоўнай палос. Ну і, натуральна, прычына ў забруджанасці месцаў адпачынку ўздоўж рэк”.
У аснову работы Паўла і Алены лягло даследаванне вады мясцовых калодзежаў. Навучэнцы не проста выяўлялі асноўныя прычыны забруджвання калодзежнай вады, а пры падтрымцы мясцовых жыхароў правялі акцыю па іх ліквідацыі. У прыватнасці, былі пераканструяваны самі калодзежы, а таксама надворныя прыбіральні.
“На мясцовым узроўні насельніцтву паведамілі, што можна аб’яднаць некалькі падвор’яў і зрабіць глыбакаводныя свідравіны, але ў раёне не знайшлося сродкаў на рэалізацыю гэтай ідэі, — тлумачыць Святлана Уладзіміраўна. — Таму мясцовыя жыхары з радасцю падтрымалі нашу ініцыятыву і потым разам з намі назіралі, якое ўтрыманне нітратаў было ў вадзе да правядзення аперацыі, а якое пасля. Мы праводзілі даследаванні і летам, і восенню, і зімой, параўноўваючы вынікі. Дзеці вырошчвалі сельскагаспадарчыя культуры на кампосных падкормках, якія былі скарыстаны пасля ачысткі прыбіральняў. Высветлілася, што ў такім выпадку ўтрыманне нітратаў у культурах меншае, чым пры іншых падкормках. Усе гэтыя даследаванні ўвайшлі ў работу, якая была прадстаўлена на водным конкурсе ў Стакгольме”.
“Я сам жыву на прыватным падвор’і, — адзначае Павел Татур, — і для мяне шлях у свет даследаванняў пачаўся са знаёмства з уласным калодзежам. У 8 класе Святлана Уладзіміраўна прапанавала нам правесці маніторынг калодзежнай вады, з таго часу гэтая тэма мяне захапіла. Калі мы працавалі над праектам для міжнароднага конкурсу, было цікава праводзіць практычныя даследаванні, знаёміцца з новымі людзьмі. Мне здаецца, якасць вады павінна непакоіць кожнага”.
Сёлета Алена Шаўчук і Павел Татур зноў збіраюцца пакарыць “водную вяршыню” з новым праектам, дзеля якога яны даследавалі 21 раку і 3 каналы на тэрыторыі Асіповіцкага раёна. Аднак для гэтага ім яшчэ давядзецца прайсці нацыянальны адбор.
“У мінулым годзе мы былі гатовы да англамоўнай абароны, — усміхаецца Алена. — Тэкст выступлення падрыхтавалі загадзя, а калі нейкія пытанні былі незразумелыя, нам дапамагала Юлія Канстанцінаўна Верас. Выдатны конкурс, усе вельмі дружалюбныя, мы не адчувалі ніякага саперніцтва. Важна, што мелі час пазнаёміцца і з іншымі конкурснымі работамі. Памятаю, як мяне ўразіў хлопец з Украіны, які прывёз на конкурс вялізны чамадан. Ён і бацька разам стварылі сваімі рукамі апарат для ачысткі вады. Пераможцай конкурсу стала дзяўчына з Канады, якая прыдумала новы спосаб ачысткі вады ад нафты. Дарэчы, яна працуе ва ўласнай лабараторыі, яе праект сапраўды ноу-хау ў водным свеце”.
Беларускія спецыялісты, якія ўжо некалькі гадоў дапамагаюць юным даследчыкам рыхтавацца да міжнароднага конкурсу на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, адзначаюць, што нярэдка патэнцыяльным удзельнікам даводзіцца дапамагаць пазбаўляцца ад моўнага бар’ера. Сам жа ўзровень работ членаў журы з кожным годам радуе. Адабраўшы работы на нацыянальным этапе, журы ператвараецца ў каманду кансультантаў, якія дапамагаюць правільна расставіць акцэнты ў даследчай рабоце, больш дакладна сфармуляваць мэты і задачы і інш.
Зусім хутка юныя даследчыкі водных рэсурсаў уступяць у цікавую барацьбу, якая і вызначыць наступнага ўдзельніка міжнароднага фіналу. А пакуль што шанс ёсць у кожнага. Для ўдзелу ў конкурсе навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, дадатковай адукацыі павінна быць ад 13 да 20 гадоў і яны павінны з’яўляцца аўтарамі і выканаўцамі навуковых даследаванняў, тэхнічных вынаходніцтваў, распрацаваных новых методык, а таксама сацыяльных праектаў, якія накіраваны на вывучэнне водных рэсурсаў рэгіёна любога маштабу, папярэджанне забруджвання воднага асяроддзя і паляпшэння яго якасці, рацыянальнага водакарыстання на любым узроўні: ад маленькага гарадка да цэлай краіны. Больш дакладную інфармацыю шукайце на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Наталля АЛЁХІНА.