“Усе змены пойдуць ад Канстытуцыі, а не ад майдана”

- 12:35Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі найбуйнейшых СМІ заявіў, што добра ставіцца да наяўнасці альтэрнатыўных пунктаў гледжання.

“Большасць з 250 чалавек у зале — людзі дзяржаўныя, хоць у вас своеасаблівае мысленне. Гэта дакладна. Тое, што ў вас на той ці іншы факт можа быць рознае меркаванне — гэта таксама нармальна, я гэта добра ўспрымаю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, на ўзроўні прэзідэнта выпрацавана дакладнае патрабаванне, што пры падрыхтоўцы любога мерапрыемства абавязкова ўлічваюцца розныя пункты гледжання. “Абавязкова альтэрнатыва, абавязкова канкурэнцыя, сутыкненне меркаванняў, мазгавая атака — усё гэта правільна”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў асобных масмедыя апошнім часам сталі з’яўляцца розныя канспіралагічныя тэорыі наконт таго, чаму кіраўнік дзяржавы праводзіць сустрэчы з актывамі. “Нібыта нешта надзвычайнае адбываецца, і таму прэзідэнту даводзіцца рэагаваць, як пажарнаму, — сказаў ён. — Дык вось: няма ніякай надзвычайшчыны”.

Прэзідэнт адзначыў, што сустракаецца з прадстаўнікамі СМІ, каб растлумачыць асобныя аспекты ўнутранай і знешняй палітыкі, пракаменціраваць падзеі, якія адбываюцца, адказаць на актуальныя пытанні, што хвалююць журналістаў і іх аўдыторыю. “Мы павінны адкрыта з вамі пагаварыць па тых пытаннях, перш за ўсё, якія хвалююць вас”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўне­насць, што для рынку масмедыя важным фактарам з’яўляецца наяўнасць дзяржаўных СМІ, і ў Беларусі, як запэўніў прэзідэнт, іх колькасць скарачацца не будзе. Работа Міністэрства інфармацыі на чале з нядаўна назначаным міністрам будзе нацэлена на падтрымку такіх СМІ.

Прэзідэнт падкрэсліў: наяўнасць свабоды слова не прадугледжвае ўсёдазволенасці, хоць некаторыя яе так разумеюць, асабліва што датычыцца выказванняў у сетцы інтэрнэт. Некаторыя медыйныя персоны за свае публікацыі ў сацсетках атрымалі негатыўную рэакцыю, аж да асабістай знявагі. “Вы, асабліва прагрэ­сіўна настроеныя людзі, адчулі, што такое свабода слова: сказаў не тое, абзавуць яшчэ мацней… — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Кожны з вас атрымаў порцыю (негатыву. — Заўвага БелТА.), той, хто нават не за Лукашэнку слова сказаў, а за дзяржаву”.

“Свабода слова ў любой дзяржаве абмежавана законам. Таму тут мы навядзём парадак”, — запэўніў прэзідэнт.

Сустрэча прэзідэнта з прадстаўнікамі СМІ прадаўжалася амаль шэсць гадзін. Кіраўнік дзяржавы падрабязна расказаў аб сучасным этапе развіцця краіны, выкліках, якія ўзнікаюць, міжнародным супрацоўніцтве і сітуацыі ў свеце. Закраналася і тэма супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

Работнікі медыя і запрошаныя эксперты таксама мелі магчымасць задаць Аляксандру Лукашэнку пытанні, на якія ён падрабязна адказаў. Яны датычыліся як непасрэдна работы СМІ ў розных сегментах, так і больш шырокіх тэм, такіх як маладзёжная палітыка, інтэграцыйныя працэсы, пытанні захавання суверэнітэту і незалежнасці краіны.

“Трэба прызнаць, што такога націску, як у гэтыя дні, Беларусь не адчувала за ўвесь час свайго незалежнага развіцця. Усё сплялося ў адзін вузел”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо налічыў каля пяці пандэмій. Гэта не толькі непасрэдна медыцынская, але і, напрыклад, вуглевадародная ў канцы мінулага — пачатку бягучага года, “пандэмія” эканамічная і яе наступствы, інфапандэмія. Усё гэта пераплялося і наклалася ў тым ліку на палітычныя падзеі ў Беларусі.

Прэзідэнт выказаўся на карысць развіцця краіны на базе таго, што ўжо дасягнута, і су­праць радыкальных рэформ. “Мы ў сярэдзіне 1990-х адышлі ад таго, што цяпер нам прапануюць. Нам нават прапануюць вярнуцца ў 1994 год (што вельмі дзіўна) і ўзяць тую Канстытуцыю, якая была, — сказаў ён. — Вось чаго ні ў якім разе рабіць нельга — гэта вяртацца ў сярэдзіну 1990-х і браць тую Канстытуцыю, ад якой мы адышлі. Канстытуцыя — гэта асноўны збор. Гэта дакумент, які задае напрамак развіцця той ці іншай дзяржаве. Таму калі мы гаворым пра рэформы, “змены”, то гэта трэба пісаць перш за ўсё ў Канстытуцыі і развіваць у законах”.

У якасці прыкладу прэзідэнт таксама прывёў прапановы тых, хто выступае за рыначныя рэформы, значнае скарачэнне на некаторых прадпрыемствах колькасці работнікаў, якія нібыта змогуць стаць “рэзервам для айцішнікаў”. “Я гэта прачытаў напярэдадні наведвання Мінскага трактарнага завода, стаю перад людзьмі, гляджу на гэтыя вялікія рукі і думаю: божа мой, ён усё жыццё круціў гайкі, калупаўся ў трансмісіі, рухавіку, а заўтра яго ў 50—60 гадоў выкінуць на вуліцу і ён стане “рэзервам для айцішнікаў”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

“Удасканальваючы, мы павінны пачынаць з Канстытуцыі. Калі пачнём з майдана, мы перакрэслім сваю гісторыю. І талерантнасць наша, і памяркоўнасць — усё пойдзе прахам. Таму мы павінны зрабіць новую Канстытуцыю. Так, мінула шмат часу, патрэбны пэўныя змяненні. Праўда, вы мне скажаце, якія патрэбны вам змяненні”, — сказаў беларускі лідар.

Разважаючы на гэтую тэму, ён адзначыў, што падыходы і прапановы могуць быць рознымі, уклю­чаючы пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў. “Толькі трэба пры гэтым разумець, што трэба за гэта будзе адказваць, па-першае. А па-другое, не дапусціць сутыкнення галін улады. Я ж праз гэта прайшоў”, — заўважыў Аляксандр Лукашэн­ка.

“Мы ад гэтага адышлі. Таму трэба ўзяць галаву ў рукі і, ствараючы новую Канстытуцыю, добра зразумець, чаго мы хочам, якая павінна быць наша краіна. Я гатовы на ўсё. Толькі не страціць суверэнітэт і незалежнасць. Таму вам вырашаць. І ўсе змены пойдуць ад Канстытуцыі, а не ад майдана. І я пастараюся зрабіць усё, каб гэтага майдана не было”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Выступаючы на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі найбуйнейшых СМІ, міністр інфармацыі Ігар Луцкі адзначыў, што неабходна зрабіць тэлебачанне інстытутам абмеркавання і вырашэння сацыяльных пытанняў, якія хвалююць людзей.

Міністр падкрэсліў важнасць мерапрыемства. “І не толькі таму, што на фоне палітычных падзей, выбарнай кампаніі мы апынуліся ў сітуацыі вельмі вострага інфармацыйнага супрацьстаяння з апанентамі і відавочнымі ворагамі беларускай дзяржавы, але і з-за таго, што нам, думаючы аб будучыні, пара дакладна вызначыцца са стратэгіяй дзяржсектара масавай інфармацыі, з асноўнымі вектарамі прымянення нашых сіл і сродкаў”, — сказаў ён.

Паводле слоў Ігара Луцкага, для дзяржавы дамінуючым і вельмі эфектыўным каналам данясення інфармацыі да грамадскасці з’яўляецца тэлебачанне. “Грамадска-палітычнага вяшчання ў нас на дзяржаўным тэлебачанні цалкам дастаткова. Так, патрабуецца паляпшаць якасць перадач, патрабуецца большая разнастайнасць экспертных меркаванняў. Мы гэта бачым. Але не адным грамадска-палітычным вяшчаннем жыве тэлебачанне. Сёння востра неабходна накіра­ваць рэзервы, патэнцыял, магчымасці тэлеканалаў на стварэнне якаснага сацыяльна арыентаванага і забаўляльнага кантэнту”, — падкрэсліў міністр.

Ён лічыць, што трэба ствараць перадачы, дзе ў розных фарматах (ток-шоу, журналісцкія расследаванні) абмяркоўваюцца праблемы, якія хвалююць людзей. “Шмат ёсць пытанняў, якія можна і трэба абмяркоўваць у публічнай прасторы. Нашы суседзі — расіяне, украінцы — актыўна гэта робяць. Мы, беларусы, магчыма, менш схільныя гаварыць на ўвесь свет пра бытавыя, здавалася б, праблемы, пра асабістае. Але ж, як казалі яшчэ ў савецкі час, быт заядае чалавека, і ў выніку гэты быт фарміруе светапогляд, уплывае на настроі ў грамадстве, — растлумачыў Ігар Луцкі. — Давайце ж зробім ТБ інстытутам абмеркавання і вырашэння сацыяльных пытанняў, прычым розных, але галоўнае — тых, што хвалююць людзей. Пакуль гэта робіцца, на мой погляд, недастаткова”.

Ён таксама падкрэсліў неабходнасць удасканалення работы тэлеканалаў у інтэрнэце і канцэнтравання сродкаў на гэтым напрамку. У сувязі з гэтым міністр лічыць мэтазгодным аператыўна вырашыць пытанне аб функцыянаванні інтэрнэт-сайта навін Белтэлерадыёкампаніі без прывязкі да праекта стварэння ТБ-канала навін.