Усе супраць адной…

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

23 красавіка ў Францыі прайшоў першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Ён быў незвычайны адразу па трох прычынах — упершыню дзеючы прэзідэнт, які мае права паўторна балатавацца, у выбарах не ўдзельнічаў, па-другое, да канца падліку галасоў не было канчаткова зразумела, хто з кандыдатаў выйдзе ў другі тур. І, нарэшце, прадстаўнікі дзвюх асноўных партый у французскай палітыцы — сацыялістаў і рэспубліканцаў — у фінале прадстаўлены не будуць.

Ужо задоўга да выбараў частка традыцыйнага электарату Сацыялістычнай партыі пачала сыходзіць да Жан-Люка Меланшона, лідара Левай партыі, якая актыўна супрацоўнічае з камуністамі і трацкістамі. У выніку Меланшон, якому ў 2012 годзе аддалі свае галасы 11,1% выбаршчыкаў, зараз атрымаў 19,6. У рэспубліканцаў кампанія разгарнулася не менш бурная. За магчымасць стаць кандыдатам змагаліся былы прэзідэнт Сарказі і былыя прэм’ер-міністры Франсуа Фіён і Ален Жупэ. Па выніках выбраны быў самы няўдалы з варыянтаў — Фіён. Першапачаткова яго шансы былі вельмі нядрэнныя — ён лічыўся фаварытам. Але ў выніку ў Фіёна не аказалася ні прывабнасці Сарказі, ні бездакорнай рэпутацыі Жупэ. Безумоўна, 20,01% гэта дастойны вынік, але не дастатковы.

Асноўнай інтрыгай стала пытанне пра тое, ці ўдасца лідару Нацыянальнага фронту Марын Ле Пен выйсці ў другі тур. Зімой апытанні давалі Ле Пен да 30% галасоў у першым туры. Аднак паступова падтрымка пачала зніжацца. У выніку Ле Пен набрала 21,3% галасоў і выйшла ў другі тур, крыху апярэдзіўшы Франсуа Фіёна. Ле Пен і Маланшон з розных пазіцый, але аднолькава радыкальна настроены супраць знаходжання краіны як у ЕС, так і ў НАТА.

Лідарам першага тура аказаўся малады (яму 39 гадоў) палітык Эмануэль Макрон, лідар руху “Наперад!”. У палітыку ён прыйшоў нядаўна — у 2012 годзе стаў намеснікам генеральнага сакратара Сацыялістычнай партыі, а ў 2014 — міністрам эканомікі, прамысловасці і лічбавых спраў. Да гэтага працаваў у Міністэрстве эканомікі інспектарам, а потым стаў адным з самых паспяховых інвестыцыйных банкіраў Францыі. У 2016 одзе Макрон, бачачы патэнцыяльны правал сацыялістаў на выбарах і маючы пэўныя рознагалоссі з кіраўніцтвам партыі, заснаваў уласны рух, цэнтрысцкі па ідэалогіі, і выйшаў з урада, адразу заявіўшы аб прэзідэнцкіх амбіцыях.

Макрон — еўрафіл і перакананы атлантыст. У знешняй палітыцы з’яўляецца еўрапейскім федэралістам, не падтрымлівае прызнанне дзяржавы Палесціны, жорсткі прыхільнік барацьбы з тэрарызмам. У эканоміцы — рыначнік. Прыхільнік палітыкі адчыненых дзвярэй для імігрантаў, падтрымлівае павелічэнне фінансавання спецслужбаў, арміі і паліцыі. Выступае за абмежаванне замежных інвестыцый, падтрымлівае гандлёвае пагадненне паміж ЕС і Канадай. Перадвыбарная праграма Макрона змяшчае элементы як левыя (павелічэнне мінімальнага акладу і рост зарплат работнікаў з нізкімі даходамі, пашырэнне паслуг, якія аплачваюцца абавязковай медыцынскай страхоўкай, павелічэнне колькасці настаўнікаў і супрацоўнікаў паліцыі, інвестыцыі ў сельскую гаспадарку), так і правыя (лібералізацыя рынку працы, адмена пенсійных ільгот для дзяржслужачых, зніжэнне падатку для найбольш забяспечаных грамадзян, скасаванне 120 тысяч рабочых месцаў у бюджэтным сектары, паслядоўнае зніжэнне дэфіцыту дзяржбюджэту ў адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрасаюза).

У выніку за Эмануэля Макрона аддалі свае галасы 24% выбаршчыкаў. Практычна адразу пасля падвядзення вынікаў першага тура Франсуа Фіён, Жан-Люк Меланшон, Бенуа Амон і некалькі іншых кандыдатаў, якія набралі ў сукупнасці менш за 9% галасоў, заклікалі сваіх выбаршчыкаў падтрымаць у час другога тура менавіта яго, у процівагу Марын Ле Пен. Палітычная эліта Францыі, як і ў 2002 годзе, аб’ядналася перад пагрозай з’яўлення ў Елісейскім палацы лідара Нацыянальнага фронту (тады балатаваўся бацька Марын). Зразумела, заклікі лідараў будуць пачуты далёка не ўсімі прыхільнікамі. Так, па апытаннях грамадскай думкі каля трэці тых, хто галасаваў за Фіёна, аддадуць свой голас ужо лідару Нацыянальнага фронту. Тым не менш пакуль, па ацэнках экспертаў, Макрону практычна гарантавана перамога з суадносінамі прыблізна 60 на 40. Калі гэта здзейсніцца, то ён стане самым маладым прэзідэнтам Францыі за ўвесь час існавання гэтай пасады.

Калі другі тур, як і мяркуецца, застанецца за Макронам, цяперашняя палітыка Францыі на міжнароднай арэне застанецца нязменнай. Асноўныя баталіі разгорнуцца перш за ўсё адносна палітыкі ўнутранай, і іх характар будзе залежаць ужо ад раскладу сіл у парламенце.

Алег ВЯРЦІНСКІ.